У самым пачатку Духоўных практыкаванняў святы Ігнацый папярэджвае: “Не багацце ведаў напаўняе і задавольвае душу, а глыбокае разуменне і смакаванне праўды” (ДП 2). Ён тут мае на ўвазе падрабязныя тлумачэнні таго ці іншага духоўнага практыкавання, бо не маштабнасць і ўсеабдымнасць ведаў прынясе чалавеку карысць і асалоду, але асабістыя разважанні і высновы.
Гэтае выказванне ў любы перыяд і для любых заняткаў гучыць актуальна, аднак Адвэнт надае словам святога Ігнацыя дадатковыя адценні. Духоўная інтуіцыя святога можа дапамагчы нам пражыць час Адвэнту больш асэнсавана і глыбока.
“Не багацце ведаў”… Ведаў наконт таго, што рабіць у Адвэнце, у наш час хапае: казанні, канферэнцыі, артыкулы з падказкамі і нават майстар-класы крок па кроку вучаць, як усё паспець і чаго не забыцца, але разабраўшыся з “тэорыяй”, можа аказацца, што душа так і засталася “галоднай”. Нібы ўсё робіш правільна, а заклік да радасці на свята Божага Нараджэння не знаходзіць унутры ніякага водгуку.
Калі прыслухацца да парады святога Ігнацыя, выходзіць, што ведаў будзе дастакова самых асноўных, сціслых – наколькі чалавек можа змясціць. “Глыбокае разуменне” ў залежнасці ад здольнасцяў і Божай волі будзе ў кожнага рознае, аднак важна не параўноўваць сябе з іншымі, але зважаць на сваю душу – у якой меры яна насычаецца гэтым разуменнем? Ці пачуваецца напоўненай і задаволенай?
У самім слове “смакаванне” столькі сэнсаў, асацыяцый, якія абуджаюць памяць і ўяўленне. Гэта багаты Божы дар – здольнасць усімі пачуццямі ўспрымаць рэчаіснасць, створаную Богам з любоўю да чалавека. Бог спрыяе чалавеку, працуе для яго, уважлівы да найменшых дробязяў. Адвэнт можа стаць яшчэ адным падарункам ад Бога, спрыяльным часам, каб душа адчула паўнату жыцця і насыцілася ёй. Простыя, звычайныя дзеянні “нармальнага” чалавечага існавання, якія часта ці амаль заўсёды ўспрымаюцца як руціна, абавязак, нудны высілак, вартыя пражывання і смакавання.
Высілак, каб устаць раней дзеля раратаў, дае магчымасць заўважыць падвоены цяжар свайго цела, якое не хоча ўставаць, пачуць ягоныя патрабаванні і скаргі, але і дацаніць пакорнае служэнне, калі рух з-пад цёплай коўдры усё ж пачынаецца. Марознае паветра халодзіць твар і напаўняе лёгкія, абвастраючы ўсведамленне кожнага ўдыху і выдыху – аснову нашага фізічнага жыцця. (Добрая нагода падзякаваць Богу, між іншым, за падтрыманне “ў фоне” жыццёва важных функцый арганізма.)
Хістаецца і дрыжыць полымя свечкі, аднак свеціць і грэе, прынамсі, пальцы таго, хто трымае раратні ліхтарых. Што гэты агеньчык кажа мне сёння?
Калі прыйсці заўчасна, у кожным храме можна слухаць цішыню. Так, у ёй лягчэй адчуць Божую прысутнасць, аднак, цішыня сведчыць і аб самотнасці, пустцы. Паступова цішыня святыні напаўняецца шолахамі, шэптамі, скрыпамі лавак, гартаннем старонак, а значыць, жывымі людзьмі, для якіх вось-вось прагучыць Божае слова, якое не будзе тым самым, што ў мінулыя гады, бо мы сёння іншыя, чым тады. І штосьці выслізне з-пад увагі, а штосьці ў кожнай Літургіі нібы выйдзе з ценю на святло, каб чалавек заўважыў і захаваў у сэрцы, забраў з сабой, потым раздумваў і смакаваў выраз, слова, вобраз, якія Бог даў асабіста кожнаму – дзеля насычэння і асалоды. Божае слова, як мёд, мае смак.
Дарэчы, важна звярнуць увагу ў агульным патоку “смакавання” і на смак ежы: што я ем, чаму абіраю тое ці іншае, ці падабаецца мне, ці дзякуе мне мой арганізм за тое, чым яго сілкую, і ці хочацца мне дзякаваць Богу, які ёсць сапраўдным Даўцам таго, што на маім стале. “Ці смакавала табе?” – мог бы спытацца Ён, але часам мы не будзем ведаць, што адказаць, бо насамрэч не ежа засталася ў памяці, а ўбачанае ў смартфоне, і “стравы”, прыгатаваныя Сецівам, не надта смакавалі нашай псіхіцы і сэрцу.
Даўно таксама вядома, што сузіранне прыроды ацаляе нас. Але дзеля таго патрэбна паўза ў штодзённым бегу, каб спыніцца і ўспрымаць усімі пачуццямі як мага больш велічных і маленечкіх рысаў навакольнай красы, дазваляючы Стварыцелю ахінуць нас звонку і знутры Сваёй любоўю, якой пранізаны створаны Ім свет.
Выбар калядных падарункаў таксама спачатку патрабуе “смакавання” адносінаў з канкрэтнай асобай: разуменне яе патрэбаў, удзячнасці за яе, жадання дабра.
Пытанне, адказ на якое мы ведаем напамяць: чаго мы чакаем ў Адвэнце? Прыйсця Збаўцы, які захацеў нарадзіцца сярод нас. Ці можна сказаць, што глыбока разумеем гэтую праўду? На самай справе, нават самае дасканалае смакаванне створанай рэчаіснасці не задаволіць душу дарэшты, бо яна прагне, па сутнасці, толькі Бога. Сутыкаючыся з мурамі сваёй абмежаванасці, якія не адолець ніякімі ўласнымі высілкамі, чалавек рана ці позна ўпіраецца ў глухую сцяну і не бачыць выйсця з сітуацый, выпрабаванняў, спакусаў, няўдач, цяжкасцяў… Бог не толькі спускае з вышыні драбіну, але сыходзіць па ёй сам, каб узяць Сваіх дзяцей за руку і паказаць шлях. Гэтая рэчаіснасць безумоўнай Божай любові – тая праўда, якую варта спасцігаць і смакаваць на працягу Адвэнту, каб падрыхтаваць у сэрцы месца для радасці сустрэчы з Богам, які прыходзіць.
Тэрэса Клімовіч