Навуковай спадчыне аўтара тэорыі Вялікага выбуху, бельгійскага святара, кс. Жоржа Леметра, прысвечана канферэнцыя, якая 17-21 чэрвеня 2024 года праходзіць у Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі ў Кастэль-Гандольфа, – паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News

У форуме на тэму “Чорныя дзіркі, гравітацыйныя хвалі і прасторава-часавыя сінгулярнасці” бяруць удзел каля сарака вучоных, сярод якіх два лаўрэаты Нобелеўскай прэміі – амерыканскі астрафізік Адам Рыс і брытанскі фізік і матэматык Роджэр Пенроўз. Каля 150 даследчыкаў далучацца да дыскусій анлайн.

Брат Гай Кансальманьё SJ, дырэктар Ватыканскай абсерваторыі, паведаміў журналістам, што канферэнцыя стане “нейтральнай пляцоўкай” для абмену меркаваннямі паміж навукоўцамі розных поглядаў.

Ксёндз Жорж Леметр (1894-1966) зрабіў простае і відавочнае адкрыццё: Сусвет бярэ свой пачатак у часе, – нагадала інфармацыйнае агенцтва KAI. Калі галактыкі пастаянна ўзаемна аддаляюцца, значыць у мінулым яны павінны былі знаходзіцца бліжэй адна да адной. З гэтага вынікае, што яшчэ раней увесь Сусвет мог быць сканцэнтраваным у адной кропцы: “першапачатковым атаме”, які ўзарваўся пры стварэнні Сусвету. Кс. Леметр дапусціў, што нядаўна адкрытае чырвонае зрушэнне зорных туманнасцяў з’яўляецца вынікам не руху галактык у прасторы, а расшырэння самаго Сусвету.

Малады прафесар апублікаваў свае ідэі ў малавядомым бельгійскім навуковым часопісе ў 1927 годзе – на два гады раней за амерыканскага даследчыка Эдвіна Хабла (1889-1953), якому сёння прыпісваецца адкрыццё расшырэння Сусвету. Святар-фізік ніколі не заяўляў аб аўтарскіх правах. Тым не менш, у 2018 годзе Міжнародны астранамічны саюз прыняў рашэнне перайменаваць закон Хабла у закон Хабла-Леметра.

Жорж Леметр нарадзіўся ў бельгійскім горадзе Шарлеруа і з самых ранніх гадоў хацеў стаць святаром і навукоўцам. Акрамя тэалогіі ў семінарыі ў Мехелене, ён вывучаў матэматыку і фізіку ў Лёвэнскім каталіцкім універсітэце, а ў 1920 годзе атрымаў доктарскую ступень. У 1923 годзе ён прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, у 1925 годзе атрымаў ступень прафесара, а ў 1927 годзе – яшчэ адну доктарскую ступень у Масачусецкім тэхналагічным інстытуце ў ЗША.

Напрыканцы 1940-х гадоў Пій ХІІ прызначыў ксяндза Леметра членам Папскай акадэміі навук. У 1960 годзе святар стаў старшынёй гэтай установы і заставаўся ім да самай смерці ў 1966 годзе. Адкрыцці не аслабілі веру ксяндза Леметра ў Бога. Таму, на пытанне пра тое, хто мог выклікаць першапачатковы імпульс, які даў пачатак Сусвету, ён адказваў як тэолаг.

Крыніца: https://www.vaticannews.va/be/vatykan/news/2024-06/vatykan-simpozim-ab-tary-teoryi-vyalikaga-vybuhu.html