Многім еўрапейцам, азіятам і афрыканцам імя езуіта Хасэ дэ Анчыета (José de Anchieta) амаль незнаёмае, аднак гэтага нельга сказаць пра жыхароў Бразіліі, чый урад у 1965 годзе абвясціў Анчыету нацыянальным героем і заснавальнікам горада Сан-Паўлу. Той факт, што дзень успаміну а. Анчыеты стаў нацыянальным святам, гаворыць сам за сябе і тлумачыць, чаму для бразільцаў ён не проста фігура з мінулага, а чалавек, памяць пра якога жыве да сённяшніх дзён. Ён усё яшчэ прысутны сярод бразільскіх вернікаў; менавіта ён вучыў іх, заснаваў рух за паляпшэнне умоў жыцця ў святле Евангелля; менавіта ён прынёс ім веру і працягвае заступацца за іх; менавіта яму давяраюць яны свае просьбы.
За межамі Бразіліі ён вядомы ў іншых лацінаамерыканскіх краінах і на супрацьлеглым беразе Атлантычнага акіяна, асабліва на Канарскіх астравах, дзе ён нарадзіўся ў 1534, і на Іберыйскім паўвостраве, дзе ён правёў дзяцінства і атрымаў адукацыю. Ён быў місіянерам-езуітам і прысвяціў жыццё міссіянерскаму служэнню людзям аддаленых тэрыторый, імкнучыся прынесці веру ў Езуса Хрыста і ў развіццё, якога Бог жадае для ўсіх народаў.
Падчас навучання ва ўніверсітэце ў Каімбры, у 1548 годзе, Анчыета заслужыў любоў сабратоў дзякуючы свайму адкрытаму і добразычліваму характару, на які не паўплывалі прыступы дэпрэсіі, што непакоілі яго час ад часу. Аднойчы, знаходзячыся ў такім стане, ён схіліў калені перад статуяй Найсвяцейшай Панны Марыі ў катэдры ў Каімбры, і нечакана яго ахінуў такі спакой, што ён тут жа даў абяцанне жыць у цысціні, і вырашыў цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу. Гэта адбылося ў 1551 годзе.
Весткі з Усходу аб місіянерскім запале Францішка Ксаверыя натхнілі Анчыету, і пастанавіў рушыць за ім услед, стаўшы езуітам. Так, 1 мая таго ж года ён уступіў у навіцыят Таварыства Езуса ў Каімбры.
Анчыета вельмі хацеў адправіцца з місіяй за акіян, але непасрэднай прычынай яго прызначэння ў Бразілію стала тое, што лекары рэкамендавалі яму доўгатэрміновы адпачынак у клімаце, лепшым за партугальскі. Такім чынам, яны спадзяваліся аблегчыць боль ад траўмы хрыбетніка, якую Анчыета атрымаў, калі яму на спіну звалілася драбіна. Але Бог, відаць, меў іншыя планы. Анчыета выправіўся за акіян 8 мая 1553 года і прыбыў у Бая-дэ-Тодас-ос-Сантас 13 ліпеня. Пасля перыяду акліматызацыі, падчас якога ён выкладаў лацінскую мову дзецям перасяленцаў і стараўся ўдасканаліць уласнае веданне мовы індзейцаў Тупі, ён вырушыў у падарожжа з рознымі экспедыцыямі, з якімі яму давялося прайсці тысячы міль праз некранутыя лясы. Усё гэта ён здзяйсняў нягледзячы на боль у спіне, які ўскладняў яму верхавую язду. Тым не менш, і тады, і пасля ён адмаўляўся падарожнічаць, як заможныя людзі, у насілках на плячах у рабоў.
Анчыета знаходзіўся у Бразіліі, як ён сам меркаваў, дзеля простых і сціплых індзейскіх народаў. Ён стараўся зблізіцца з імі ў зносінах, удзельнічаць у іх жыцці, навучыцца разумець іх звычкі і традыцыі, характар і менталітэт, маральныя і рэлігійныя ўяўленні. У той жа час ён не закрываў вачэй і на іх відавочныя недахопы і слабасці, ляноту і бяздзейнасць, зменлівыя і безадказныя інстынкты, п’янства і распусту. Не засталося незаўважаным тое асаблівае значэнне, якое яны надавалі помсце, і, перад усім, іх незвычайную жорсткасць.
