У мінулы раз у гэтай рубрыцы мы разважалі над выразам “Валадарства Божае” (або “Валадарства Нябеснае”, паводле евангеліста Мацвея), які займае цэнтральнае месца ў прапаведаванні Езуса. Працягнем паглыбляцца ў значэнне словаў, каторыя мы кожны раз паўтараем у малітве “Ойча наш”.
Нагадаю, што ў папярэднім артыкуле гаворка ішла пра кантраст паміж палітычнымі чаканнямі юдэяў наконт усталявання незалежнага “валадарства” Ізраэля і новым бачаннем Божай рэчаіснасці сярод людзей, якую прапаведаваў Хрыстус. Гэта навізна датычыла перш за ўсё Асобы самога Езуса ў нашым свеце і павінна была весці да глыбокай духоўнай перамены чалавека. Хрыстус, Валадар Сусвету, праз ахвярную любоў гатовы дзяліцца сваёй жыццядайнай уладай з кожным, хто будзе супрацоўнічаць у будаванні Божага Валадарства.
Чаму ў прыпавесцях?
Пан Езус найчасцей навучаў пра Валадарства не наўпрост, а праз вобразы, прыпавесці, гісторыі. Варта затрымацца над гэтым фактам: алегарычныя вобразы прымушаюць нас не проста чакаць гатовых рацыянальных адказаў, а самім уключыцца ў працэс інтэрпрэтацыі, засвоіць паставу маўклівага сузірання і павагі да Таямніцы, якая нас акружае і якой прасякнутыя мы самі. Таямніца Божага Валадарства недаступная нашаму звычайнаму ўспрыманню, бо закранае тайну самога Бога, а думаць, што мы зразумелі Божую сутнасць, – і недарэчна, і вельмі небяспечна. Аднак Пан, Стваральнік усяго, жадае адкрыць сябе і сваю задуму нам, сваім дзецям, калі мы з пакорай і чыстым сэрцам шукаем Яго.
У Евангеллях, паводле розных падлікаў, знаходзім як мінімум 20, а то і 30 прыпавесцяў. Выкарыстоўваючы вобразы і алегорыі, часам Езус наўпрост узгадвае Валадарства, часам жа гэта зразумела з кантэксту. Некаторыя з прыпавесцяў вельмі кароткія (напрыклад, вобраз закваскі займае ўсяго адзін верш), некаторыя – вельмі падрабязныя (як аповед пра міласэрнага айца і двух сыноў). Розныя прыпавесці падкрэсліваюць розныя рысы Божага дзеяння адносна нас, Ягоных дзяцей, і нашага адказу на Божае запрашэнне, таму іх немагчыма прывесці да агульнага назоўніка. Можна паспрабаваць іх “класіфікаваць”, падзяляючы, напрыклад, на тыя, што выкарыстоўваюць вобразы прыроды (прыпавесці пра зерне, пра розныя віды глебы, пра каласоўнік); сітуацыі, звязаныя з гаспадарчай рэчаіснасцю (таленты, схаваны скарб, згубленая авечка і манета, рыба ў нераце, слугі ў вінаградніку); кажуць пра характар адносінаў паміж людзьмі (марнатраўны сын, бязлітасны слуга, гвалтоўныя вінаградары, добры самаранін, няправедны эканом)… Канешне, кожную з прыпавесцяў варта разглядаць асобна, каб спасцігнуць, што Пан Езус хоча нам сказаць.
Божае Валадарства ў цэнтры жыцця
Хоць Нябесны Настаўнік звяртаецца да вобразаў, блізкіх да штодзённай рэчаіснасці Яго слухачоў, вельмі часта яны заключаюць у сабе парадокс, нечаканы фінал, які здзіўляе і пераварочвае наша звычайнае ўяўленне: слугі, каторыя працавалі ўвесь дзень у вінаградніку, атрымліваюць тую ж плату, што і працаўнікі апошняй гадзіны; эканома, які несправядліва кіруе маёмасцю, хваліць гаспадар… У такім выпадку ўзгадваюцца словы Пана праз прарока: “Мае думкі – не вашыя думкі…” (Іс 55, 8). У любым выпадку, кожная прыпавесць Езуса запрашае да сузірання Бога ў цэнтры ўсёй нашай рэчаіснасці, да ўсведамлення той таямнічай прысутнасці, якая, хоць і схаваная ад звычайнага зроку, аднак у канчатковым выніку акрэслівае ўсё. “Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай”, – кажа Хрыстус (Мц 6, 33).
