З дапамогай падрыхтаваных айцамі-езуітамі тэкстаў прапануем засяродзіцца на сямі адвэнтавых антыфонах, якія традыцыйна выкарыстоўваюцца ў чаканні Езуса, які прыходзіць, каб пасяліцца сярод нас. Абіраючы свой “тэмп руху”, можна размеркаваць разважанні ўвесь перыяд Адвэнту або маліцца апошнія 7 дзён да свята Божана Нараджэння, пачынаючы з 17 снежня.

О-антыфоны – гэта сем спосабаў паказаць Езуса, апісаць Яго. Іх можна знайсці ў Літургіі гадзінаў у вячэрніх малітвах, прызначаных на сем апошніх дзён Адвэнту, непасрэдна перад малітвай Magnificat. Іх паходжанне можна прасачыць да прароцтваў Ісаі, які кажа аб надыходзячым Месіі.

Мы будзем адводзіць дастаткова часу на кожную антыфону, даследуючы па чарзе адну з іх падчас разважанняў. Гэта павінна даць нам магчымасць па-сапраўднаму скарыстаць з багацця кожнай антыфоны. Так выглядаюць назвы разважанняў адпаведна вышэйзгаданым антыфонам:

О, Мудрасць
О, Пан
О, корань Есэя
О, ключ Давіда
О, Усход
О, Валадар народаў
О, Эммануэль

Ці не прыгадаліся табе словы спеву “Прыйдзі, прыйдзі, Эммануэль”, які мы чуем падчас кожнага Адвэнту? Але ж мала хто з нас задумваўся, што тэкст гэтай песні апісвае паходжанне і характар Езуса. Гэтыя своеасаблівыя анлайн-рэкалекцыі дапамогуць табе ўвайсці ў кожную антыфону з новымі вачамі і вушамі, каб пачуць тое, што Пан хоча сказаць.

Пачынаючы гэтае адвэнтавае падарожжа, задумаемся, якім чынам наступныя некалькі тыдняў павінны наблізіць нас да Езуса:

Што я спадзяюся атрымаць ад гэтых рэкалекцый?
Якім я бачу Езуса зараз?
Што б я расказаў пра Езуса, калі б нехта спытаўся ў мяне пра Яго?
Як я звяртаюся да Езуса?

Практычныя заўвагі

Пачнем з некаторых практычных падказак, якія могуць дапамагчы тым, хто не ўдзельнічаў раней у рэкалекцыях такога кшталту, або нагадаюць некаторыя моманты тым, хто ўжо з імі знаёмы. Зробім мы гэта ў трох накірунках: як, калі і што.

Толькі адно пытанне датычыць «як»: як шмат часу ты мяркуеш прысвяціць кожнай малітве-разважанню? Найлепш вырашыць гэтае пытанне загадзя і паспрабаваць прытрымлівацца яго. Не здавайся адразу, як толькі малітва падасца крыху сумнай, але і не зацягвай доўга, калі з’явіцца ўражанне, што яна ідзе вельмі добра. Матэрыял, прадстаўлены ў кожным з разважанняў, разлічаны на 20-25 хвілін, але ты можаш, па жаданні, прызначыць больш часу, каб падрыхтаваць сябе да малітвы і/альбо застацца ў цішыні пасля яе. Проста трэба выбраць час, які ты ў стане змясціць у сваю паўсядзённую руціну.

Каб вызначыць «дзе», падумай спачатку, які час сутак табе найлепш падыходзіць для засяроджаных разважанняў: раніца, вечар або перапынак на працягу дня? Адказ на гэтае пытанне прапануе наступнае: дзе табе будзе прасцей і лепш за ўсё маліцца такім чынам?

Нарэшце, каб зразумець «што», спытай сябе, дзеля чаго ты ўсё гэта робіш. Якія дары і ласкі ты маеш надзею атрымаць ад Бога падчас малітвы? Вельмі важна ўсведамляць свае прагненні, просьбы, інтэнцыі яшчэ да пачатку малітвы.

Дастаткова выдаткаваць некаторы час, каб адказаць на гэтыя пытанні, — і ты будзеш гатовы распачаць малітоўны час разважанняў над антыфонамі.

Калі ты прыступаеш да чытання, проста ўсведамляй прысутнасць Бога, які запрашае цябе на сустрэчу з Ім, а таксама памятай пра ўсіх іншых людзей па ўсім свеце, якія моляцца гэтымі разважаннямі плячо ў плячо з табой.

Разважанне 1. О, Мудрасць

Большасць людзей здольныя глыбей увайсці ў малітву, калі паклапоцяцца пра свой унутраны супакой. Таму ў пачатку кожнай штодзённай малітвы мы будзем прапаноўваць адно практыкаванне супакою і праводзіць вас праз яго.

