У нядзелю 23 чэрвеня парафія святога Уладзіслава ў Віцебску развіталася з айцом Клеменсам Вертам, які неўзабаве выязджае на новае месца служэння – у Кыргызстан.
Айцец Клеменс Верт SJ прыехаў у Віцебск у 2015 годзе, ад самага пачатку свайго служэння тут ён дапамагаў біскупу Алегу Буткевічу наладзіць працу дыяцэзіяльнай курыі, а пазней служыў эканомам дыяцэзіі. Таксама ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў сучаснай езуіцкай супольнасці ў Віцебску. Кульмінацыяй яго служэння стала будаўніцтва касцёла для парафіі святога Уладзіслава, які носіць імя святога Ігнацыя Лаёлы.
Развітанне адбылося падчас святой Імшы, якую а. Віктар Жук па просьбе парафіянаў ахвяраваў за а. Клеменса.
У казанні а. Віктар, апроч іншага, пажадаў а. Клеменсу “ў новых умовах несці ў сэрцы цеплыню нашай удзячнасці Пану за ўсё, што ты, дарагі айцец і брат Клеменс, зрабіў для нас тут, у Віцебску, а ў першую чаргу – за тое кім быў для нас у сваім сціплым і далікатным стылі”.
Каб падзякаваць а. Клеменсу за яго служэнне, вернікі парафіі св. Уладзіслава падрыхтавалі відэапрэзентацыю, якая нагадвала найбольш важныя і кранальныя моманты яго дзейнасці і жыцця ў Віцебску. Відэа было паказана ў канцы Імшы, пасля чаго вернікі звярнуліся да а. Клеменса з падзякай за яго служэнне: “Мы дзякуем вам за гэтую цудоўную святыню і за той час, які вы былі з намі. Мы ведаем, што ў вас на зямлі ёсць асаблівая місія – будаваць Храм Божы, і рабіць гэта з самых моцных матэрыялаў: даверу, павагі, мудрасці, надзеі, веры, любові. Няхай Бог умацоўвае вас у вашай місіі, каб святыні, пабудаваныя вамі, стаялі на працягу стагоддзяў”.
Айцец Калеменс падзякаваў парафіянам за добрыя словы і падтрымку: “Я прабыў тут амаль 9 гадоў і не хачу ад’язджаць, але касцёл ужо пабудаваны, біскупу я ўжо дапамог як мог, а Касцёл у Кыргызстане патрабуе дапамогі, таму прыйшоў час, каб рухацца далей. Заўсёды быў удзячны ўсім вам за падтрымку, асабліва калі вы збіралі подпісы, пісалі лісты з просьбай атрымаць дазвол на служэнне ад беларускіх уладаў, і ў іншых выпадках. Мне прыемна працаваць тут, з вамі,” – падзяліўся а. Клеменс.
Развітанне працягнулася ў адміністрацыйнай частцы касцёла, дзе парафіяне зноў падзякавалі а. Клеменсу за служэнне і перадалі некалькі сімвалічных падарункаў на памяць: фотаальбом на памяць аб віцебскім перыядзе жыцця і служэння; вышыванку з беларускімі арнаментамі; маленькі макет касцёла св. Ігнацыя, надрукаваны на 3-D друкарцы; каску з выявамі пабудаванага ў Віцебску касцёла і праекту будучага касцёла ў Бішкеку, а таксама са словамі псальмаў; торт з эмблемай Таварыства Езуса і яго дэвізам – Ad maiorem Dei gloriam (“Дзеля большай хвалы Божай”).