Сёння ў любым смартфоне ёсць немалая галерэя самых розных фотаздымкаў. Уладальнікі смартфонаў нібы “па змаўчанні”сталі фатографамі. У сваю чаргу, Сеціва дае магчымасць вывесці многія галерэі ў глабальную прастору. Творчыя здольнасці і непаўторная асабовасць кожнага стваральніка выяўляюцца ў велізарнасці лічбавага візуальнага патоку, у які мы час ад часу пагружаемся. Мы бачым прыгажосць дробязяў, прадстаўленых самымі рознымі людзьмі з розных куткоў свету, кур’езныя і трагічныя сітуацыі праходзяць перад нашымі вачамі. Вытворцы тэлефонаў стараюцца яшчэ больш удасканаліць фотакамеры, каб паспець за прагненнем людзей ствараць усё больш прыгожыя і непаўторныя кадры, на якіх застаюцца дзіцячыя ўсмешкі, працэс стварэння нейкай рэчы сваімі рукамі, рух і неруш прыроды, выразнасць і мяккасць ліній, святло і прыцемкі, праца і адпачынак, палёт фантазіі і пошук самавыражэння… Візуальны шэраг сапраўды бясконцы. Памеры дадзеных, якія захоўваюцца на серверах па ўсім свеце, сапраўды ўражваюць.
Не можа не здзіўляць багацце ракурсаў, дзякуючы якім адны і тыя ж рэчы выглядаюць па-новаму, цалкам унікальна. Аднак, у Бога, які глядзіць на Сусвет, ракурсаў непараўнальна больш. Ягоны позірк адначасова ахоплівае момант узнікнення і сыходу, цэлае стварэнне і найменшыя яго часцінкі, сувязі на ўсіх узроўнях, прызначэнне і спаўненне… Старажытнае “Бог цябе бачыць”, дзякуючы цяперашняй, падмацаванай рознымі прыладамі, здольнасці чалавека бачыць свет, атрымлівае новае адценне сэнсу. Богу як фатографу-аматару – аматару ў тым сэнсе, што Ён любіць створаны Ім свет, – дасяжныя ўсе магчымыя ракурсы… Ён любуецца першымі рухамі дзіцяці ў маміным жываце, і тым жа чалавекам, калі яму ўжо за 40, за 80… І калі хтосьці на шырокім прасторы раскідвае рукі ў захапленні і дыхае свабодай, і калі ўпіраецца ілбом у грухую сцяну і не ведае, куды далей ісці і дзеля чаго – Бог бачыць. Не схаваныя ад Яго прычыны смеху і крыку, слязы і з’едлівага жарту, прыхаванага болю, радасці, адчаю, бяссэнсу фальшывых слоў, жаху пустых вачэй… Бачыць лепш за нас, калі чалавеку не хапае любові. Бачыць сэрца, якое нагадвае чорную дзіру, якую нішто не можа наталіць. Ён хоча напоўніць яго Сабой, сваёй любоўю, прыгажосцю, праўдай, цяплом – і ўбачыць, як запальваюцца зноў агеньчыкі ў вачах, як выпростваецца сагнутая спіна, як Ягоная кветачка зноў расцвітае, не зважаючы на знешнія ўмовы.
Св. Ігнацый просіць перад кожнай малітвай нагадаць сабе: “Бог глядзіць на мяне з любоўю,” – і хвілінку-другую проста пабыць у жыццядайнай рэчаіснасці Ягонага позірку. О, гэты Фатограф ведае ўсе сакрэты майстэрства, Ягоныя ракурсы – самыя спрыяльныя. Кожная рысачка ў чалавеку дарагая Яму. А нам – у Ім?.. Ці ўглядаемся мы з любоўю ў Ягонае слова, у Ягоныя стварэнні, каб знайсці Яго ва ўсім, цешыцца Ім, размаўляць, ісці следам?
Тэрэса Клімовіч
Выява: Gina Yeo Photography