У кастрычніку 1553 года знакаміты а. Мануэль да Набрэга, мужны настаяцель Місіі, адправіў яго ў Сан-Вісэнтэ (ісп.: San Vicente). Падарожжа ў адкрытым моры доўжылася 2 месяцы, і толькі на вігілію Божага Нараджэння Анчыета і яго таварышы дасягнулі мэты. Адтуль яны дайшлі да вёскі Пірацінінга, дзе 24 студзеня 1554 года група пасялілася ў хаціне з бярвенняў. Яе пабудаваў для місіянераў індзейскі правадыр Тыбрыка. Паколькі свята Навяртання св. Паўла прыходзілася на наступны дзень, 25 студзеня, новае жытло прысвяцілі Апосталу язычнікаў. Такім было сціплае паходжанне сённяшняй мітраполіі Сан-Паўлу, якая лічыць благаслаўлёнага Анчыету адным са сваіх заснавальнікаў. У тыя 10 год, якія яму трэба было правесці з місіяй у Пірацінінга, яго чакалі вялікія справы.
Дух місіі Анчыеты і яго працоўныя метады
Усё, што бачыў і перажываў малады манах, пераконвала яго ў тым, што місіянерская праца з першабытным народам патрабуе вялізных высілкаў, амаль звышчалавечай цярплівасці і, у першую чаргу, бязмежнай хрысціянскай любові. Таксама ён разумеў, што спатрэбіцца вельмі шырокая і глыбокая адукацыйная праграма, каб падрыхтаваць і прывесці гэтых людзей да каталіцкай веры і ўмацаваць у ёй. Ён бачыў мудрасць тых метадаў працы, якія ўжо ўкаранілі ягоныя сабраты-місіянеры, і пастаянна прымяняў і ўдасканальваў іх. Так, ён сабраў індзейцаў у aldeias (вёсачкі, пабудаваныя ў ваколіцах капліцы ці касцёла), дзе яны знайшлі пастаяннае жыллё і пад кіраўніцтвам місіянераў вучыліся не толькі рэгулярна працаваць, але і жыць паводле асноў хрысціянскай веры і маральнасці.
Каб дасягнуць гэтага ідэалу, які ўвасобіўся ў знакамітых езуіцкіх рэдукцыях у Парагваі, місіянер павінен быў рабіць усё, што было ў ягоных сілах для развіцця нованавернутых, асабліва дзяцей, для якіх адразу былі арганізаваныя школы (якія паступова ўдасканальваліся), дзе іх вучылі розным запатрабаваным рамёствам. Пакрысе індзейцаў неабходна было пераводзіць на больш высокі ўзровень цывілізацыі і культуры, каб яны былі лепш падрыхтаванымі для ўспрымання Хрыстовай ласкі і адказу на яе.
На працягу 10 год Анчыета нястомна працаваў у калегіуме ў Сан-Паўлу, змагаючыся з разнастайнымі цяжкасцямі, праблемамі і небяспекамі. Ён быў “усім для ўсіх”, нават калі застарэлы боль у спіне рабіўся асабліва востры. Ягоная праца не была дарэмнай, хоць ён зведаў няўдачы і расчараванні, якіх поўна ў штодзённым жыцці любога апостала Хрыста.
Настаяцелі Анчыеты так высока яго цанілі, што ў 1563 годзе, калі ён быў яшчэ схаластыкам, настаяцель правінцыі, а. Мануэль да Набрэга, абраў яго сваім найбліжэйшым супрацоўнікам. Сумесна яны распачалі вельмі цяжкую місію ў племені Тамоя, спрабуючы пераканаць яго не нападаць на паселішча Сан-Вісэнтэ. Падчас працяглых і складаных перамоваў Анчыету на працягу 5 месяцаў трымалі ў закладніках у Ітаперойзе, у той час, як а. Мануэль да Набрэга вярнуўся ў Сан-Вісэнтэ, каб заключыць мір паміж індзейцамі і партугальцамі. Некалькі разоў у Ітаперойзе Анчыеце ледзьве ўдавалася пазбегнуць смерці ад рук лютых індзейскіх правадыроў-канібалаў. Тамоя па адным пераходзілі на яго бок, бо ён няспынна прыкладаў намаганні, каб палепшыць іх духоўны і матэрыяльны стан. Асабліва глыбокае ўражанне зрабіла на іх тое, што яго нельга было спакусіць парушыць абяцанне чысціны, і што ён аддаваў перавагу правесці ноч на вуліцы у дождж і холад, чым удзельнічаць у п’яных оргіях, якія праходзілі непасрэдна ў той халупе, дзе яго пасялілі. Менавіта пры такіх абставінах Анчыета напісаў свае знакамітыя вершы на лацінскай мове: “De Beata Virgine Dei Matre Maria”. Ён пачаў складаць выдатныя двухрадкоўі і, не маючы паперы, пісаў іх на прыбярэжным пяску і вучыў напамяць, каб пазней запісаць належным чынам. Мір, нарэшце, быў заключаны, і Анчыета змог вярнуцца ў Сан-Вісэнтэ, а затым і ў Сан-Паулу.
