На пачатку лістапада мы адзначаем у літургіі ўрачыстасць Усіх Святых, у якой наш позірк скіраваны на тых, хто ўжо знаходзіцца перад Божым абліччам у вечнасці. Гэта выдатная нагода ўспомніць пра тое, што кожны ахрышчаны, кожны вучань Езуса пакліканы да святасці. Што значыць быць святымі ў святле той праўды, каторую мы знаходзім у Бібліі?
Быць святымі, бо Бог наш святы
Святасць – гэта ў першую чаргу якасць самога Бога. “Святы, Святы, Святы Пан Бог усемагутны”, паўтараем мы ў кожнай Эўхарыстыі словы херувімскай песні, якія перадае нам прарок Ісая (Іс 6, 3). Ён пачуў гэты гімн падчас візіі, у якой убачыў Божы трон і нябесных істотаў вакол яго. Габрэйскае слова “qadosh” азначае першапачаткова ”аддзелены, адасоблены”. Гэтая Божая якасць кажа пра тое, што Пана немагчыма параўнаць з аніякай зямной рэчаіснасцю, што Ён непадобны да нічога з нашага чалавечага досведу. Па гэтай прычыне ў Першым Запавеце існуе забарона рабіць выявы Бога, каб не “пераблытаць” іх з Тым, Хто ёсць “цалкам іншы”. Святасць Бога датычыць перадусім Яго адасобленасці ад усялякага зла і ад сапсаванасці. Як рэчы, так і людзі, што ўваходзілі ў кантакт з боскай рэчаіснасцю перш за ўсё ў кульце, павінны былі таксама быць максімальна “чыстымі”, гэта значыць, без заганы, і быць адпаведна прызначанымі на служэнне Богу (“аддзеленымі” ад звычайнага, “бытавога” ўжытку). Закон, дадзены Ізраілю праз Майсея, павінен быў служыць указаннямі, як захаваць святасць – гэта значыць адасобленасць ад іншых народаў, якія не прызнавалі адзінага Бога і пакланяліся ідалам.
Трэба памятаць, што першапачаткова чысціня (сінонім святасці) ў Законе датычыла знешніх прыкметаў: напрыклад, кантактаў з мёртвым целам, а таксама дзеянняў, звязаных са сферай сексуальнасці, што на нейкі час рабілі чалавека “нячыстым”, то бок непрыдатным для ўдзелу ў кульце. Таксама мэтай шматлікіх “дыетычных” нормаў было захаванне рытуальнай чысціні. Менавіта ў гэтым кантэксце гучыць Божы заклік да выбранага народа: “Будзьце святымі, бо Я святы” (Лев 11, 45). Аднак разам са шматлікімі нормамі, якія датычылі культу, былі ў Законе і тыя, у якіх гаворка ішла пра паводзіны з іншымі людзьмі. Асаблівымі групамі людзей, якія вылучаліся ў Законе, былі найбольш абяздоленыя – удовы, сіроты, чужаземцы. Менавіта ў адносінах перадусім да іх ізраільцяне як “народ святы” павінны былі наследаваць Бога, Які ўбачыў іхнюю нядолю ў Егіпце і змілаваўся над імі.
Святыя, бо ў дарозе з Настаўнікам, асвечаныя Духам
У Евангеллі мы бачым, як Езус крытыкуе кніжнікаў і фарысеяў за тое, што яны зашмат увагі звяртаюць на рытуальную чысціню, забываючы пра іншыя запаведзі Закона, якія наказваюць быць міласэрнымі. Заклік да святасці, да дасканаласці (пар. Мц 5, 48), то бок, імкненне быць падобнымі да Бога, становіцца ў вучэнні Езуса заклікам да таго, каб быць міласэрнымі, як Айцец наш міласэрны (Лк 6, 36). Канешне, няма лепшага ўзору для нас, чым сам наш Настаўнік, Які адкрыў нам аблічча Айца. У адгартацыі Папы Францішка на тэму святасці пад назвай Gaudete et exsultate (“Радуйцеся і весяліцеся”) ёсць раздзел пад назвай «У святле Настаўніка», дзе Папа нагадвае, што шлях святасці, шлях аўтэнтычнай чалавечнасці і адначасова падабенства да самога Бога не ў тым, каб паводзіць сябе паводле нейкага абстрактнага алгарытму ці збору правілаў, а каб наследаваць Езуса і ісці побач з Ім.