Можа стацца, што некаторыя з іх будуць дзейснымі больш за іншыя, таму адзначай, што дапамагае табе найлепшым чынам, каб пасля ты мог гэтым карыстацца. Сёння мы пастараемся прыняць і адчуць мудрасць свайго цела. Мы часта ігнаруем яе. Калі ж прыслухаемся, цела можа загаварыць да нас і адкрыць тое, што прапусціла нашая свядомасць.

Ты можаш сядзець, стаяць, праходжвацца. Заўваж, як ты сябе адчуваеш у сваім целе. Табе цёпла ці холадна? Камфортна ці не вельмі? Расслаблена, напружана? Звярні ўвагу, як ногі датыкаюцца зямлі, абутку …працягвай свой шлях па целу вышэй — аж да плячэй, адзначаючы па ходзе свае адчуванні… гэтаксама прайдзіся ўздоўж рук ад пальцаў да плячэй… часта мы назапашваем напружанне менавіта ў плячах… калі ты яго заўважыў, адпусці яго… рухайся далей — да галавы і мышцаў твару… калі сустракаеш якое-небудзь напружанне, пастарайся хоць крыху пазбавіцца яго… вакол вачэй, вуснаў, сківіц… вызваляйся ад напружання, калі выдыхаеш паветра, уяўляй, што ты аддаеш яго Богу, выпускаеш яго ў Бога.

Ці адчуваеш зараз, што тваё цела хоча табе сёння сказаць?

Разважанне

Антыфона:

Мудрасць, што паходзіш з вуснаў Найвышэйшага,
Ты распасціраешся ад краю да краю,
распараджаешся ўсім з моцай і лагоднасцю;
прыйдзі і навучы нас шляхам разважнасці.

Давай вернемся да самага пачатку: да стварэння свету і падзення, і паслухаем звязаную з тым наступную гісторыю.

Бог быў у захапленні ад усяго, што стваралася праз Яго словы. Аднак сатана ад зайздрасці плёў інтрыгі, каб сапсаваць Божую справу. Бачачы, што Божая сіла тоіцца ў слове, якое выходзіць з Яго вуснаў, сатана сказаў Богу: «Дазволь мне апячатаць Твой язык і спакушаць стварэнне. Мы тады ўбачым, ці можа яно паклапаціцца пра сябе само». Як гэта ні дзіўна, Бог пагадзіўся. І сатана узяўся за працу, спакушаючы людзей да сапсавання. Наступствы граху былі вельмі яўнымі для спрадвечных Божых вачэй. Бог звярнуўся да сатаны і падняў адзін палец. Сатана зразумеў, што Бог захацеў вымавіць толькі адно слова і вырашыў дазволіць яго. У рэшце рэшт, што можа зрабіць адно слова ў абліччы ўсяго зла, якое распаўсюдзілася па зямлі, і граху, які ўжо ўвайшоў у звычку і пранізаў усё чалавецтва. Да таго ж сатана спадзяваўся высмеяць бяссільнасць Бога, таму ён зняў пячатку з Божага языка. А Бог ужо быў гатовы вымавіць гэта адно слова і ўдыхнуць у яго ўсю паўнату сваёй Любові і Мудрасці. І слова, якое выйшла з вуснаў Божых, было… «Езус».

Прачытай павольна ўрывак з Евангелля ад Лукі пра тое, як Мудрасць уваходзіць у наш свет:

«У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус”».

Размова з Богам
  • Мудрасць Бога — гэта Дзіця, народжанае маладой жанчынай у нязначным гарадку ў знясіленай краіне з карумпіраванымі лідарамі, якія супрацоўнічаюць з Рымам.
  • Задумайся над гэткім адказам Бога. Правядзі некаторы час з Марыяй, якая атрымлівае вестку «Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус».
  • Становішча свету прыгнятае нас. Мы прагнем, каб Бог, нарэшце, умяшаўся і натхніў ясным мысленнем усіх тых, хто прымае важныя рашэнні, якія ўплываюць на жыццё мільярдаў людзей, асабліва бедных. Мы марым, каб нашыя лідары былі мудрымі.
  • Памолімся за ўсіх свецкіх і рэлігійных лідараў, каб яны здолелі адкрыцца на Божую мудрасць.
  • Святкуючы Божае Нараджэнне, мы паказваем дзіўную прыроду Божай мудрасці. Адказ Бога на цяжкае становішча ў свеце тады і цяпер і заўсёды — Езус.
  • Што Бог паказвае асабіста табе фактам свайго ўцелаўлення?

Калядны перыяд — гэта не нагода, каб схавацца ад свету, поўнага цяжкіх праблемаў, клопатаў, няшчасця. Гэта асаблівы час для таго, каб заўважыць, як Бог прагне ўвайсці ў наш свет. У Адвэнце мы часта чуем спеў:

Вось Пан Бог надыходзіць,
са святымі прыбывае,
і святло ўсім заяснее.
Аллелюя, аллелюя!

Як і чым табе хочацца адказаць гэтаму Богу, Які ўваходзіць у свет?

О, Мудрасць,
Пан,
корань Есэя,
ключ Давіда,
Усход,
Валадар народаў
Эммануэль,
прыйдзі, Езу.

