13 ліпеня ў Вішневе (Валожынскі раён) адбылося асвячэнне новага помніка а. Станіславу Міхальскаму, які служыў у Вішневе з 1944 года, дзе і быў замучаны камсамольцамі ў 1950 годзе напярэдадні свята Божага Нараджэння. Айцец Станіслаў належаў да Таварыства Езуса і вызваўся быць скіраваным на тэрыторыі, дзе ў той час не хапала святароў, у рамках так званай “усходняй місіі” Віленскай дыяцэзіі неўзабаве пасля свайго святарскага пасвячэння.
На асвячэнне помніка былі запрошаныя сабраты айца Станіслава – а. Віктар Жук SJ, пробашч парафіі св. Уладзіслава ў Віцебску, і а. Рышард Матэюк SJ з Польшчы. На асвячэнні таксама прысутнічалі святары кс. Артур Ляшнеўскі SDB, які быў арганізатарам вывучэння жыцця а. Станіслава Міхальскага, рэгіянальны настаяцель місіі салезіянаў у Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB, кс. Юзаф Мельдзюк, пробашч касцёла Адведзінаў Панны Марыі ў Вішнева, і кс. Вадзім Сурвіла.
На пачатку св. Імшы сваім сведчаннем падзяліўся кс. Артур Ляшнеўскі: “Дзякуючы а. Станіславу нарадзілася маё святарскае пакліканне. Памятаю з дзяцінства, як бабуля прыводзіла мяне на яго магілу, і мы разам з ёй маліліся аб новых пакліканнях. Таксама яна распавядала аб тым, якім чалавекам быў айцец Міхальскі, таму ён стаў для мяне прыкладам добрага святара. Бабуля расказала, як а. Станіслаў, каб дапамагчы маёй прабабулі з дзецьмі, якая засталася ўдавой, калі яе мужа забілі камуністы, ён падлажыў пад абрус падчас адведзінаў усе грошы, якія сабраў на рамонт касцёла. Дзякуючы гэтаму мая сям’я выжыла,” – сказаў кс. Артур.
Айцец Віктар Жук звярнуўся да прысутных вернікаў з казаннем, асаблівую ўвагу ў якім скіраваў на вернасць а. Станіслава свайму пакліканню. “Ён мог, як мноства іншых, вярнуцца туды, дзе было значна бяспечней, але выбраў застацца ў Вішневе, бо людзям быў патрэбны святар. Ён жадаў наследаваць Боскага Настаўніка да канца, ведаючы, што сустрэнецца з пераследам; быць добрым пастырам, які аддае жыццё за авечак. Ён выбраў быць слабым, не стаў бараніцца ад насілля, але праявіў сілу ў вернасці свайму пакліканню як езуіт і святар, каб Евангелле магло дасягнуць кожнага чалавека і дзеля большай хвалы Божай,” – адзначыў а. Віктар.
Напрыканцы св. Імшы кс. Артур зноў звярнуўся да вернікаў, просячы не забываць добрую традыцыю, якая склалася ў Вішневе, “каб магіла а. Станіслава заўсёды была месцам малітвы аб святых пакліканнях,”. Ён падзякаваў прысутным святарам і ўсім тым, хто дапамагаў на працягу апошніх некалькіх гадоў збіраць звесткі пра жыццё і мучаніцтва а. Міхальскага, і асабліва выказаў падзяку гісторыку спадарыні Тэрэзе Бітэль.
Пасля св. Імшы адбылося асвячэнне помніка а. Станіслава, якое здзейсніў ягоны сабрат, езуіт а. Віктар Жук. Сабраныя памаліліся на магіле а. Станіслава аб новых пакліканнях, працягваючы шматгадовую добрую традыцыю.
Лаліта Арлоўская
Станіслаў Міхальскі SJ (1.05.1912 – 25.12.1950) нарадзіўся ў в. Мэлнін (Познаньскае ваяводства, Польшча), у сям’і Юзэфа і Юзэфы Міхальскіх. Уступіў да Таварыства Езуса ў 1928 г. З 1930 г. у Пінску (тагачасная Польшча) вучыўся ў калегіуме, атрымаў атэстат 12.05.1935 г.
З верасня 1935г. па канец мая 1938 г. вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Кракаве на філасофскім факультэце, затым 6 гадоў у духоўнай семінарыі ў Вільнюсе, вывучаючы тэалогію. 24 сакавіка 1942г. разам з іншымі духоўнымі асобамі ён быў арыштаваны немцамі і заставаўся ў турме на Лукішках да 30 кастрычніка 1942г., калі без суда разам з іншымі быў вывезены немцамі на зямельныя работы ў лагер для інтэрніраваных асоб пад Каўнас. У ліпені 1944 г. выйшаў з лагера, калі армія СССР набліжалася да Каўнаса, і пасля перахода фронта 5.08.1944 вярнуўся ў Вільнюс. Атрымаў святарскае пасвячэнне ў Вільнюсе 3 кастрычніка 1944г. праз арцыбіскупа Ялбжыкоўскага. Да 15 красавіка 1945 г. быў вікарыем у Вішневе, а з 1945 г. – пробашчам там жа, пазней таксама і ў Багданаве. Загінуў 25.12.1950 г., пахаваны пры касцёле ў Вішневе.
Больш на нашым сайце:
Артыкул кс. Артура Ляшнеўскага SDB пра жыццё, дзейнасць і смерць а. Станіслава Міхальскага SJ – Святар, падараваны нам Марыяй.
Падкаст Ватыканскага радыё “Старонкі гісторыі”, прысвечаны а. Станіславу Міхальскаму SJ.