Валадарства Божае знаходзіцца ў цэнтры прапаведавання Езуса: “Езус хадзіў … абвяшчаючы Евангелле Валадарства” (Мц 4, 23), – так падсумоўвае евангеліст Мацвей публічную дзейнасць Хрыста. Разам з прыйсцем Божага Сына “наблізілася Валадарства Божае” (Мк 1, 15); Ён прыйшоў у гэты свет, каб яно стала рэальнасцю. Аднак наш Боскі Настаўнік казаў пра Валадарства, хутчэй, не наўпрост, а праз вобразы і прыпавесці, ставячы пад пытанне тое, як Яго слухачы ўяўлялі сабе гэту рэчаіснасць. Хоць у малітве “Ойча наш” мы кожны раз паўтараем словы “Прыйдзі Валадарства Тваё”, магчыма, рэдка ўсведамляем, што насамрэч маецца на ўвазе ў гэтым выразе. Пастараемся глыбей унікнуць у ягоны сэнс.

Само слова “валадарства” можа здавацца вельмі далёкім ад нашага досведу. У нашай штодзённасці мы ім проста не карыстаемся, і таму яно рызыкуе застацца абстракцыяй.

На рускай мове “царство” або “царствие”, напэўна, больш асацыюецца з гісторыяй, з мінулым (хоць і сёння існуюць яшчэ на міжнароднай палітычнай арэне “каралеўствы”). Або з дзяцінства мы можам памятаць казкі, якія распавядалі пра “тридевятое царство”… У беларускай мове слова “валадарства”, магчыма, нясе меншую гістарычна-палітычную нагрузку. У любым выпадку, яно звязанае з паняццем улады.

Улада Божая і чалавечая ў Старым Запавеце

Калі мы звернемся да Старога Запавету, то знойдзем вельмі канкрэтныя апісанні структураў улады, якія акрэслівалі супольнае жыццё народу. Асаблівасцю палітычнай арганізацыі Ізраэля на фоне іншых народаў было перакананне, што выбраны народ – гэта Божы народ, то бок сам Бог з’яўляецца яго сапраўдным кіраўніком, “Каралём”. Калі ў Ізраэлі ўзнікла манархія, каралі павінны былі спаўняць ролю стаўленікаў Ягвэ і кіравацца Законам, які Ён даў. Аднак, як распавядаюць гістарычныя кнігі габрэйскай Бібліі, ізраэльскія і юдэйскія каралі вельмі рэдка адпавядалі гэтаму пакліканню “пасвіць Божы народ” і найчасцей свавольна клапаціліся пра ўласныя інтарэсы. Таму прарокі звярталіся да тых, хто трымаў уладу ў сваіх руках, перасцярагаючы перад наступствамі непаслухмянасці Божай волі, і канстатавалі страту выбраным народам сваёй незалежнасці як вынік нявернасці Закону. Расчараванне зямнымі каралямі ішло побач з надзеяй, падмацаванай Божымі абяцаннямі, што Пан нарэшце ўмяшаецца ў сітуацыю і спашле такога караля – свайго памазаніка (“месію”), які верне правільны стан рэчаў у супольнасці Ізраэля і абароніць народ ад знешніх ворагаў.

Чаканні адносна Валадарства ў часы Езуса і навізна Хрыстовага Евангелля

На гэтым фоне мы лепш разумеем чаканні адносна Божага Валадарства і Божага Месіі (“Хрыста” на грэцкай мове), якія існавалі ў ізраэльскім грамадстве ў часы Езуса. Юдэі разумелі ўмяшальніцтва Бога ў першую чаргу як палітычныя перамены: вызваленне ад тагачасных акупантаў – Рымскай імперыі, а таксама ўсталяванне пэўнага сацыяльнага ладу (які розныя людзі, напэўна, бачылі па-рознаму). Вельмі вымоўна гэтыя чаканні паказаныя ў пытанні некаторых вучняў непасрэдна перад унебаўшэсцем Езуса: “Пане, ці не ў гэтым часе Ты адбудуеш каралеўства Ізраэля?” (Дз 1, 6). Нават пасля ўваскрасення Езуса, пасля ўсяго, што яны чулі ад Яго, яны сканцэнтраваныя на канкрэтным палітычным рашэнні!.. Напэўна, духоўны складнік новай рэчаіснасці Валадарства ў пэўнай меры іх цікавіў, але ва ўсім сваім навучанні Хрыстус настойваў, што Божае Валадарства ў першую чаргу датычыць глыбокай перамены сэрцаў, прыняцця Новага Запавету – цалкам новай перспектывы збаўлення, якая перавышае любое чалавечае ўяўленне і не абмяжоўваецца тэрытарыяльнымі граніцамі Ізраэля. У гэтай новай візіі Божага Панавання цэнтральнае і галоўнае месца займае Асоба самога Езуса – Божага Ягняці, Які сваёй крывёю адкупляе з-пад улады граху і смерці кожнага, хто верыць у Яго і прымае Яго, Адзінароднага Божага Сына, як Збаўцу і Пана свайго жыцця.

