Сёння апоўдні, 12 верасня 2024 г., Святы Айцец Францішак прызначыў новага біскупа ў Расійскай Федэрацыі. Дапаможным біскупам дыяцэзіі Перамянення Пана ў Новасібірску стане айцец Штэфан Ліпке SJ, член Велікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса. Яго тытульнай сталіцай будзе Арэна (сталіца гістарычнай дыяцэзіі ў Рымскай імперыі ў правінцыі Маўрэтанія Цэзарэнсіс, ліквідаванай у VII стагоддзі падчас ісламскай экспансіі, у цяперашні час гэта поўнач Алжыра). Дата біскупскага пасвячэння будзе запланавана такім чынам, каб айцец Штэфан паспеў завяршыць свае абавязкі ў Маскве.

Езуіты запэўніваюць айца Штэфана ў сваёй салідарнасці і суправаджаюць яго малітвай.

Айцец Штэфан Ліпке SJ нарадзіўся 31 снежня 1975 г. у Эсэне, Германія. Курс філасофіі і тэалогіі скончыў у Бонскім універсітэце ў 2000 г. Біскупам Фрыдхельмам Хофманам быў пасвячаны на дыякана 10 чэрвеня 2001 г. у Хільдэне, а 7 чэрвеня 2002 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Кёльне праз кардынала Ёахіма Майснера. 24 верасня 2006 г. уступіў у навіцыят Таварыства Езуса ў Нюрнбергу як святар, а 14 верасня 2008 г. склаў першыя манаскія абяцанні. У 2008-2011 гг. працаваў у Мюнхене, выкладаючы катэхізіс для дарослых, якія рыхтаваліся да хросту. У 2011 годзе пасланы ў Расію. Працаваў спачатку ў Томску, дзе выкладаў у каталіцкай гімназіі і выконваў абавязкі пробашча ў парафіі Маці Божая Каралева Святога Ружанца ў 2014-2017 гг. У 2017 годзе атрымаў ступень магістра рускай літаратуры на філалагічным факультэце Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расія). Пасля заканчэння вучобы, у 2017-2018 гадах, прайшоў апошні этап манаскай фармацыі, т.зв. трэцюю прабацыю. Затым, у 2018 г., стаў дырэктарам Інстытута св. Тамаша ў Маскве і галоўным рэдактарам часопіса «Символ». Ён таксама быў прызначаны саветнікам настаяцеля Незалежнага Расійскага рэгіёна. 19 мая 2019 года ў Варшаве Фаленіцы ён склаў свае ўрачыстыя манаскія абяцанні перад айцом Артура Соса SJ, генеральным настаяцелем Таварыства Езуса. З моманту аб’яднання ў 2020 г. Незалежнага Расійскага рэгіёна і Велікапольска-Мазавецкай правінцыі ён з’яўляецца членам Вялікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса. У тым жа 2020 годзе ён становіцца генеральным сакратаром Расійскай біскупскай канферэнцыі, настаяцелем езуіцкай супольнасці ў Маскве і сакратаром настаяцеля Расійскага рэгіёну Велікапольска-Мазавецкай правінцыі. Акрамя таго, выконвае абавязкі Дэлегата Настаяцеля Расійскага рэгіёну па справах аховы дзяцей і моладзі, дапамагае ў душпастырскай працы ў парафіі св. Святога Людовіка ў Маскве, служыць сёстрам Місіянеркам Міласэрнасці і выкладае ў езуіцкім інстытуце св. Тамаша і ў праваслаўным інстытуце св. Філарэта.

Акрамя роднай нямецкай мовы, ён свабодна валодае англійскай і рускай мовамі. Добра ведае італьянскую, іспанскую і французскую мовы і таксама валодае польскай, украінскай і філіпінскай мовамі.

Крыніца: https://jezuici.pl/2024/09/nowy-biskup-z-prowincji-wielkopolsko-mazowieckiej-towarzystwa-jezusowego/