Трываць “пры сабе” і “пры Богу” – ва ўсіх перажываннях і падзеях – дапамагае практыкаванне, якое робіцца двойчы на дзень: “Малітва любячай увагі”. Назваў яго так вядомы рэкалекцыяніст а. Віллі Ламберт SJ. Гэта менавіта малітва, і яна пачынаецца, як кожны іншы час, прызначаны на малітву. У ёй асабліва важна паклапаціцца пра добры ўступ, бо зместам малітвы з’яўляецца звяртанне ўвагі, усведамленне перажытага, згода на тое, каб усё гэта сталася “праўдай”, і ўрэшце роздум над тым, як я гэта перажыў. А паколькі “я” ёсць “стварэннем”, то з перспектывы веры гэта азначае – як Бог, мой Стварыцель, спаткаў мяне на працягу мінулай паловы дня, чым мяне адарыў і чаго ад мяне патрабаваў, і – з іншага боку – як я тое прыняў, як паставіўся і які даў адказ.
У “Духоўных практыкаваннях” св. Ігнацыя гэтая малітва носіць назву “рахунак сумлення” (ДП 24; 32; 43). У якасці рахунку сумлення яна сфармавала мноства пакаленняў вернікаў. Сама гэтая назва можа схіляць да таго, каб рабіць гэтае практыкаванне ў форме падрахунку, у працэсе якога падводзіцца баланс: ці (і ў якой ступені) я адпавядаў патрабаванням запаведзяў і пастаноў? Пры такім падыходзе духоўнае практыкаванне вельмі лёгка можа стаць сродкам, з дапамогай якога рэгулярна пацвярджаецца, што чалавек або нічога не варты, або варты надзвычайна. Калі падчас такога рахунку Бог увогуле ёсць, то становіцца кімсьці, хто ўзнагароджвае або карае, і чыё прабачэнне трэба выпрошваць. Практыкаванне такога роду, сканцэнтраванае вакол свайго “я”, прыводзіла б у духоўным жыцці да пастаяннага стрэсу, які насамрэч і перажываюць многія людзі, бо ўвесь час знаходзяцца пад ціскам пытанняў накшталт: “Што я павінен рабіць? Як мне гэта ўдасца? Як мяне ўспрымуць? Як ўдасца мне тое, што я так моцна хацеў бы дасягнуць? Што скажуць іншыя, калі я…?” Грамадства часта прымушае нас рабіць “больш”: хоча, каб мы больш працавалі, больш вучыліся, больш дасягалі, больш спажывалі і імкнуліся да поспеху. Але Бог ужо адарыў нас. Паветра і святло, жыццё і здароўе, ежу і цяпло мы атрымліваем (і гэта толькі адносна самых элементарных жыццёвых патрэбаў). Таму варта няспынна адрываць позірк ад таго, што было згадана вышэй, і заўважаць іншыя рэчы, якія нам, людзям, былі дадзены. Звяртаючы на іх увагу, мы выказваем тое, што прамаўляем у Вызнанні веры: “Веру ў Бога Айца Усемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі”. Пачынаем адчуваць удзячнасць. Знаходзім нагоду праслаўляць Бога.
Малітву любячай увагі, якая доўжыцца ад 10 да 20 хвілін апоўдні і вечарам, можна практыкаваць рознымі спосабамі. Важна знайсці свой уласны. Праверанымі можна лічыць наступныя пяць пунктаў, якія грунтуюцца на “Духоўных практыкаваннях” св. Ігнацыя (ДП 43):
- Спачатку стаць перад Богам і прывітаць Яго – Стварыцеля і Пана майго жыцця і майго Збаўцу, аддаць Яму пашану і падзякаваць.
- Далей прасіць Бога аб тым, каб паказаў мне мінулую палову дня: “У Тваім святле мы бачым святло” (Пс 36, 10). Ён можа нам адкрыць вочы на цёмныя бакі, якія ў нас ёсць. Аднак Бог робіць гэта з чуласцю. Толькі Ён ведае, што цяпер больш актуальна.