Езус – Валадар праз любоў

Падчас сваёй публічнай дзейнасці Езус пазбягаў, каб Яго ўспрымалі як караля паводле надта зямных і чалавечых чаканняў людзей таго часу: пра гэта кажа евангеліст Ян, распавядаючы пра знак размнажэння хлеба (Ян 6, 15). Падобным чынам наш Пан не хацеў, каб Яго лічылі месіяй толькі ў тым сэнсе, што Ён быў здольны рабіць цуды, аздараўляць людзей і г.д. У Евангеллі паводле Марка прасочваецца як лейтматыў “месіянская таямніца”: тое, хто ёсць Езус як Месія, адкрываецца цалкам толькі на крыжы, калі Ён аддае сваё жыццё, каб мы атрымалі жыццё вечнае. Падчас працэсу перад Пілатам Езус вызнае, што Ён ёсць Кароль, але такі, які не шукае панавання над іншымі паводле ўзору валадароў гэтага свету (бо “Валадарства Маё не з гэтага свету” (Ян 18, 36)). Ён такі Кароль, які “для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе” (Ян 18, 37). Падчас Апошняй вячэры Пан тлумачыць вучням: “Я – дарога, і праўда, і жыццё” (Ян 14, 6). Хоць мы не знаходзім наступнага сцвярджэння ў Евангеллі, але паводле аналогіі можам сказаць, што Езус і ёсць Валадарства Божае: Ён ёсць спаўненне ўсіх абяцанняў, якія Бог даў людзям у сваёй бязмежнай любові; Ён ёсць Твар Айца; Любоў, якая ўцелаўляецца і заклікае да жыцця Любоўю і дзеля Любові. Можна сказаць, што ў гэтым заключаецца крытэрый нашай прыналежнасці да Божага Валадарства.

Наш удзел у Валадарстве

«Учыніў нас валадарствам і святарамі для Бога і Айца свайго» – так апісваецца ў кнізе Апакаліпсіса наша новая тоеснасць у Хрысце (Ап 1, 6) – спаўненне абяцання, дадзенага Богам сваім выбраным на Сінаі (Зых 19, 6). Ты і я праз нашу веру – то бок жывую сувязь з Уваскрослым Панам – з’яўляемся часткай гэтага валадарства: хоць яно не даступна цалкам наўпрост нашаму ўспрыманню, і поўная яго сутнасць заўсёды застаецца таямніцай у гэтым існаванні, але яно рэальна прысутнічае і дзейнічае ў нас.

Перад тым, як узнесціся на неба, Езус кажа: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі» (Мц 28, 18), але таксама абяцае вучням, што яны «апрануцца ў моц з вышыні» (пар. Лк 24, 49), калі на іх сыдзе Дух Святы. Езус жадае дзяліцца сваёй жыццядайнай уладай з намі, спасылаючы Духа любові, і менавіта ў любові і заключаецца ўлада: тая адзіная ўлада, што лічыцца ў Божым Валадарстве. Мы становімся сапраўднымі валадарамі – каралямі і каралевамі, і адначасова «святарамі Айца», калі дзейнічаем як пасярэднікі Божай дабрыні ў гэтым свеце.

Адным артыкулам немагчыма ахапіць усе аспекты таго, што Святое Пісанне кажа пра Божае Валадарства, таму мы працягнем разважаць над гэтай тэмай у наступным выпуску рубрыкі “Біблійны лексікон”.

Віктар Жук SJ