Разважанне 2. О, Пан

Сёння, каб знайсці цішыню і супакой, мы будзем вучыцца паўтараць вельмі важнае слова.

Усведамі, дзе ты знаходзішся… як сябе адчуваеш… што з табой адбываецца… аддай гэта ўсё Богу… Потым папрасі ў Бога тое, чаго прагнеш у сённяшняй малітве… напрыклад, прызнаць Езуса сваім Панам, альбо штосьці іншае… затым вазьмі арамейскае слова Maranatha, якое азначае «Прыйдзі, о, Пане», і паўтарай яго ў рытме дыхання… Maranatha. Некалькі хвілін… Калі штосьці адцягнула тваю ўвагу, проста вярніся да слова.

Разважанне

Антыфона:

Пан і Валадар Ізраэля,
Ты ў палаючым кусце аб’явіўся Майсею
і на Сінаі даў яму закон,
прыйдзі і вызвалі нас сваім магутным плячом.

Вучні часам называлі Езуса Панам. Верагодна, і ты гэтак звяртаешся да Яго — і слушна робіш. У некаторых выпадках Езус і сам пра сябе так гаворыць.

Слова «Пан» азначае ўладу і нагадвае пра словы Хрыста, якімі заканчваецца Евангелле паводле Мацвея: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі». Апошнія Ягоныя словы гучаць як суцяшэнне, якое не варта забываць: «І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку».

Такім чынам, Ён будзе з намі, і ўся ўлада належыць Яму. У гэтую цёмную зімовую пару нам няма чаго баяцца.

Дазволь жа Езусу быць з табой. Што Ён хоча табе адкрыць? А што ты хочаш, каб Ён ведаў?

У канцы XIV стагоддзя Еўропа апынулася ў абцугах чумы, і многія ўжо баяліся, што свет набліжаецца да канца. У гэты змрочны час Юліяна з Норвіча, містык і багаслоў, адкрыла людзям вобраз Бога, які прабывае з гэтым неспакойным светам.

Яна сцвярджала: якія б няшчасці нас не напаткалі, з якімі выклікамі мы б не сутыкнуліся, — Езус ёсць Панам, і Ён заўсёды з намі. Юліяна адчула, што Бог сказаў: «Усё будзе добра, і ўсё ідзе да дабра, і кожная рэч будзе добрай». Яна пакінула ў сваіх запісах і наступныя словы, скіраваныя да яе і да нас:

«Паглядзі, Я – Бог. Паглядзі, Я ёсць ва ўсім. Паглядзі, Я раблю ўсё. Паглядзі, Я ніколі не спыняю сваёй працы, і так будзе вечна. Глядзі, Я вяду ўсё да завяршэння, якое Я прадвызначыў яшчэ да пачатку часоў, з той жа моцай, мудрасцю і любоўю, з якімі Я стварыў усё. Як штосьці можа быць не так?»

Размова з Богам
  • Гэта запрашэнне даверыцца Божаму Провіду. Нам не трэба звар’яцела намагацца выправіць усё, што ў свеце яшчэ няправільна.
  • Зараз вярніся зноў да слова Maranatha. Выдыхаючы паветра, дазволь адыйсці неспакою за сваё жыццё і будучыню.
  • Аднак давер Божаму Провіду не дае права на пасіўнасць. І калі ты зрабіў выснову, што не трэба нічога рабіць па той прычыне, што Езус ёсць Панам, — то моцна памыліўся. Мы пакліканыя абраць сярэдні шлях, на якім можам пачуць Езуса, нашага Пана, які заахвочвае нас працаваць з Ім дзеля дабра ўсяго свету.
  • Якім чынам Езус кліча цябе да супрацоўніцтва з Ім? Прыслухайся да Яго. Адкажы Яму.
  • Ведаючы, што мы можам поўнасцю даверыцца Богу, мы не мусім празмерна спадзявацца на сродкі бяспекі, якія прапануе свет. Затое мы можам больш шчодра дзяліцца сваім часам, талентамі і багаццем.
  • Адары нас, Пане, даверам да Цябе…
    Maranatha . . . Прыйдзі, о, Пане.

О, Мудрасць,
Пан,
корань Есэя,
ключ Давіда,
Усход,
Валадар народаў
Эммануэль,
прыйдзі, Езу.

Разважанне 3. О, Парастак Давіда
Калі побач з табой ёсць акно, паглядзі праз яго на вуліцу. Калі не, проста ўяві сабе прыроду ў гэтую пару года. Які сёння дзень? Што ты бачыш альбо ўяўляеш? Некаторы час проста прабывай у гэтым, напэўна, халодным зімовым дні. Калі ёсць магчымасць і жаданне, выйдзі на шпацыр, затрымайся каля дрэва без лісця, знайдзі звялую раслінку ці штосьці іншае як адлюстраванне нечуллівасці зімы. І проста дазволь гэтаму быць тым, чым яно ёсць.
Разважанне

Антыфона:

О, корань Есэя, які ўзносішся, як знак для народаў,
перад табою каралі замоўкнуць,
Табе народы будуць маліцца,
прыйдзі, каб вызваліць нас, і не спазняйся.