Падчас страшнай эпідэміі воспы ў 1563-1564 гг., якая касіла насельніцтва ваколіц Сан-Паўлу, слуга Божы працаваў, не шкадуючы сіл, клапаціўся пра хворых і прыносіў суцяшэнне хрысціянскай веры. Яго сапраўдная самаадданая міласэрнасць і пастаянная гатоўнасць ахвяраваць сваім жыццём, дзеля выратавання індзейцаў, прынеслі вялікі плён, і гэта не толькі хрост паміраючых. На самой справе, індзейцы, ужо ўпэўненыя, што малады місіянер – іх лепшы сябра, зразумелі, што ён можа рабіць тое, што робіць, сілай той веры, якую прапаведвае і якую яны сталі лічыць каштоўным дарам.
Калі Анчыета быў усё яшчэ заняты змаганнем з воспай, ён нечакана атрымаў даручэнне суправаджаць а. Мануэля да Набрэгу ў іншай, яшчэ больш далікатнай місіі. Адправіўшыся ў плаванне з Сан-Вісэнтэ на брыганціне 19 сакавіка 1954 г., ён прыняў удзел ва ўсіх перамовах, якія скончыліся заснаваннем горада Сан-Себасцьян, сучаснага Рыа-дэ-Жанэйра, у сакавіку 1565 г. У канцы месяца ён адправіўся ў Баію, дзе атрымаў святарскае пасвячэнне ў катэдры. У 1567 годзе ён вярнуўся у Рыа, а пазней, у тым самым годзе, быў прызначаны настаяцелем езуіцкіх дамоў у Сан-Вісэнтэ і Сан-Паўлу.
Праз 10 год, 8 красавіка 1577 г., урачыста прынёсшы чатыры абяцанні Таварыства Езуса, Анчыета быў прызначаны настаяцелем правінцыі Бразіліі і знаходзіўся на гэтай пасадзе да 1587 года. Тыя 20 год і асабліва тое дзесяцігоддзе, калі ён займаў пасаду правінцыяла, сталі пікам кар’еры гэтага нястомнага місіянера. Нягледзячы на цяжкую працу і клопаты, Анчыета працягваў паглыбляць сваё малітоўнае жыццё і сваю еднасць з Богам, увесь час пацвярджаючы цноту, якую Касцёл пазней абвесціць гераічнай. За гэтыя гады ён пераадолеў вялікія адлегласці, імкнучыся дасягнуць кожнай місіі, дзе працавалі езуіты. Ён суцяшаў і падтрымліваў, браўся за розныя справы і, не звяртаючы ўвагі на змей і дзікіх звяроў, ініцыяваў шматлікія экспедыцыі па нязведаных лясах у пошуках плямён, якія яшчэ не ведалі Евангелля. Так а. Анчыета стаў рухавіком шырокай місіянерскай дзейнасці, і менавіта за гэта яго справядліва надоўга запомнілі як святога апостала Бразіліі. У 1595 годзе, у сувязі з пагаршэннем здароўя, Аншыета вымушаны быў абраць больш спакойнае жыццё і пераехаў у Рэрытыбу, дзе і памёр праз два гады.
Значэнне сведчання жыцця і працы а. Анчыеты
У наш час, калі Касцёл усё больш выразна ўсведамляе некаторыя аспекты працы місіянераў, што ў духу Евангелля вядуць да новых напрамкаў і відаў дзейнасці, спалучаючы агульначалавечы і хрысціянскі прагрэс, асоба і справы а. Анчыеты дапамагаюць убачыць у новым святле нашыя намаганні і натхняюць на пошук лепшых шляхоў. Тэмы інкультурацыі і грамадскага развіцця як неад’емныя часткі евангелізацыі знаходзяць у асобе апостала Бразіліі свайго сапраўднага пачынальніка.
