Чэрвень у Каталіцкім Касцёле паводле традыцыі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса: кожны дзень у парафіях праводзіцца адпаведнае набажэнства, а ў трэцюю пятніцу пасля Спаслання Духа Святога мы адзначаем урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана. Хрыстус пажадаў, каб гэта свята адзначалася ў літургіі Касцёла, абвяшчаючы Сваю волю ў аб’яўленнях св. Маргарыце Марыі Алякок напрыканцы XVII ст. Таксама праз яе, манахіню закону Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, якой у дапамогу Божым Провідам быў пасланы духаўнік-езуіт Клод-дэ-ла-Каламб’ер (пазней таксама кананізаваны), Езус перадаў жаданне, каб вернікі асаблівым чынам ушаноўвалі Яго Сэрца ў першыя пятніцы месяца.
Набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца вяртае нас кожны раз да таямніцы Божай любові, якая аб’явілася ва ўцелаўленні, муках і ўваскрасенні Адзінароднага Божага Сына. Сэрца Езуса – “палымнеючае вогнішча міласці” для нас, якія лёгка губляемся без Ягонага святла і цеплыні. У Сэрцы Езуса – адначасова Божым і чалавечым – для нас схаваныя “ўсе скарбы мудрасці і ўмеласці”, яно – “справядлівасці і любові скарбніца”, “усіх цнотаў глыбіня бяздонная”…
У біблійным разуменні сэрца – гэта цэнтр асобы, з акцэнтам на тое, што яно – месца, дзе адбываецца выбар, дзе прымаюцца рашэнні. Тое, што адбываецца ў сэрцы, акрэслівае кірунак, у якім рухаецца асоба.
Відавочна, што такое разуменне вельмі адрозніваецца ад павярхоўнага сентыментальнага ўяўлення, уласцівага сучаснай поп-культуры, дзе сэрца – у першую чаргу інструмент прыемнай закаханасці, якая можа хутка мінаць.
Чалавечае сэрца з усёй ягонай глыбінёй з’яўляецца таямніцай нават для самога чалавека, і па сутнасці мы толькі ў пэўнай ступені можам “кіраваць” сваім сэрцам. Хрыстус у палеміцы з фарысеямі сцвярджае вельмі рэалістычна, што “з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужалоства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы” (Мц 15, 19) – усё тое, што робіць “нячыстым” чалавека і што нам не вельмі хочацца бачыць у саміх сабе. Усведамляючы, наколькі “сэрца чалавека здрадлівае больш за ўсё астатняе і не даецца вылечыць” (пар. Ер 17, 9), мы молімся ў Літаніі: “Езу, ціхі і пакорны сэрцам, учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі”. Такім чынам мы вызнаём Езуса Валадаром нашых сэрцаў і прызнаёмся, што толькі з дапамогай Ягонай ласкі нашыя сэрцы могуць быць перамененыя і здольныя любіць. Мець сэрца, падобнае да Сэрца Езуса, – значыць наследаваць Яго ў самай глыбіні нашай істоты. “Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе”, – заахвочвае св. Павел-апостал (Флп 2, 5).
Выхоўваць свае жаданні
Св. Ігнацый Лаёла так фармулюе ў “Духоўных практыкаваннях” просьбу да Бога аб наследаванні Хрыста: “Прасі аб тым, чаго прагнеш: аб глыбокім пазнанні Пана, Які ўцелавіўся дзеля мяне, каб больш палюбіць Яго і больш дасканала ісці за Ім” (ДП 104). Св. Ігнацый прапануе пэўную “педагогіку жадання”: ён “падказвае”, чаго варта прагнуць, пра што прасіць, да якога духоўнага дару імкнуцца. Жаданні – штосьці вельмі важнае для нас: у іх заключана энергія, якая становіцца матывацыяй да дзеянняў, да канкрэтных рашэнняў і выбараў.
У нашым сэрцы, у глыбіні чалавечай асобы дзейнічаюць самыя розныя прагненні, некаторыя з іх падштурхоўваюць нас ісці зусім не той дарогай, якая вядзе да нашай сапраўднай мэты. Таму нам варта ўважліва даследаваць тыя жаданні, што нараджаюцца ў нашым сэрцы, разам з псальмістам просячы: “Даследуй мяне, Божа, і спазнай маё сэрца; выпрабуй мяне і спазнай мае намеры. Глядзі, ці бяспечны мой шлях, і вядзі мяне шляхам адвечным” (Пс 139 (138), 23-24). Гэта пастава радыкальнай шчырасці перад Богам: прызнавацца і ў тым, за што нам сорамна, што нам непрыемна заўважаць у сабе – напрыклад, нечаканыя сексуальныя жаданні, ці імкненне адпомсціць камусьці. Няма сэнсу хаваць ад Бога тое, што Ён і так ведае! І пры гэтым не асуджае нас, а толькі хоча ачысціць нашыя жаданні і памкненні, вызваліць ад шкодных “прымесяў”. Менавіта так паступае з намі Пан, як адказаў на просьбу вучняў – братоў Яна і Якуба, каторыя прасілі ў Яго “сесці аднаму праваруч, а другому леваруч ад Цябе ў Славе Тваёй” (Мк 10, 37). Езус не адпрэчвае гэтага жадання, а выпрабоўвае яго: ці гатовыя яны піць келіх, які Ён будзе піць? Пан здольны накіраваць іхнія амбіцыі ў правільнае рэчышча, паказвае, як ачысціць іхняе памкненне ад засяроджанасці на сабе і замест гэтага глядзець на прыклад іх Настаўніка. Падобным чынам Хрыстус, наш Настаўнік, паводзіць сябе з намі, умеючы бачыць у нашых жаданнях добрую крыніцу: у сексуальным прагненні – імкненне да сапраўднай блізкасці; у імпэце помсты – імкненне да справядлівасці і абароны годнасці; у амбіцыях – жаданне праявіць таленты, прыўнесці ў гэты свет штосьці прыгожае…
Нам, вучням Хрыстовым, варта даверыцца Нябеснаму Настаўніку, Які гатовы шчодра дзяліцца з намі “скарбамі мудрасці і ўмеласці”, варта імкнуцца ўсё глыбей пазнаваць Яго – Слова Божае, з каторым Найсвяцейшае Сэрца “істотна з’яднанае”, каб усё больш любіць Яго. І тады ўсіх і ўсё астатняе мы зможам правільна любіць.
“Пане, Ты нас стварыў для Сябе, і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не знойдзе спакой у Табе”, – казаў св. Аўгусцін.
Мы створаныя такім чынам, што нашыя сэрцы імкнуцца да “бязмежнай велічы” – да самога Бога, і нішто іншае не здольнае задаволіць гэтага жадання. У Літаніі ёсць прыгожы паэтычны заклік: “Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў, змілуйся над намі!” “Адвечныя вышыні” і ўсё стварэнне імкнецца да Найсвяцейшага Сэрца – “Сэрца Сусвету”, як Яго называе багаслоў Ганс Урс фон Бальтазар, – нібыта да цэнтру прыцяжэння. Няхай нашыя сэрцы будуць прыцягнутыя да “крыніцы жыцця і святасці”, “з паўнаты якога мы ўсе атрымалі”, – і няхай яны будуць усё больш падобныя да Таго, Хто ёсць Валадаром і з’яднаннем усіх сэрцаў!
Віктар Жук SJ
Крыніца: https://catholicnews.by/sjerca-ezusa-shchodrae-dlja-sih/