Больш пятнаццаці гадоў таму я ўпершыню адкрыла для сябе ігнацыянскую духоўнасць, і на той час я была глыбока перакананая, што мае жаданні і жаданні Бога наконт мяне неабавязкова павінны супадаць. Не ведаю, як гэтая думка з’явілася ў маёй галаве, але, тым не менш, сыходзіць адтуль яна не спяшалася. Я верыла, што Бог хоча, каб я служыла іншым і ставіла іх на першае месца. Пры гэтым, я шчыра верыла, што свае жаданні і памкненні я павінна паставіць на апошняе.
“Suscipe” (“Вазьмі, Пане”) – адна з першых ігнацыянскіх малітваў, з якой я пазнаёмілася. Яна толькі ўмацавала мае здагадкі. Пры першым спатканні з гэтай малітвай, я ўбачыла ў ёй поўнае ахвяраванне святым Ігнацыем сябе і свайго жыцця Богу. “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю” (ДП 234).
У той час, калі я толькі распачала шлях ігнацыянскай духоўнасці, гэтая малітва толькі пацвердзіла тое, у што я і так верыла: усё маё жыццё павінна стаць ахвярай, нават, калі гэта зробіць мяне няшчаснай.
Спатрэбіўся час, каб я зразумела, што малітва “Suscipe” невыпадкова знаходзіцца напрыканцы “Духоўных практыкаванняў”. Прысвячэнне нашага жыцця Богу і бліжняму не было для святога Ігнацыя пачатковай кропкай. Наадварот, ён распачаў з грунтоўнага ўмацавання ў веры, што Бог нас любіць, нягледзячы ні на што. Пачатковай кропкай св. Ігнацыя было ўсведамленне таго, што такая велікадушная любоў Бога не можа жадаць нашых пакутаў (нават калі мы, недасканалыя людзі ў атачэнні недасканалых людзей, часта церпім). Божая любоў настолькі велікадушная, што Бог напаўняе нас глыбокімі жаданнямі, а затым нястомна працуе над тым, каб даць нам усё неабходнае для іх рэалізацыі.
Толькі тады, узмоцненая велікадушнай любоўю Бога, малітва “Suscipe” набывае сэнс. І толькі пасля таго, як у нас укараніцца свядомасць, што Бог нас любіць, песціць і адорвае найглыбейшымі жаданнямі, прагненне любіць Яго пачне расці гэтак жа велікадушна. Толькі пасля таго, як мы зможам прыняць ідэю, што Бог сапраўды хоча, каб мы шукалі шчасця і суцяшэння ў гэтым жыцці, унутры нас расквітнее жаданне дапамагчы іншым зрабіць тое самае.
Пане, дзякую Табе,
што культывуеш ува мне
глыбокае жаданне
быць крэатыўнай.
Спатрэбіўся не адзін год,
каб зразумець
(не, лепш, паверыць),
што мае самыя патаемныя жаданні
паходзілі ад Цябе.
Калі гэта, нарэшце, сталася,
усё, што Ты пасадзіў,
вырасла і заквітнела
і пачало сілкаваць мяне.
Цяпер, калі я жыву з дарам
Тваёй велікадушнай любові,
дапамажы мне прапанаваць
святло,
ваду,
неабходнае сілкаванне,
каб тое, што Ты культывуеш у маіх бліжніх,
таксама магло расці і квітнець,
ахопліваючы пажарам любові ўвесь свет.
Грэтхен Краўдэр
Крыніца: https://www.ignatianspirituality.com/gods-magnanimous-love-and-the-suscipe/
Пераклад: Кацярына Пайлак