У Ісаі мы чытаем: «Выйдзе парастак з пня Есэевага, і атожылак з кораня ягонага прынясе плод» (Іс 11, 1-2). Есэй быў бацькам караля Давіда, і габрэі верылі, што Месія будзе паходзіць з роду Давіда. Хрысціяне лічаць, што ў Езусе споўніліся прароцтвы. Корань Есэя — гэта продкі Езуса, а Ён, у сваю чаргу, — парастак, які стане кветкай жыцця.

У Евангеллі паводле Лукі Захарыя, бацька Яна Хрысціцеля, гаворыць пра тое, што Бог збіраецца зрабіць праз Езуса, і якую справу даручае Яну.

Захарыя, бацька Яна, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы:
Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля,
бо наведаў і адкупіў народ свой,
і ўзняў рог збаўлення для нас
у доме Давіда, слугі свайго.
Як абвясціў спрадвеку
вуснамі сваіх святых прарокаў,
што збавіць нас ад ворагаў нашых
і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.
Каб аказаць міласэрнасць айцам нашым
і нагадаць пра святы запавет свой,
прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму,
дасць нам.
Каб, выбаўленыя з рук ворагаў нашых,
мы без страху служылі Яму
ў святасці і справядлівасці перад Ім
ва ўсе дні нашыя.
А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа,
бо пойдзеш перад абліччам Пана
падрыхтаваць шляхі Яму,
каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне
праз адпушчэнне яго грахоў,
дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога,
у якой наведаў нас Усход з вышыні,
каб асвятліць тых,
хто сядзіць у цемры і ў ценю смяротным,
каб накіраваць ногі нашыя
на шлях спакою (Лк 1, 67-79).

Жывучы ў Паўночным паўшар’і Зямлі, мы зараз набліжаемся да сярэдзіны зімы. Нічога не расце. Дрэвы і кусты дрэмлюць. Час кветак даўно мінуў. Выгляд навакольнай прыроды пэўным чынам уплывае і на стан нашай душы. Магчыма, мы адчуваем, што яна таксама замірае ў гэты, пазбаўлены жыцця, час. Зіма можа сімвалізаваць становішча ўсяго чалавецтва, — сцятага, нібы марозам, пакінутасцю.

Дзе ў свеце, у Касцёле ці ў сабе ты назіраеш падобны недахоп жыцця і колераў?..

Пад зямлёй прырода чакае свайго часу, але не бяздзейнічае. Цыбуліны гадуюць свае карані, насенне трывае ў замаразкі і рыхтуецца прарасці, як толькі халоднае надвор’е зменіцца на цёплае. Карані дрэў не прыпыняюць актыўнасці нават зімой, шукаюць у глебе і захоўваюць да вясны карысныя рэчывы, рыхтуючыся да бурлівага вясновага росту.

Гэта добры вобраз для нашай малітвы, асабліва ў тыя перыяды жыцця, калі знешне нічога не адбываецца. Калі ты адчуваеш у сабе сухасць, ты можаш проста дазволіць ёй быць і спадзявацца на Бога, які ведае, што робіць. Дазволь сабе крыху адпачыць у Ягоных руках. Не фарсіруй з’яўленне сваіх вясновых парасткаў. Дазволь сабе быць тым, кім ты ёсць, і там, дзе ты ёсць.

І дазволь Езусу быць тым, кім Ён ёсць.

Размова з Богам
  • Чалавецтва чакала прыйсця Месіі на працягу многіх пакаленняў. Гэтае чаканне часам выглядала безнадзейным. Мы працягваем спадзявацца, што Ён прыйдзе і зламае цвёрдую абалонку нашых сэрцаў, напоўніць колерамі нашае манахромнае жыццё. Адвэнт як час чакання дае нам падставу спыніцца і ясна выразіць сваё прагненне: каб Езус прыйшоў да нас, пусціў карані ў нашых сэрцах, заквітнеў у нас… Паспрабуй пагаварыць з Ім пра гэта.
  • Ці жадаем мы квітнець і прыносіць плён разам з Езусам? Калі Ён прыходзіць да нас, ці не нараджаецца ў нас імкненне (жаданне) занесці Яго іншым людзям?.. ахвяраваць сябе іншым?… дадаць свету, які жыве ў нястачы, крыху святла, колераў і цеплыні?
  • Выкажы Езусу сваё жаданне быць з Ім і працаваць з Ім.

З-пад паверхні зямлі, як вясной,
любоў узыходзіць ізноў…

О, Мудрасць,
Пан,
корань Есэя,
ключ Давіда,
Усход,
Валадар народаў
Эммануэль,
прыйдзі, Езу.

