У аўторак 25 чэрвеня айцец правінцыял Збігнеў Лячкоўскі SJ змяніў настаяцеля супольнасці езуітаў святога Андрэя Баболі ў Віцебску. Падчас святой Імшы ў кляштарнай капліцы айцец правінцыял падзякаваў цяперашняму настаяцелю Клеменсу Верту SJ і зачытаў дэкрэт аб прызначэнні новым настаяцелем Віктара Жука SJ. Ва ўрачыстасці таксама ўдзельнічаў Томаш Ортман SJ, настаяцель Расійскага рэгіёна Велікапольска-Мазавецкай правінцыі, да якога належыць віцебская супольнасць.

За дзевяць гадоў служэння ў Віцебску айцец Клеменс здолеў, між іншым, пабудаваць касцёл у гонар святога Ігнацыя Лаёлы для новай парафіі святога Уладзіслава, апеку над якой біскуп Алег Буткевіч даручыў езуітам. Як паведамлялася раней, наступнай місіяй айца Клеменса стане Кыргызстан.

Айцец Віктар Жук SJ, які з ліпеня 2019 г. служыць пробашчам парафіі св. Уладзіслава, нарадзіўся ў 1979 г. у Пінску, пасля заканчэння эканамічнага факультэта ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне ўступіў у навіцыят Таварыства Езуса ў Новасібірску 14 жніўня 2003 г. Вывучаў філасофію ў Інстытуце філасофскіх даследаванняў “Alosianum” у Падуі, тэалогію — у Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, на пастырскай практыцы быў у езуіцкай сярэдняй школе ў Мілане. Ён спецыялізаваўся на біблійнай тэалогіі ва ўніверсітэце “Santa Clara” ў Каліфорніі. Дыяканскае пасвячэнне атрымаў з рук кардынала Джанфранка Равазі ў Рыме, а святарскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча 14 жніўня 2014 г. у Мінску. У 2015–2019 гг. працаваў у Маскве ў Інстытуце імя св. Тамаша. Два гады таму ён склаў манаскія абяцанні перад сваім правінцыялам айцом Збігневам Лечкоўскім SJ. Валодае беларускай, рускай, польскай, англійскай і італьянскай мовамі.

Пасля святой Імшы адыходзячы настаяцель падрыхтаваў смачны абед для гасцей з Польшчы і Расіі. Затым езуіты наведалі біскупа Алега Буткевіча і прайшліся па гістарычным цэнтры горада.