У старажытнасці помнікі над магіламі мучанікаў называлі грэчаскім словам трафей. Яны нагадвалі пра духоўную перамогу хрысціян, якія засталіся вернымі вучнямі Хрыста нават перад абліччам смерці. Трафеі часта станавіліся мэтай пілігрымак. Вернікі прыходзілі да іх са сваімі малітвамі. Ля касцёла ў вёсцы Вішнева, недалёка ад Валожына, таксама ёсць надмагільны помнік, які можна назваць трафеем. Ён узвышаецца над магілай каталіцкага святара, езуіта, а. Станіслава Міхальскага, які трагічна загінуў у 1950 годзе.
З гэтым месцам звязана адна вельмі прыгожая традыцыя. Як першыя хрысціяне прыходзілі да магіл мучанікаў за сваімі просьбамі, так і сёння ля магілы ксяндза Міхальскага збіраюцца людзі і моляцца аб новых пакліканнях – аб мужных, самаахвярных пастырах для нашай краіны, такіх якім быў а. Станіслаў Міхальскі. Пра постаць гэтага малавядомага святара распавядае ў падкасце Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё спадарыня Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, даследчыца гісторыі каталіцкіх манаскіх ордэнаў і духавенства на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ-ХХ стагоддзях.
Артыкул кс. Артура Ляшнеўскага SDB пра жыццё, дзейнасць і смерць а. Станіслава Міхальскага SJ – Святар, падараваны нам Марыяй.