Касцёл заўсёды цешыўся “безліччу сведкаў” (Гбр 12, 1), якімі з’яўляюцца святыя. Яны з пакалення ў пакаленне і ў самых розных кутках свету паказвалі, што значыць жыць па-хрысціянску, часам аж да мучаніцкай смерці. Хоць іх зямное жыццё скончылася, але яны працягваюць маліцца на нябёсах. Касцёл здаўна верыў, што святыя заступаюцца за нас, просячы ў Бога ласкаў і благаслаўленняў, пра якія мы забываемся або не знаходзім часу памаліцца: “Святыя з’яўляюцца для нас прыкладам малітвы. Мы просім іх таксама аб заступніцтве перад Найсвяцейшай Тройцай за нас і ўвесь свет” (Кампендый ККК, 564).
Святога Францішка Ксаверыя заўсёды надзвычай шанавалі вернікі, бо ягоныя гераічныя падарожжы ў далёкія краіны захаплялі ўяўленне.
У “Навэнне ласкі” мы молімся дзевяць дзён са св. Францішкам Ксаверыем, карыстаючыся фрагментамі ягоных лістоў. Паколькі Францішак быў езуітам, то, вядома, рабіў сам і даваў іншым Духоўныя практыкаванні свайго вялікага сябра св. Ігнацыя Лаёлы.
Будзем маліцца, каб лепш пазнаць саміх сябе, распазнаць волю Бога для кожнага з нас у штодзённым руху жыцця, каб пачуць і велікадушна адказаць на заклік Хрыста ісці за Ім, не зважаючы на кошт, і каб зразумець, што ўсё з’яўляецца незаслужаным Божым дарам, які шчодра выліваецца на нас, “як промень сонца або вада з крыніцы” (ДП 237).
Гэтую форму навэнны стварыў у XVII стагоддзі айцец Марчэла Мастрылі SJ (1603-37). Працуючы ў Неапалі, ён атрымаў сур’ёзныя траўмы галавы ў выніку здарэння. Да св. Францішка Ксаверыя і ўзносілі малітвы аб ацаленні а. Мастрылі. Молячыся, ён атрымаў абяцанне, што ўсе, хто штогод знаходзіць час на гэтую навэнну, “спазнаюць абарону Францішка і змогуць з вялікай упэўненасцю спадзявацца, што любая ласка, якую яны ў Бога просяць, будзе дадзена ім, калі толькі яна будзе дзеля іх дабра і на хвалу Божую”.
Айцу Мастрылі прыпісваюць адшуканне цела Францыска Ксаверыя на востраве Санцыян ля ўзбярэжжа Кітая і перамяшчэнне яго ў Гоа, дзе яно застаецца дагэтуль. Сам а. Мастрылі быў закатаваны ў Нагасакі ў Японіі 17 кастрычніка 1637 года падчас сёгуната Такугава, які ў 1614 годзе забараніў хрысціянства.
Навэннай ласкі традыцыйна моляцца або з 4 па 12 сакавіка (да дня, у які Францішак быў абвешчаны святым у 1622 г.), або з 25 лістапада па 3 снежня (да дня ўспаміну св. Францішка Ксаверыя). Вядома, гэтай навэннай можна маліцца ў любы час на працягу года.
Дзень 1.
“Няхай наш Пан падоўжыць дні [твайго] жыцця на многія гады і няхай дасць табе адчуць у цяперашнім жыцці Яго найсвяцейшую волю і спашле духоўную моц для яе выканання, каб ты рабіў і спаўняў тое, што у гадзіну смерці захацеў бы бачыць здзейсненым”.
Ліст да караля Партугаліі Жуана III з Малакі ў Малайзіі 23 чэрвеня 1549 г.
Разважанне:
– Чым я больш за ўсё ганаруся ў жыцці?
– Што з гэтага я з найбольшай радасцю прынясу Богу ў канцы жыцця?
– Што мне трэба рабіць больш, а чаго менш, калі я хачу прадставіць Богу, майму Пану, лепшага сябе?
Малітва
Пане,
кожны дзень Ты даеш мне новае жыццё,
новыя ласкі,
новыя магчымасці адчуваць Тваю прысутнасць.
Дай мне дар уважлівасці,
каб заўважаць Цябе ў людзях
і Тваім стварэнні,
якія атачаюць маё жыццё;
каб я мог узрастаць у веры,
надзеі
і любові.
Амэн.
Дзень 2.
“Таму я прашу Бога, Пана нашага, каб даў нам пазнаць і дасведчыць Яго найсвяцейшую волю, а затым, калі мы яе зведалі, вялікую сілу і багацце ласкі, каб спаўняць яе з міласэрнай любоўю ў гэтым жыцці”.
Ліст да езуітаў у Рыме з Кочына ў Індыі (27 студзеня 1545 г.)
Разважанне:
– Чаго Бог чакае ад мяне ў штодзённым жыцці?
– Прасі ў Бога сілы ажыццявіць гэта і быць такім, як Ён жадае.
– Да каго ці да чаго мне найбольш цяжка быць міласэрным, а тым больш – любіць?