Разважанне 4. О, Ключ Давіда

У цябе ёсць дзесьці непадалёк нізка ключоў? Патрымай у руцэ некалькі з іх ці хаця б адзін ключ. Прыгледзься да іх. Адчуй іх на дотык, звярні ўвагу на іх вагу, памер, колер, тэмпературу і іншыя магчымыя характарыстыкі. Навошта гэтыя ключы? Якія асацыяцыі яны выклікаюць у цябе? Як з іх дапамогай можна апісаць тваё жыццё, абавязкі, дары, цяжкасці?

Трымай іх. Глядзі на іх. Няхай на іх зірне Бог. І няхай Бог глядзіць на цябе.

Разважанне

Антыфона:

О, ключ Давіда і жазло дому Ізраэля,
Ты адкрыеш, і ніхто не замкне.
Ты замкнеш, і ніхто не адчыніць.
прыйдзі і вызвалі зняволенае ў вязніцы чалавецтва,
што знаходзіцца ў змроку і смяротным ценю.

Вялікай колькасці людзей на свеце не хапае самага неабходнага. Нас нават можа паралізаваць усведамленне велізарнай колькасці патрэбаў і праблемаў свету. Іх цяжар нас прыгнятае. Мы не бачым перад сабой дарогі праз гэты цёмны лес. Езус Хрыстус гаворыць нам, што Ён з’яўляецца гэтай дарогай.

«Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце». Кажа яму Тамаш: “Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?” Езус сказаў яму: “Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне”» (Ян 14, 1-6).

Езус — дарога, шлях, ключ, які адкрывае брамы Валадарства. Езус дае ключы Нябеснага Валадарства Пятру. У пэўным сэнсе, мы ўсе падзяляем гэтае Пятровае пакліканне. Бог дае кожнаму з нас шлях адмыкання дзвярэй іншым людзям. Тым шляхам нязменна з’яўляецца Езус, аднак кожны з нас мае асабісты спосаб сведчання пра Езуса з прычыны нашага ўнікальнага досведу адносінаў з Ім. Унікальны ключ мае кожны чалавек.

Што ты бачыш у Езусе такога, чым добра было б падзяліцца са светам?

Твае асабістыя якасці, твае дары, жыццёвыя абставіны, ТЫ — можаш адкрыць штосьці новае пра Хрыста. Ты можаш паказаць тое, што заставалася незаўважаным. І гэта можа стаць тым ключом, які адамкне дзверы іншым людзям.

Калі Езус кліча чалавека, то заўсёды кліча да вучнёўства — гэта ўніверсальнае пакліканне. Больш таго, асабіста ты пакліканы быць вучнем. Менавіта ты. Гэтую ідэю адстойваў Герберт Альфонса ў сваёй цудоўнай кнізе «Асабістае пакліканне» (Herbert Alfonso The Personal Vocation). Ён сцвярджаў, што падказкай — або, можна сказаць — ключом да твайго асабістага паклікання з’яўляецца тое, што дае тваёй душы жыццё і энергію, што прыносіць ёй святло. Пацверджаннем таго, што ты добра зразумеў свой дар, будзе плённасць яго для іншых людзей, якая можа праявіцца самымі разнастайнымі спосабамі.

Размова з Богам
  • Такім чынам, надышоў час для пытання: што прыносіць у тваё жыццё святло і энергію? Пагавары пра гэта з Езусам. Ці не знаходзіцца там ключ да твайго асабістага паклікання?
  • Пакліканне заўсёды азначае, што адначасова ты прабываеш з Езусам і з’яўляешся пасланым праз Яго.
  • Распазнаванне запрашае нас шукаць свой творчы спосаб любіць. Калі я не магу вырашыць усе праблемы свету, то што я ў стане зрабіць на сваім узроўні? Якія дзверы Бог хоча, каб я адчыніў? Яшчэ раз узгадаем, што гэта персанальнае пакліканне. Яно крыецца ў асабістай сувязі з Хрыстом, з Ключом, які мы здольныя знайсці, а потым убачыць, якім чынам Ён жадае аб’явіць сябе ў нашым жыцці.
  • Езус адчыняе штосьці ў нас так, што дзверы шырока адкрываюцца для любові. Мы становімся здольнымі любіць. Вось чаму Езус з’яўляецца ключом Нябеснага Валадарства, які ўвесь час хоча прыйсці на зямлю, уцелавіцца ў кожным з нас, калі чалавек чуе Ягоны заклік і адказвае на яго.

Калі ты не ведаеш, у чым тваё пакліканне, папрасі Езуса паказаць табе яго.

О, Мудрасць,
Пан,
корань Есэя,
ключ Давіда,
Усход,
Валадар народаў
Эммануэль,
прыйдзі, Езу.

