24 кастрычніка 2024 г. Папа Францішак апублікаваў сваю чацвёртую энцыкліку «Dilexit nos» («Палюбіў нас»), якая прысвечана тэме чалавечай і боскай любові, увасобленай у Найсвяцейшым Сэрцы Езуса. Апублікаваная ў свеце, які пакутуе ад вайны, сацыяльна-эканамічнай няроўнасці, бескантрольнага спажывецтва і тэхналогій, што пагражаюць разладзіць чалавечую прыроду, энцыкліка заклікае зноў скіраваць увагу на Сэрца Хрыста як сімвал спачування і духоўнага аздараўлення.
Напісанне і публікацыя Dilexit nos супадае з 350-годдзем першага аб’яўлення Найсвяцейшага Сэрца святой Маргарыце Марыі Алакок у 1673 г. Наш Пан адкрыў французскай манахіні ахопленае полымем і абвітае цернем Сэрца – сімвал Ягонай любові да чалавецтва, якая не зважае на раны, нанесеныя грахом. Аб’яўленні адбыліся ў кляштары Парэ-ле-Маніяль у Бургундыі на ўсходзе Францыі.
Аб’яўленні глыбока звязаны з Таварыствам Езуса, таму што святы Клод дэ Ла Каламб’ер, французскі езуіт, служыў духоўным кіраўніком святой Маргарыты Марыі Алакок і адыграў асаблівую ролю ў развіцці разумення набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца і яго значэння ў святле Евангелля.
У энцыкліцы Папа Францішак падкрэслівае месца Найсвяцейшага Сэрца ў гісторыі Таварыства. Ён адзначае, што «духоўнасць Таварыства Езуса заўсёды запрашала імкнуцца да «глыбокага пазнання Пана, каб больш любіць Яго і ісці за Ім» (Dilexit nos, 144), а святы Ігнацый прапанаваў рэкалектантам «увайсці ў сэрца Хрыста», калі падчас духоўных практыкаванняў яны сузіраюць прабіты бок укрыжаванага Пана.
Папа Францішак прасочвае незвычайную пераемнасць езуітаў, якія цягам стагоддзяў наўпрост казалі пра Сэрца Езуса: святыя Францішак Борджа, Пётр Фабэр, Альфонс Радрыгес, айцец Альварэс дэ Пас, айцец Вінцэнт Карафа, айцец Каспер Дружбіцкі і іншыя.
Таварыства Езуса працягнула гэтую місію пашырэння культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса, абвясціўшы падчас сваёй 33-й Генеральнай Кангрэгацыі, што «з духам, перапоўненым радасцю і ўдзячнасцю, прымае і бярэ лёгкі цяжар, які Пан наш Езус Хрыстус даручыў яму, каб практыкаваць, заахвочваць і распаўсюджваць набажэнства да Яго Найсвяцейшага Сэрца».
Пацвярджаючы гэту адданасць, айцец Пітэр Ян Бэккс прысвяціў Таварыства Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса ў верасні 1871 г. Айцец Пэдра Арупэ аднавіў гэтае пасвячэнне ў 1972 г., а зусім нядаўна айцец Артура Соса зноў аднавіў гэтае пасвячэнне ў верасні 2024 г. у Парэ-ле-Маніяль, падчас свайго візіту ў франкамоўную заходнееўрапейскую правінцыю.
Перад Dilexit nos Папа Францішак выдаў тры іншыя энцыклікі: Lumen fidei (29 чэрвеня 2013 г.), Laudato si’ (24 мая 2015 г.) аб навакольным асяроддзі і Fratelli tutti (3 кастрычніка 2020 г.), якая заклікае да глабальнай салідарнасці і братэрства ў раздробленым свеце. Dilexit nos развівае гэтую траекторыю, заклікаючы свет нанова адкрыць для сябе любоў як стрыжань духоўнага і грамадскага абнаўлення.