Малітва
Ойча,
кожны дзень
Ты паказваеш бацькоўскую любоў
мне, Свайму дзіцяці:
назіраеш за кожным маім крокам,
прагнеш майго росквіту;
Ты рады майму шчасцю
і суцяшаеш мяне ў смутку.
Няхай нязменная любоў,
якою Ты ахінаеш мяне,
дадасць мне пэўнасці,
каб выказваць тую ж любоў
да сябра і ворага,
да роднага і незнаёмца, у роўнай меры.
Праз Хрыста, Пана нашага.
Амэн.
Дзень 3.
“Няхай Бог, Пан наш, дасць нам у свой час спасцігнуць Яго святую волю. Ён жадае, каб мы заўсёды былі гатовыя выканаць яе, як толькі Ён паказвае яе нам і дазваляе адчуць яе ў нашых душах. Каб жыць годна, мы павінны быць пілігрымамі, гатовымі ісці куды заўгодна, дзе мы толькі можам паслужыць Пану Богу нашаму больш”.
Ліст да Франсіска Мансілхасу SJ з Негапатама ў Індыі (7 красавіка 1545 г.)
Разважанне:
– Ці шукаю я знакаў, якія б падказалі мне, чаго Бог ад мяне жадае: падчас малітвы, у момантах цішыні, у тым, што чую ад іншых?
– Ці я гатовы ісці туды, куды Бог вядзе?
– Або я сам заўсёды вызначаю парадак дня для ўсяго, што раблю?
Малітва
Ойча, Ты прамаўляеш да мяне
ў цішыні і прасторы майго жыцця.
Дай мне слых, каб пачуць Твой голас
у бязмоўі і лёгкім ветрыку,
зрок, каб бачыць Тваю прысутнасць у рэчах,
калі яны здаюцца такімі нязначнымі.
Вызвалі мяне ад няўмольнага віру дзейнасці,
ад неадчэпных ідэй, якія абмяжоўваюць мяне
і перашкаджаюць свабодна адказаць на Твой заклік.
На ўзор святога Францішка,
няхай я стануся пілігрымам,
пакліканым ісці шляхам, які Ты вызначыў мне,
куды б ён ні прывёў,
і заўсёды пачувацца ў бяспецы, ведаючы,
што Хрыстус крочыць нябачна са мною.
Амэн.
Дзень 4
“Я вырашыў выправіцца на астравы Мора, каб дапамагчы хрысціянам у духоўных справах, наражаючыся на ўсялякую смяротную небяспеку, ускладаючы ўвесь свой давер і надзею на Пана Бога нашага, прагнучы адпавядаць, паводле сваіх мізэрных і слабых сіл, слову Хрыста, Адкупіцеля і Пана, што “той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго” (Мк 8:35).
Ліст да езуітаў у Еўропе з Амбаіны ў Індыі (10 мая 1546 г.)
Разважанне
– Якія заняткі, забавы, прыхільнасці і адносіны ў маім жыцці не падлягаюць абмеркаванню, і я не гатовы іх пакінуць, адпусціць?
– Ці што-небудзь з гэтага перашкаджае маім адносінам з Богам?
– Ад чаго мне трэба адмовіцца, каб быць свабодным, каб быць сапраўдным сабой у адказе на Божы заклік?
Малітва
Пане,
яшчэ да майго з’яўлення на свет,
Ты ведаў мяне і любіў мяне.
Ты саткаў мяне такім, які я ёсць,
і даў мне жыццё і смех,
сяброў і твары добрых незнаёмцаў,
свет цудаў і новых адкрыццяў.
Адары мяне свабодай
і адвагай
адкрываць Цябе нанова кожны дзень
у людзях, якіх я сустракаю, у месцах, дзе бываю,
у гуках, якія чую, і ў рэчах, якія бачу.
Праз Хрыста, Пана нашага.
Амэн.
Дзень 5
“Бог, наш Пан, дае ўсім дастаткова ласкі, каб служыць Яму і захоўваць сябе ад граху. . . усё наша дабро і зло заключаецца ў добрым або злым выкарыстанні Ягонай ласкі. Нас вельмі суцяшае тое, што Пан Бог наш бачыць нашыя інтэнцыі, жаданні і матывы падарожжа ў Японію” (Мк 8:35).
Ліст да езуітаў у Еўропе з Малакі ў Малайзіі (22 чэрвеня 1549 г.)
Разважанне
– Паразважаю аб моцных баках характару, якімі мяне благаславіў Бог.
– Як я выкарыстоўваю гэтыя моцныя бакі на дабро?
– Як я часам выкарыстоўваю іх на зло?
Малітва
Пане Езу,
так лёгка апынуцца пад уплывам спакушэння,
якога і Ты дасведчыў у пустыні:
прымаць дрэнныя рашэнні
для хуткага поспеху і задавальнення;
выкарыстаць цудоўныя дары Тваёй шчодрасці
на нявартыя і эгаістычныя мэты.
Дай мне штодня
той самы Дух моцы,
з якім Ты адкінуў
спакушэнне ўладай, багаццем і пашанай;
каб мае жаданні і намеры,
мае словы і дзеянні,
заўсёды былі дзеля большай хвалы Бога,
майго Пана.