Разважанне 5. О, Усход
Калі ёсць магчымасць, знайдзі месца, дзе на цябе будзе свяціць сонца. Няхай ягоныя цёплыя промні атуляць і сагрэюць цябе. Святы Ігнацый прапанаваў духоўную версію гэтага практыкавання. Перад тым, як пачаць малітву, нам трэба каля хвіліны пастаяць у цішыні, дазваляючы Богу зірнуць на нас — Богу, які стварыў нас і моцна любіць. Таму прысвяці зараз гэтую хвіліну Яму.
Устань, калі можаш, ці застанься сядзець, калі так для цябе лепш. Прабывай у супакоі, і няхай Бог глядзіць на цябе, альбо прабывае з табой такім чынам, як Ён жадае…
Разважанне

Антыфона:

О, Усход, бляск вечнага святла і Сонца справядлівасці,
прыйдзі і асвятлі тых,
хто знаходзіцца ў краіне смяротнага ценю.

У гэты час зімовага сонцастаяння мы перажываем самыя кароткія дні і самыя доўгія ночы года. Але, нягледзячы на цемру ночы, Езус ззяе, як прамяністы світанак. Бываюць моманты, калі мы эмацыянальна (афектыўна) перажываем гэтую праўду, – і адчуваем сябе суцешанымі. У іншы час мы стараемся верыць у гэты бляск світання, нават калі наша ўласная цёмная ноч азмрочвае нашыя пачуцці. І такое перажыванне таксама з’яўляецца суцяшэннем, хоць і менш адчувальным. Можна назваць гэта больш «суцяшэннем галавы», чым «суцяшэннем сэрца».

У тваім жыцці верай — у дадзены момант — ці адчуваеш суцяшэнне? Датычыць яно сэрца ці галавы?

У тваім жыцці верай — у дадзены момант — ці адчуваеш суцяшэнне? Датычыць яно сэрца ці галавы? Часам Бог дапускае пэўную сухасць або цемру ў нашым жыцці, але не пакідае нас. Ён застаецца з намі, Ягонае святло не гасне. Проста мы не можам успрымаць гэтае святло. Вось што пісаў на гэтую тэму святы Ян ад Крыжа:

«Трываласць у цемры з’яўляецца падрыхтоўкай да вялікага святла».

«У цёмнай ночы душы ярка цячэ рака Бога».

«Бог вымушаны працаваць над душой таемна і ў цемры, бо калі б мы добра ведалі, што адбываецца, і якая Таямніца, пераўтварэнне, Бог і Ласка задзейнічаныя для нас, у рэшце рэшт, мы спрабавалі б кантраляваць альбо спыніць увесь працэс».

Адзін з канонаў Тэзэ вельмі сугучны сённяшняму разважанню:

З Табой цемра
не будзе цёмнай вакол нас,
А ноч, як светлы дзень, заяснее.

Дзе ты адчуваеш святло Хрыста ў сваім жыцці? З асалодай затрымайся там. Удыхні гэтае святло.

Размова з Богам
  • Ці ёсць у цябе цёмныя месцы, куды Бог не павінен зазіраць? Ці адважышся паказаць Езусу гэтыя часткі сябе?
  • Якім чынам Езус хоча прынесці сваё гаючае святло, каб ахінуць цябе дарэшты цяплом сваёй любові?
  • Ці дазволіш Яму гэта зрабіць?

О, Мудрасць,
Пан,
корань Есэя,
ключ Давіда,
Усход,
Валадар народаў
Эммануэль,
прыйдзі, Езу.

Разважанне 6. О, Валадар народаў

Азірніся назад: на мінулы дзень альбо на апошнія 24 гадзіны. … дзе ты быў? Што рабіў? З кім і як ты правёў гэты час?

Дзе і ў чым ты бачыш найбольш жыцця, святла і энергіі? А ў якія моманты жыццё нібы пакінула цябе?

Дзе ты заўважыў працу Бога над табой альбо над светам за гэты час? Якія падарункі прынёс пражыты дзень? Ці быў у іх схаваны “залаты самародак”?

Паразмаўляй з Богам пра свае назіранні.

Разважанне

Антыфона:

О, Валадар народаў,
краевугольны камень, які злучыў усе народы ў адзін Божы люд,
прыйдзі і збаў чалавека,
якога Ты стварыў з зямлі.

У апісанні Божага нараджэння ў Евангеллі паводле Мацвея прысутнічаюць тры мудрацы з Усходу, якія прыносяць Езусу золата, як сімвал таго, што гэтае Дзіцятка — кароль. Тым не менш, фактычная адсутнасць раскошы ў Святой Сям’і гаворыць нам штосьці вельмі важнае пра нашага Бога. Далейшае жыццё Езуса скажа нам яшчэ больш. Божы Сын выбірае шлях пакоры.

Святы Павел у сваім пасланні да Філіпянаў нагадвае нам пра гэта:

Калі ёсць які заклік у Хрысце, калі ёсць якое падбадзёрванне любові, калі ёсць якая лучнасць духа, калі ёсць якое сардэчнае спачуванне, то дапоўніце радасць маю, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую любоў, былі аднадушнымі і аднадумцамі. Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых.

Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе.