Валадарства, пра якое просім: “Прыйдзі!”, звяртаючыся да нашага Нябеснага Таты, – абсалютны прыярытэт для Божых дзяцей. Гэтай праўдзе Божы Сын прысвячае дзве кароткія прыпавесці – пра скарб, схаваны ў полі, і пра каштоўную пярліну (Мц 13, 44-46). Валадарства Божае не можа быць «адной з многіх» рэчаў у нашым жыцці. Яно не можа быць проста «прыправай» для ўсяго іншага. Гаворка нават не пра тое, каб «паставіць Бога на першае месца», бо ў рэшце рэшт гэтага «першага» месца будзе заўсёды замала. У аповесці Поля Янга «Хаціна» Асобы Святой Тройцы такім чынам тлумачаць галоўнаму герою Макэнзі сітуацыю з вызначэннем прыярытэтаў: «Калі ты паставіш Бога наверсе, што гэта будзе азначаць на самай справе і ў якой ступені будзе дастаткова?.. Я не хачу атрымаць толькі частку цябе ці частку твайго жыцця… Я не хачу быць першым у спісе тваіх каштоўнасцяў, я хачу быць у цэнтры ўсяго».
Валадарства Божае ў рэчаіснасці нашага жыцця, наш асабісты запавет з Богам ахоплівае ўсе яго вымярэнні, а не абмяжоўваецца нейкай адной – «рэлігійнай» ці «духоўнай» – сферай. Хіба гэта гучыць дзіўна, калі мы верым, што Бог – наш Творца і Збаўца «на ўсе 100%», а не часткова – на 20, 50 ці нават 99%, і што гаворка не пра нейкі абавязак, «навязаны» нам звонку, а пра тое, каб знайсці сапраўдны сэнс і паўнату нашага жыцця?
Радасць і прыгажосць – рысы прыналежнасці да Божага Валадарства
Цікава, што Пан Езус, навучаючы ў прыпавесці пра скарб Валадарства, падкрэслівае радасць, якую адчуваю чалавек, калі знаходзіць яго (Мц 13, 44). Св. Павел услед за Панам кажа пра радасць у Духу Святым як вымярэнне Божага Валадарства: «Валадарства Божае – гэта не ежа і піццё, але справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым» (Рым 14, 17). Святы Ігнацый Лаёла, успамін якога адзначаем у апошні дзень ліпеня, у правілах распазнавання розных духоўных рухаў удакладняе, што спакуснік можа прапанаваць чалавеку і «падробку», фальшывую радасць, якую нібыта мы можам атрымаць ад нейкага хуткага задавальнення, але што ў даўжэйшай перспектыве прыносіць расчараванне і сум.
Папа Францішак у сваім навучанні часта нагадвае пра радасць, якая адзначае вучняў Хрыста: сваю першую апостальскую адгартацыю ён назваў «Радасць Евангелля», а пазней звярнуўся да вернікаў з іншым пасланнем пра пакліканне да святасці – «Радуйцеся і весяліцеся».
Ці будзе радасць прысутнічаць у жыцці – справа нашага выбару. Ад кожнага з нас залежыць, ці пойдзем мы насустрач таму, што яе прыносіць, ці будзем імкнуцца да сапраўднай прыгажосці, якая адзначае вучняў Езуса, шчодрых у сваім адказе на Ягоны заклік. Толькі калі мы будзем памятаць пра каштоўнасць таго дару, які атрымалі праз веру, калі будзем мець досвед радасці ў Духу Святым, у нас будзе жывым і гарачым імкненне падпарадкаваць усе вымярэнні нашага жыцця славе Божага Валадарства.
У наступны раз мы працягнем разважаць над тым, што праз прыпавесці Пан Езус хоча сказаць нам пра таямніцу Валадарства.
Віктар Жук SJ
Крыніца: https://catholicnews.by/biblijny-leksikon-valadarstva-bozhae-pracjag/