- І толькі ў трэцім пункце чалавек прыглядаецца да таго, што яму было дадзена перажыць цягам мінулых гадзінаў і што ён перажыў, як з гэтым справіўся і якую форму надаў. Аднак сэнс не ў вычарпальным усведамленні, а хутчэй у тым, што я бачу і ўспрымаю як “праўдзівае” тое, што было, і тое, што Бог хоча мне цяпер паказаць ва ўсім гэтым. Каб гэта сталася магчымым, трэба найперш заклікаць да парадку “унутранага суддзю”.
- Калі рэчаіснасць заўважана, нараджаюцца ўдзячнасць і радасць, але таксама шкадаванне і боль. Часта ўзнікаюць і тыя, і другія пачуцці, а ў дадатак злосць і гнеў. Той, хто занадта хутка выносіць прысуды, пазбаўляе сябе афектыўных перажыванняў, у якіх і месціцца энергія да зменаў. Адчуваннямі карыстаецца ласка, з дапамогай якой Бог прагне нас перамяніць. У чацвёртым пункце змяшчаецца сутнасць усяго практыкавання: даць прастору афектыўным адчуванням і надаць гэтаму працэсу малітоўны характар.
- На заканчэнне позірк кіруецца наперад. Чалавек просіць Бога аб надзеі і рашучасці, думаючы пра наступную палову дня.
Значэнне гэтага практыкавання для духоўнага жыцця выяўляецца ў тым, што асоба ўсё паўней прыносіць Богу ўсе аспекты свайго жыцця і інтэгруе іх у сваёй экзістэнцыі. Спачатку чалавек будзе ўсведамляць, як шмат яшчэ ў ягоным жыцці дзеецца без Бога. Паступова будзе ўзрастаць разуменне таго, што шпацыр, пасілкі, думкі і фантазіі перад сном або падчас ранішняга ўставання (і яшчэ безліч іншых рэчаў) належаць да майго жыцця і тым самым да майго жыцця перад абліччам Бога. Гэтак лягчэй чалавек будзе заўважаць усё тое, што жыве і круціцца ў ім, у пачуццях і рэакцыях, намерах, прыхільнасцях і антыпатыях. Бо якраз тое і ўтварае ўнутраную тканіну кожнага жыцця. Між тым трапляюцца паўтаральныя з’явы: сталыя ланцужкі думак, пачуццёвыя рэакцыі, набор дзеянняў, звычкі. Той, хто практыкуе гэтую малітву, адкрывае і ідэнтыфікуе іх.
У адной са сваіх кніг а. Віллі Ламберт піша: “Аднойчы напаткаў мяне гэты выраз [малітва любячай увагі], і я быў здзіўлены, наколькі вымоўным ён стаўся для ўдзельнікаў розных сустрэч і курсаў. Здаецца, ён шырэйшы, паўнейшы, больш натхняльны і не так моцна абцяжараны негатыўнымі асацыяцыямі, чым выраз “рахунак сумлення”. Варта ўзгадаць пра чатыры адкрыцці, які паспрыялі таму, што малітва любячай увагі для многіх стала каштоўнай: першае адкрыццё – гэта факт, што мы можам проста, без страху, бачыць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць. Другім адкрыццём было і застаецца тое, што мы можам на добрае і ўдалае глядзець з падзякай і радасцю. Трэцяе адкрыццё – адкрыццё біблійнай праўды, што трэба быць асцярожнымі, каб разам з пустазеллем не вырваць і пшаніцы. Навяртанне прадвесціць не проста адсутнасць памылак, але перамену. Чацвёртае адкрыццё – гэта разуменне, што ў кожнага па праву свая дарога, на якой узрастае ў ім любячая ўвага”.
Алекс Лефранк SJ – на працягу 40 год з’яўляецца духоўным кіраўніком і рэкалекцыяністам, пераважна дае індывідуальныя духоўныя практыкаванні. Жыве ў езуіцкай супольнасці ў Мангайме, Германія.