Напэўна, большасці з нас думка пра сябе як пра «святую» ці «святога» падасца ганарлівай ці проста недарэчнай. Але св. Павел звяртаецца да сваіх адрасатаў менавіта як да святых (напр., Флп 1, 1). Папа Францішак кажа пра «святых па суседстве» і прыводзіць прыклад «бацькоў, якія з вялікай любоўю выхоўваюць сваіх дзяцей; мужчын і жанчын, што працуюць, каб зарабіць на хлеб, хворых, састарэлых законніц, якія працягваюць усміхацца» (GE, 7). Святасць – гэта не наша ўласнае “дасягненне” ці поспех, а плод дзеяння Духа Святога, з Якім мы выбіраем супрацоўнічаць дзень пры дні ў часам няпростых абставінах нашага жыцця.
“Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?.. Святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся вы”, – піша апостал Павел (1 Кар 3, 16-17). Ісці шляхам святасці – значыць “аддзяляцца” ад зла, імкнуцца не мець нічога супольнага з любым грахом. Гэта не значыць быць цалкам бязгрэшнымі, бо для людзей такі стан немагчымы: прыклад святых, якія ўсведамлялі сваю недасканаласць тым больш, чым бліжэй станавіліся да Бога, пацвярджае гэта. Сваёй ласкай Дух Святы нас няспынна ачышчае і асвячае ў любові, так што святасць – гэта вынік Яго дзеяння ў нас.
“Малая дарога” святой Тэрэзкі
Хоць, як мы ўбачылі, святасць датычыць не толькі “кананізаваных”, то бок, афіцыйна абвешчаных святымі аўтарытэтам Касцёла, але мы з удзячнасцю прымаем узор і нябесную дапамогу тых, хто асабліва вызначыўся ў наследаванні Езуса і заслужыў хвалы алтароў. Зусім нядаўна Папа Францішак з нагоды 150-годдзя ад дня нараджэння св. Тэрэзы з Лізьё скіраваў да Божага народа адгартацыю “C’est la confiance” (“Гэта давер”), у якой нагадвае пра духоўную спадчыну гэтай так любімай сярод вернікаў святой. Яна з’яўляецца для нас прыкладам “дзёрзкай упэўненасці” (п. 17), што магчыма стаць святой не праз уласныя заслугі, а цалкам давяраючы Божай любові. “Адным з найважнейшых адкрыццяў Тэрэзкі для дабра ўсяго Божага народа з’яўляецца яе «малая дарога», дарога даверу і любові, вядомая таксама як «дарога духоўнага дзяцінства». Кожны, незалежна ад узросту і стану жыцця, можа ісці па ёй. Гэта дарога, якую нябесны Айцец адкрывае малым (пар. Мц 11, 25)”, – піша Папа.
Святая, якая дасягнула вяршыняў святасці за сваё вельмі кароткае жыццё і якая выказвала жаданне і ўпэўненасць, што і пасля смерці будзе чыніць яшчэ больш дабра, вучыць нас, што шлях святасці – гэта шлях малых крокаў, сціплых учынкаў, выкананых з любоўю. Тэрэзка ў гэтым святле набліжае вернікам Маці Божую як Тую, Хто “з’яўляецца найвялікшай у Нябесным Валадарстве, бо Яна найменшая” (п. 36): самая пакорная, самая малая, самая простая. Няхай мы разам з Той, Якая акрамя таго, што нарадзіла Збаўцу, была найлепшай Яго вучаніцай, са св. Тэрэзкай і з усімі святымі адкрыем, што наша пакліканне – гэта Любоў, і будзем уцелаўляць гэта пакліканне дзень пры дні.
Віктар Жук SJ
Крыніца: https://catholicnews.by/biblijny-leksikon-svjatasc/