Амэн.
Дзень 6
“Увечары, перш чым легчы спаць, ты павінен адысці ў якое-небудзь месца і праверыць, што адбылося з табой у гэты дзень, свае думкі, словы і ўчынкі, даследуючы сумленне з вялікай стараннасцю… і ў канцы памаліцца “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”. Скончыўшы гэта, кладзіся спаць, засяроджваючы думкі на тым, як ты будзець выпраўляць сябе на наступны дзень”.
Ліст да езуіта-навіцыя Жаао Брава з Малакі ў Малайзіі (23 чэрвеня 1549 г.)
Разважанне
– Прысвяці некалькі хвілін на тое, каб падумаць пра свой дзень.
– Якімі думкамі, словамі і ўчынкамі ты можаш ганарыцца?
– Ці ёсць думкі, словы ці ўчынкі, за якія ты шкадуеш?
Малітва
Ойча,
калі я азіраюся на пражыты дзень,
бачу там такі вір думак,
столькі пустаслоўя
і мітусні,
што сярод усяго гэтага
цяжка заўважыць
Тваю далікатную і верную прысутнасць.
Пакажы мне Сябе – сёння
і кожны дзень.
Амэн.
Дзень 7
“Ёсць прычына аддаваць бясконцую хвалу і падзяку Богу – кароль, які так добра і пабожна ставіцца да Божых спраў, і да такой ступені схільны да іх, што калі б я не быў сведкам усяго гэтага, то не паверыў бы ў тое, што ўбачыў”.
Ліст да Ігнацыя Лаёлы SJ з Лісабона ў Партугаліі (18 сакавіка 1541г.)
Разважанне
– Ці шукаю я дабро ў іншых людзях?
– Ці імкнуся аддаваць належнае тым, хто гэтага заслугоўвае?
– Ці заўважаю і пераймаю добры прыклад, які падаюць мне іншыя?
Малітва
Божа, наш Ойча,
хвала Табе!
Вакол мяне столькі добрых людзей,
трэба толькі знаходзіць час, каб іх заўважыць:
людзей, якія прамаўляюць Тваё слова
спагады і дабрыні;
людзей, якія ўцелаўляюць у жыццё
справядлівасць і прымірэнне;
людзей, чыё жыццё – добрае насенне,
якое ўпала ва ўрадлівую глебу.
Дай і мне ласку жыць у Тваім Духу,
і быць Тваёй прысутнасцю для тых,
каго я сустракаю ў штодзённым жыцці.
Амэн.
Дзень 8
“О мой Божа, усемагутны і міласэрны Ойча, Творца ўсіх рэчаў на свеце: я цвёрда веру ў Цябе, Пан мой і Бог, бо Ты – усё маё дабро. Ты, Пане, стварыў мяне і даў мне цела, душу і ўсё, што я маю. І Ты, Божа мой, стварыў мяне на падабенства Тваё. Дзякуй Табе, Божа!”.
З Кароткага катэхізіса, напісанага св. Францішкам Ксаверыем для жыхароў Гоа ў Індыі, май 1542 г.
Разважанне
– Знайдзі час, каб паглядзець на дары, якія даў табе Бог.
– Падлічы благаслаўленні, якія Ён выліў на цябе, сёння і на працягу жыцця.
– Дзякуй Яму!
Малітва
Ойча, бясконца добры,
Ты – крыніца ўсялякага дабра для мяне.
Стварыцель усяго, што ёсць,
які захоўвае існаванне гэтага ўсяго для мяне,
дай мне веру ў Цябе
і ў сябе,
Тваё стварэнне.
Амэн.
Дзень 9
“Таму я прашу вас усё, што вы робіце, цалкам засноўваць на Богу і не давяраць уласным здольнасцям, ведам або рэпутацыі; і такім чынам я буду ведаць, што вы гатовы да ўсіх вялікіх выпрабаванняў, як духоўных, так і зямных, якія могуць зраніць вас. Таму што Бог падымае і падтрымлівае пакорных, асабліва тых, якія ў малых і сціплых справах убачылі, як у люстэрку, свае слабасці і перамаглі іх”.
Ліст да езуітаў Гоа з Кагасімы ў Японіі (5 лістапада 1549 г.)
Разважанне
– Падумай, ці не давяраеш ты сваім здольнасцям і меркаванням больш, чым Богу?
– Ці заўважаеш, як Бог падымае і падтрымлівае цябе?
– Калі зірнеш у люстэрка на сябе і сваё жыццё, ці бачыш чалавека, якога Бог любіць, прабачае і безумоўна прымае?
Малітва
Божа, наш Ойча,
як святому Францішку Ксаверыю,
які вандраваў да краю зямлі
і якога вяла любоў да Хрыста
і распальвала Добрая навіна,
дай мне давер і ласку
засноўваць усё, што раблю, цалкам на Табе,
і заўсёды пачувацца ў бяспецы, ведаючы,
што Ты падымаеш пакорных
і дабротамі іх напаўняеш.
Праз Хрыста, Пана нашага.
Амэн.
Крыніца: Praying with St Francis Xavier