У нядзелю 4 жніўня 2024 года ў парафіі святога Уладзіслава адбыўся фэст у гонар святога Ігнацыя, імя якога носіць парафіяльны касцёл.
Свята пачалося са святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. У казанні біскуп Алег адзначыў асобу святога Ігнацыя Лаёлы як невыпадковую ў гісторыі Касцёла, заклікаючы праз яго заступніцтва прасіць аб ласцы вернасці нашаму жыццёваму пакліканню і Касцёлу.
Пасля святой Імшы парафіяне ў невялікай сцэнцы распавялі з гумарам і спевамі аб развіцці сваёй парафіі на працягу мінулага года.
Пачынаючы з восеньскага курса Альфа, у парафіі святога Уладзіслава паўстала нямала ініцыятываў, у тым ліку біблійныя сустрэчы, групкі “12 крокаў да жыцця”, моладзевая група, група “Маці ў малітве”. Да таго ж, пасля велікапосных рэкалекцый у жыццё людзей глыбока ўвайшла ігнацыянская духоўнасць, асабліва практыка штодзённай падзякі ў сем’ях.
Падчас сцэнкі закраналася і тэма мастацтва. Тэрэза Будкевіч распавяла пра сваё падарожжа ў Рым і падзялілася ўражаннямі пра касцёл святога Ігнацыя, які знаходзіцца ў вечным горадзе. Новая карціна з выявай незвычайных роспісаў столі ў тым касцёле сімвалічна яднае віцебскі касцёл святога Ігнацыя з касцёлам у Рыме.
Афіцыйная частка скончылася, і ўсе жадаючыя былі запрошаны на смачны пачастунак, пасля якога гасцей чакаў апошні пункт святочнай праграмы: танцы на свежым паветры.