Ён, будучы ў постаці Бога,
не скарыстаў з таго,
каб быць нароўні з Богам,
але выракся самога сябе,
прыняўшы постаць слугі,
прыпадобніўшыся да людзей.
І з выгляду стаўшы як чалавек,
прынізіў сябе, будучы паслухмяным
ажно да смерці,
смерці крыжовай.
Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя,
каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных,
зямных і падземных,
і каб кожны язык вызнаваў,
што Панам ёсць Езус Хрыстус
дзеля хвалы Бога Айца.

Прапануем медытацыю з Духоўных практыкаванняў святога Ігнацыя, якая запрашае нас уявіць сабе зямнога караля і пайсці за ім на бітву.

Каралеўства

Частка першая

Падумай пра сучасны свет з яго праблемамі, патрэбамі і недахопамі… Магчыма, няшчасце якой-небудзь кропкі на Зямлі баліць табе мацней за іншыя.

Цяпер уяві, што з’яўляюцца, нарэшце, людзі, якія нясуць з сабой надзею, бо маюць пэўны план, ведаюць спосаб усё выправіць. Яны валодаюць патрэбнай кваліфікацыяй для выканання гэтай працы. У іх ёсць бачанне і рэалізм, каб разумець сутнасць праблемаў. Выкарыстай сваё ўяўленне, каб убачыць гэтых людзей…. іх знешні выгляд, вопратку, іх манеру паводзінаў, іх жыллё… Прыслухайся, як яны распавядаюць пра сябе… Якія ў іх планы, праекты?… Як яны збіраюцца іх рэалізаваць?… Як яны размаўляюць з іншымі?… Якімі якасцямі валодаюць? Які стыль жыцця вядуць?

Палічым за магчымае, што яны маюць штосьці такое, каб натхніць цябе і павесці за сабою. Ты б здолеў акрэсліць, што гэта магло б быць? Можаш уявіць, што ты ідзеш за імі, працуеш з імі, трываеш, нягледзячы на цяжкасці?

Вось яны сабралі вялікую залу людзей, каб прадставіць свае праекты. Ты знаходзішся там і слухаеш выступы, сочыш за імі. Да чаго яны заклікаюць? Якімі словамі карыстаюцца?

Затым уяві, што ўсе пакінулі залу, акрамя цябе. Ты сядзіш у адзіноце. Ты задаешся пытаннем: як людзі маглі адмовіцца ад такога закліку? Зрэшты, хто мог бы адгукнуцца на яго? Што выбіраю я? Няхай бы і я вырашыў адысці. Што магло падштурхнуць мяне так зрабіць?

Праз некаторы час пераходзім да другой часткі разважання.

Частка другая

Калі пэўныя людзі маглі б прыцягнуць мяне да сябе, то наколькі ж больш — сам Езус.

Уяві, што Езус размаўляе са сваімі 72 вучнямі. Яны сядзяць на пагорку. Паглядзі на іх. Што такога незвычайнага вучні бачаць у Езусе? Чым Ён іх натхняе ісці за Ім? Паспрабуй убачыць, як Ён апрануты… як Ён трымае сябе… які ў Яго позірк…  інтанацыя голасу… Ці мог бы такі чалавек быць прыцягальным менавіта для цябе? Што Ён павінен быў казаць, якімі планамі дзяліцца, каб захапіць цябе? Якія Ягоныя мары здолелі б запаліць тваю душу?

Размова з Богам
  • А цяпер паслухай Яго. Якія словы Езуса могуць натхніць цябе да абяцання і захавання Яму вернасці?
  • І паразважай яшчэ над тым, што пакуль хтосьці задумваецца, ці далучыцца да такога чалавека, як Езус, некаторыя пажадалі быць да Яго як мага бліжэй — куды б Ён ні пайшоў, і што б Ён ні рабіў; застацца з Ім, нягледзячы ні на што; пайсці за Ім і раздзяліць Ягоныя няшчасці і радасці, Ягоны трыумф і Ягоныя паражэнні…
  • Што ты хочаш сказаць Езусу ў гэты момант?

О, Мудрасць,
Пан,
корань Есэя,
ключ Давіда,
Усход,
Валадар народаў
Эммануэль,
прыйдзі, Езу.

Разважанне 7. О, Эммануэль

У якасці шляху да супакою выкарыстай сёння сваё дыханне. Пачні з увагі да таго, як ты дыхаеш: пачуй гук свайго дыхання, ягоны рытм. Няма патрэбы змяняць хуткасць… Адзнач, як паветра ўваходзіць у тваё цела, напаўняе лёгкія, падтрымлівае тваё жыццё і потым выходзіць…  Удых-выдых…

Удыхні любоў Бога да цябе… і выдыхні ўсё, чым хочаш падзяліцца з Богам, або – адпусці ўсё і аддай Богу… дыхай пры гэтым глыбока…  зрабі так тройчы.