Як мы бачым, самай незвычайнай рысай жыцця Анчыеты было яго пастаяннае імкненне наблізіцца і дастасавацца, наколькі гэта магчыма, да асаблівасцяў тых, каго ён хацеў прывесці (і прыводзіў) да Хрыста. З гэтай мэтай і дзякуючы сваёй руплівасці ён здолеў вывучыць вельмі цяжкую мову індзейцаў. Больш за тое, ён цалкам прыняў іх лад жыцця і паступова навучыўся разумець іх спосаб мыслення і звычкі, заўважаць і шанаваць іх адметнасці, аддаляючы іх ад усяго, што нельга было прымірыць з Евангеллем і хрысціянскім ладам жыцця. Яго знакаміты катэхізіс, які зрабіў вялікі ўнёсак у працэс навяртанння народаў Бразіліі, – адзін з найбольш яскравых прыкладаў яго місіянерскай тактыкі. Маецца на ўвазе знакамітая праца Анчыеты “Doutrina Christiaa, Mistrios de Fe, dispatos a modo de dialogo em beneficio dos indios” (“Хрысціянскае навучэнне: таямніцы веры, прадстаўленыя ў форме дыялогу для індзейцаў”) Гэта праца, якая абавязана сваім з’яўленнем глыбокаму веданню моў індзейцаў, іх менталітэту і пачуццяў, а таксама традыцый, шмат у чым спрыяла ўдасканаленню спосабаў катэхізацыі. Акрамя таго, нельга недаацэньваць яго паспяховыя спробы распаўсюджвання і паглыблення хрысціянскай пабожнасці сярод нованавернутых пры дапамозе паралітургічных набажэнстваў, якія былі выдатна прыстасаваныя да іх светаадчування і да спосабаў іх выражэння пачуццяў; наадварот, іх варта ў поўнай меры ацаніць і развіваць далей.
Сёння ўмацоўваецца меркаванне, што развіццё чалавека, асабліва ў сферы сацыяльнай справядлівасці, з’яўляецца неад’емнай часткай евангельскай місіі Касцёла. Мала хто са святароў зрабіў столькі, колькі Анчыета, каб знайсці шляхі і сродкі для паступовага паляпшэння ўмоў жыцця яго Brasi – не толькі ў сферы адукацыі, але і ў сферы працы, рамёстваў, выяўленчага мастацтва і музыкі, прычым так, каб падкрэсліць іх уласныя таленты і здольнасці, ўлічваючы культурныя карані, якія ляжаць у аснове традыцый і звычаяў, і не накладаючы на гэтыя каштоўнасці чужую форму цывілізацыі. Жыццё ў aldeias, якія ён ствараў і развіваў, дапамагала індзейцам увайсці ў працоўны рытм і паступова паляпшаць першапачатковыя, першабытныя ўмовы іх існавання, паглыбляючы сваё пачуццё адзінства і салідарнасці, такое важнае для іх і такое сугучнае хрысціянскім ідэалам любові, клопату і ўзаемнай падтрымкі.
Анчыета – Божы чалавек, які, ахвяруючы сабой, абараняў правы індзейцаў ад праяваў несправядлівасці і дрэннага абыходжання з боку перасяленцаў, значна спрыяючы не толькі паступоваму развіццю іх цывілізацыі, але і іх асабістай і грамадскай бяспецы. Так ён пакрысе вёў іх да ўсё глыбшага асэнсавання адказнасці за іх супольнасць як людзей і як хрысціян.
Чатыры стагоддзі таму гэты руплівы і нястомны місіянер, верны сын Касцёла і сапраўдны член Таварыства Езуса, пад кіраўніцтвам Святога Духа прысвяціў сябе таму віду апостальскага служэння, аб якім Павел IV, а пазней Ян Павел II так выразна выказваліся, акрэсліваючы місійныя задачы на ўсіх кантынентах, у кожнай краіне, сярод народаў розных культур, дзеля дабра чалавека, які створаны Богам і які адкуплены Езусам Хрыстом.
Кананізаваны Святым Айцом Францішкам 3 красавіка 2014 г.
Успамін – 9 чэрвеня.