Пачатак новага года непазбежна ўяўляе сабой момант пераходу. А пераходы бываюць складанымі. Энтузіязм з-за чагосьці новага сутыкаецца з настальгіяй па тым, што ўжо мінула. Магчымасць і патэнцыял сустракаюцца са шкадаваннем і ўсведамленнем страчаных магчымасцяў. Адчуванне, што тое добрае з мінулага, здаецца, амаль немагчыма нанава адкрыць і вярнуць у тым, што цяпер. Мы стаім на парозе, хістаючыся ў абодва бакі, стараемся схапіцца за былую славу і рушыць за новымі поспехамі.
Вось чаму я думаю, што добра было б знайсці святога, да якога можна звяртацца за кіраўніцтвам, натхненнем і заступніцтвам.
Святара-езуіта Юзафа Піньятэлі я ўжо даўно лічу асобай вельмі незвычайнай. Ён жыў у асабліва цяжкі час для Таварыства Езуса – у пераходны час, можна сказаць.
Піньятэлі нарадзіўся ў 1737 годзе і меў італьянскае і іспанскае шляхецкае паходжанне. Ён рос у палацы сваёй сям’і ў Сарагосе. Але ўсё гэта пакінуў, калі стаў езуітам. Уступіў у Таварыства ва ўзросце 15 гадоў і атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1762 г. Ён служыў настаўнікам і капеланам у мясцовай турме.
Але ўжо набліжалася сейсмічная для ордэна езуітаў падзея. У 1767 годзе – усяго праз пяць гадоў пасля пасвячэння а. Піньятэлі – кароль Іспаніі Карл III выгнаў езуітаў са свайго каралеўства. Піньятэлі не скарыстаўся высакароднасцю свайго паходжання і пакінуў Іспанію, каб суправаджаць сабратоў-езуітаў, многія з якіх былі хворымі і пажылымі.
Не толькі сам Піньятэлі апынуўся ў выгнанні, ён узяў на сябе адказнасць за 600 езуітаў, бо правінцыял і мясцовы рэктар дэлегавалі яму сваю ўладу. Пасля доўгага цяжкага падарожжа езуіты знайшлі бяспеку ў Папскай дзяржаве. Але Папа Клімент XIV, паддаўшыся ціску еўрапейскіх манархаў, такіх як Карл, і іншых ворагаў езуітаў, выдаў у 1773 г. брэвэ “Dominus ac Redemptor”, якое фактычна скасоўвала ордэн езуітаў.
Юзаф Піньятэлі, як і прыкладна 23 000 яго сабратоў, заставаўся святаром, але ўжо не езуітам.
Рэшту жыцця Піньятэлі прысвеціць намаганням утрымаць разам разрозненыя элементы Таварыства Езуса. Ён горача спадзяваўся, што настане дзень, калі Таварыства будзе адноўлена, і з асцярожным аптымізмам чакаў на дзеянні наступных пантыфікаў. Ён падтрымліваў цесныя зносіны з правінцыялам езуітаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе Кацярына Вялікая забараніла зачытваць на тэрыторыях Расійскай імперыі папскае брэвэ аб касацыі ордэна, і езуіты засталіся ў служэнні. Менавіта настаяцель гэтай адзінай правінцыі прызначыў а. Піньятэлі правінцыялам Італіі ў 1803 годзе.
Піньятэлі распазнаў знакі свайго часу. Ён рупліва працаваў, каб убачыць поўнае аднаўленне Таварыства Езуса, і ніколі не пакідаў свайго абавязацельства служыць бедным і адгукацца на патрэбы Божага народу і Касцёла.
Хоць ён памёр за тры гады да таго, як Папа Пій VII ў 1814 годзе аднавіў Таварыства Езуса ва ўсім свеце, аднак ніколі не губляў надзеі на будучыню езуітаў і імкнуўся жыць Евангеллем у штодзённым жыцці.
У 2011 годзе, з нагоды 200-годдзя смерці Юзафа Піньятэлі, тагачасны генеральны настаяцель Таварыства Езуса Адольфа Нікалас напісаў:
У віры шматлікіх спраў і незлічоных стасункаў з прадстаўніікамі грамадскай і эканамічнай улады ён ніколі не грэбаваў патрабуючымі. Юзаф Піньятэлі шукаў бедных і дапамагаў ім шчодрай міласцінай. Ён таксама наведваў вязьняў і хворых і стаўся вядомым як “айцец бедных”. Несумненна, жыццё Юзафа Піньятэлі было прыкладам атрыманай і ахвяраванай іншым любові (Ліст ад 15 лістапада 2011 г.)
Навошта звяртацца да св. Юзафа Піньятэлі, пачынаючы новы год? Жыццё а. Піньятэлі прыйшлося на момант пераходу. Пераемнасць Таварыства Езуса шмат у чым абапіралася на ягоную здольнасць захоўваць мінулае, адначасова смела гледзячы ў сучаснасць і невядомую будучыню. Ён заставаўся побач са сваёй супольнасцю, працягваючы наладжваць новыя адносіны з патэнцыяльнымі сябрамі.
Самае галоўнае, што ён заставаўся блізка да Хрыста, прысутнага ў людзях бедных і ўразлівых. Зноў і зноў а. Піньятэлі адмаўляўся ад атрыбутаў камфорту і пагружаўся ў рэальныя патрэбы рэальных людзей, па прыкладзе Хрыста. І рабіў так дзень за днём.
Мяне натхняе ягоная спадчына. Юзаф Піньятэлі здолеў рухаць наперад справу глабальнага маштабу і заставацца поруч з тымі, хто быў вакол яго. Ён быў мостам паміж старым і новым.
Таму нам варта прасіць яго заступніцва цяпер, калі мы імкнёмся злучыць старыя шляхі 2023 года з новымі надзеямі на 2024 год.
Святы Юзаф Піньятэлі, маліся за нас.
Эрык А. Клэйтан – намеснік дырэктара па камунікацыях Канферэнцыі езуітаў Канады і ЗША, пісьменнік, жыве ў Балтыморы, штат Мэрыленд, з жонкай і дзвюма дочкамі.
Крыніца: https://www.ignatianspirituality.com/a-jesuit-saint-for-the-new-year-joseph-pignatelli-sj/