Разважанне

Антыфона:

О, Эммануэль, наш валадар і заканадаўца,
спадзяванне народаў і іх Збаўца,
прыйдзі, каб вызваліць нас,
Пане наш, Божа.

Рэальнасць цярпення заўсёды з’яўлялася праблемай любой рэлігіі. Канешне, мы б хацелі, каб Бог знішчыў усе пакуты. Але якім коштам? Ці будзе гэта азначаць канец таго створанага свету, які мы ведаем? Спыненне праекта «Чалавек»… Было б прасцей ніколі і не пачынаць яго.

Стваральны працэс заўсёды прыцягвае да сябе цярпенне. Стварэнне разумных істот азначае таксама рэальнасць зла. Калі Бог вырашыў удыхнуць жыццё ў істоты, якія Ён стварыў, Ён адважыўся на праблемы. Не магло быць іначай. Аднак, калі Бог увайшоў у стварэнне і таксама стаў чалавекам, усё змянілася. Прынамсі, мы ўжо не павінны адчуваць сябе самотнымі. І, магчыма, нават усведамлення гэтага факту нам будзе дастаткова. Пакуты і зло будуць па-ранейшаму існаваць, але Бог будзе з намі. Бог ёсць з намі. Эммануэль.

Ці здольны ты выйсці на арэну, дзе пакутуе чалавецтва сёння? Такім месцам можа быць твой уласны боль ці цярпенні іншых людзей… Дзе Бог у гэтых пакутах? Дзе Ён жадае быць?

Роналд Сцюарт Томас уявіў момант, калі Святая Тройца прымае рашэнне аб Уцелаўленні, і выразіў гэта ў сваёй паэме «Прыйсце» (The Coming)

Маленькі шар трымаў Бог у руцэ.
«Глядзі», — сказаў.
І Сын зірнуў. Далёка,
як скрозь ваду, убачыў Ён
пякучы колер спаленай зямлі.
Агонь палаў паўсюль;
скарынкі спечаных будынкаў
адкідвалі цені;
як бліскучы змей, рака вілася,
зіхоткая ад слізі.
Аголенае дрэва на пустым узгорку скардзілася небу.
І людзі да яго цягнулі свае худыя рукі,
ў чаканні зніклага даўно красавіка,
які нібыта вернецца
да скрыжаваных тых галінаў.
Сын назіраў за імі.
«Дазволь, пайду туды», — прамовіў.

Размова з Богам
  • Як ты ўяўляеш сабе гэтую сцэну? Чалавецтва ў стане пакінутасці. Святая Тройца пазірае на свет. Езус просіць, каб Яго паслалі на зямлю, што б гэта не значыла і чаго б не каштавала. Паглядзі, як Ён звяртаецца да Айца са сваёй просьбай: “Дазволь, пайду туды”.
  • О, Эммануэль. Бог з намі.
  • Пагавары з Ім зараз. Выкажы ўсё, што маеш на сэрцы.

О, Мудрасць,
Пан,
корань Есэя,
ключ Давіда,
Усход,
Валадар народаў
Эммануэль,
прыйдзі, Езу.

Прагляд рэкалекцый

Пасля рэкалекцый вельмі важна азірнуцца назад і зрабіць некаторыя высновы. Цалкам магчыма, што ты глядзіш цяпер на Езуса новымі вачыма, бо сустрэўся з Ім нечакана і асабіста.

Узгадаем пытанні з уводзінаў да рэкалецый:

Што я спадзяюся атрымаць ад гэтых рэкалекцый?
Якім я бачу Езуса зараз?
Што б я расказаў пра Езуса, калі б нехта спытаўся ў мяне пра Яго?
Як я звяртаюся да Езуса?

Ці змяніўся ў цябе вобраз Езуса за гэты час? Магчыма, адно з рэкалекцыйных разважанняў вылучалася больш за іншыя…

У якасці рэзюмэ прапануем паслухаць яшчэ раз імёны Езуса з адвэнтавых антыфонаў, каб прыгадаць асноўныя моманты сустэч з Богам падчас кожнага разважання.

О, Мудрасць… «Езус» — адзінае слова, якое выйшла з вуснаў Божых.
О, Пан… аўтарытэт Бога.
О, парастак Есэя… Парастак, які стане кветкай жыцця.
О, ключ Давіда… шлях у Нябеснае Валадарства.
О, Усход… Святло, якое свеціць у цемры.
О, Валадар народаў… служэнне Караля.
О, Эммануэль… Бог з намі.

Некалькі хвілін паразважай над тым, як Бог прамаўляў да цябе на працягу гэтых рэкалекцый. Аддай Яму ў малітве ўсё тое дабро, што ты дасведчыў за гэты час, а таксама ўсё, што выклікала ў цябе супраціў і цяжкасці.

Ты можаш пагаварыць пра свае пачуцці з Езусам, звяртаючыся да Яго пры дапамозе антыфоны, якая найбольш закранула цябе.

Прынясі ўсе атрыманыя плёны Хрысту — Месіі і Богу, які ёсць з намі. Maranatha…