Выпускнікамі Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта з’яўляюцца 57 святых, 27 благаслаўлёных, 16 Рымскіх Пантыфікаў, 36 працэнтаў членаў Калегіі кардыналаў і 24 працэнты каталіцкіх біскупаў у свеце.
З нагоды візіту Францішка ў гэты самы старажытны папскі ўніверсітэт у Рыме, які адбыўся 5 лістапада 2024 года, рэктар навучальнай установы, амерыканскі езуіт, айцец Марк Льюіс, падзяліўся некаторымі статыстычнымі і гістарычнымі данымі.
Святар нагадаў у адмысловым камюніке, што вытокі Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта звязаны з ініцыятывай Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Таварыства Езуса. У 1551 годзе гэты іспанскі святы стварыў у Вечным горадзе Рымскі калегіум – навучальную ўстанову, пакліканую служыць усяму Паўсюднаму Касцёлу, у сувязі з чым яна атрымала неафіцыйную назву Universitas omnium Nationum – Універсітэт усіх народаў.
Праз 33 гады пасля заснавання Папа Грыгорый ХІІІ падарыў калегіуму новы будынак і фінансавыя сродкі для прыняцця каля тысячы студэнтаў. Новыя структуры дазволілі значна пашырыць колькасць навук, якія выкладаліся ў гэтай навучальнай установе.
У памяць пра шчодры жэст Грыгорыя ХІІІ, у 1873 годзе Рымскі калегіум быў перайменаваны ў Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт. У 1930 годзе ўстанова пераехала ў новую сядзібу на Пьяца Пілота, на якой знаходзіцца да сённяшняга дня. Установа працягвае захоўваць моцную сувязь з былым калегіумам, будучы ўкаранёным на ігнацыянскай духоўнасці і служачы Касцёлу ў розных частках свету.
На цяперашні час у езуіцкім універсітэце вучацца 2952 студэнты са 121 краіны свету. 50 працэнтаў навучэнцаў паходзіць з Еўропы, 15 працэнтаў – з Лацінскай Амерыкі, па 11 працэнтаў з Паўночнай Амерыкі, Афрыкі і Азіі і 2 працэнты студэнтаў з Аўстраліі.
Інтэлектуальную і душпастырскую падрыхтоўку ў навучальнай установе атрымліваюць як святары, так і манахі і свецкія вернікі. Колькасць дыяцэзіяльнага і манаскага духавенства складае 40 працэнтаў навучэнцаў, семінарыстаў – 30 працэнтаў, свецкіх – 22 працэнты, а манахінь – 8 працэнтаў.
Выпускнікамі Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта з’яўляюцца 57 святых, 27 благаслаўлёных, 16 Рымскіх Пантыфікаў, 36 працэнтаў членаў Калегіі кардыналаў і 24 працэнты каталіцкіх біскупаў у свеце.
Універсітэт мае факультэты тэалогіі, кананічнага права, філасофіі, гісторыі і культурнай спадчыны Касцёла, сацыяльных навук, інстытуты псіхалогіі і антрапалогіі, а таксама спецыялізаваныя цэнтры па вывучэнні юдэйскай культуры, міжрэлігійнага дыялогу, ігнацыянскай духоўнасці і падрыхтоўцы фарматараў для святарства і кансэкраванага жыцця.
19 мая 2024 года Францішак канчаткова ўключыў у структуру Грыгарыянскага ўніверсітэта яшчэ дзве ўстановы, які дзейнічаюць пад кіраўніцтвам ордэна езуітаў: Папскі біблійны інстытут і Папскі ўсходні інстытут.
На фота – студэнты Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта. (Vatican Media)