12 лістапада споўнілася 400 гадоў з дня мучаніцкай смерці арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча (1580 ці 1584 – 12 лістапада 1623). Пра падзеі, звязаныя з гэтай датай, піша а. Генрык Дроздзель SJ. У Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме можна ўбачыць прысвечаную святому Язафату выставу, а Папскі Усходні інстытут запланаваў на сярэдзіну лістапада навуковую канферэнцыю “Ідэнтычнасць і культ: Язафат Кунцэвіч у тэалагічным, культурным і гістарычным вымярэнні”.
Святы Язафат прыняў мучаніцкую смерць у 1623 г. у Віцебску. У 1643 г. ён быў беатыфікаваны, а ў 1867 г. — кананізаваны. Сто гадоў таму папа Пій XI у энцыкліцы “Ecclesiam Dei”, выдадзенай у 300-ю гадавіну яго мучаніцкай смерці (12 лістапада 1923 г.), напісаў: “…вялікая годнасць выпала св. Язафату, арцыбіскупу Полацкаму ўсходнеславянскага абраду, каторага слушна трэба лічыць славай і апірышчам усходніх славянаў, бо цяжка знайсці іншага, які б надаў большага бляску іх імені альбо лепш паклапаціўся аб іх збаўленні, чым гэты пастыр і апостал, асабліва таму, што ён праліў сваю кроў за еднасць святога Касцёла. Для нас вельмі важна, што з нагоды трохсотгоддзя яго найслаўнейшага мучаніцтва мы можам аднавіць памяць пра такую вялікую асобу”. Па волі папы Яна ХХІІІ 25 лістапада 1963 г. цела св. Язафата пахавалі пад алтаром св. Базыля Вялікага ў ватыканскай базыліцы.
Мітра, якая з 1931 па 1982 гг. спачывала на галаве святога мучаніка ў труне з рэліквіямі.
Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт, Рым
Вартая ўвагі падзея адбылася ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, якім кіруюць езуіты. Выстава пад назвай: “Che siano tutti uno (Gv 17,21) Il 400º anniversario del martirio di San Giosafat Kuncewycz. Mostra” (Каб усе былі адно (Ян 17, 21). Выстава з нагоды 400-годдзя мучаніцкай смерці св. Язафата Кунцэвіча). Яна адкрылася 20 кастрычніка і працягнецца да 20 лістапада 2023 г. На ёй прадстаўлена гісторыя культу і вобраза св. Язафата: абразы, кнігі і гравюры святога мучаніка. Тут упершыню публічна выстаўлены абраз кананічнага аблічча св. Язафата Кунцэвіча (1867), напісаны на ўрачыстасць кананізацыі, а таксама нядаўна знойдзены партрэт св. Язафата, які прыпісваецца мастаку Себасцьяна Конка (Sebastiano Conca) (1680-1764). Куратарам выставы з’яўляецца пасол д-р Сігіта Маслаўскайтэ-Мажылене, арганізатарам — Пасольства Літоўскай Рэспублікі пры Святым Пасадзе пад патранажам Старшыні Парламента Літоўскай Рэспублікі, Мітрапаліта Віленскага арцыбіскупа Гінтараса Грушаса, Першавярхоўнага Арцыбіскупа Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаслава Шаўчука ў супрацоўніцтве з Папскім Грыгарыянскім універсітэтам, Генеральнай курыяй ордэна базыльянаў св. Язафата, Папскага ўкраінскага калегіума св. Язафата, абацтва св. Ніла з Гротафераты, Музея гістарычнай спадчыны Віленскага касцёла і Каталіцкага універсітэта Украіны.
Падчас адкрыцця выставы яе арганізатары падкрэслілі, што гэты святы манах з ордэна паводле правілаў св. Базыля Вялікага прысвяціў сваё жыццё і дзейнасць пошуку еднасці паміж хрысціянамі ў Літве, Польшчы, Беларусі і Украіне, сведчачы аб гістарычных сувязях Каталіцкага Касцёла ўсходняга абраду з Заходняй Еўропай, і ў прыватнасці з Рымам як яго духоўнай сядзібай. Згадваюцца таксама яго сувязі з Вільняй (і езуітамі), дзе сталела пакліканне Язафата, і ягоны ўнёсак у заснаванне базыльянскага ордэна і ў развіццё Берасцейскай уніі (1595-1596). Ён быў першым кананізаваным святым Усходняга Касцёла, які заставаўся ў еднасці з Рымам у часы Рэчы Паспалітай.
Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт. Від на выставачную залу. На заднім плане – абраз Марыё Барбэрыса (1934 г., Pontificio Collegio Ucraino di San Giosafat), які адлюстроўвае падзею юнацтва святога, калі іскра, якая сыходзіла ад Найсвяцейшага Сэрца Езуса, мелася закрануць ягонае сэрца.
Папскі ўсходні інстытут (Orientale), Рым
Яшчэ адна вартая ўвагі падзея адбудзецца ў Рыме неўзабаве і звязана з Pontificio Istituto Orientale (Папскім усходнім інстытутам), шырока вядомым як “Orientale“. Інстытут быў створаны папам Бэнэдыктам XV у 1917 г. і даручаны Піем ХІ езуітам у 1922 г. Ён вызначае сябе як вышэйшую навучальную ўстанову, “асаблівай місіяй якой з’яўляецца служэнне Усходнім Касцёлам”, праз тое, што паказвае і робіць даступнымі “вялізныя багацці, якія нашыя Касцёлы захоўваюць у скарбніцах сваіх традыцый” (пар. Св. Ян Павел ІІ, Orientale lumen, 4). Сродкамі дасягнення гэтай мэты з’яўляюцца даследаванні, навучанне і публікацыі, звязаныя з традыцыямі Усходніх Касцёлаў у галіне літургіі, тэалогіі, патрыстыкі, гісторыі і кананічнага права, літаратуры і моў, духоўнасці, археалогіі і пытанняў экуменічнага і геапалітычнага значэння. Інстытут Orientale (Piazza di Santa Maria Maggiore 7, Roma) стане месцам правядзення 13-14 лістапада міжнароднай канферэнцыі пад назвай: “Identity and cult: theological, cultural and historical dimensions of Josaphat Kuntsevych” (“Ідэнтычнасць і культ: Язафат Кунцэвіч у тэалагічным, культурным і гістарычным вымярэнні”). На сайце Інстытута можна азнаёміцца з падрабязнай праграмай і запланаваным ходам усяго мерапрыемства.
Святы Язафат, чалавек, якому выпала жыць, як і нам, у “цяжкія часы”, паказвае сёння, што ісці слядамі Збаўцы магчыма і што на гэтым шляху вельмі важныя сапраўдная малітва, аскеза і адданасць Эўхарыстыі. Яны прывялі яго да пераймання Езуса ў прабачэнні забойцам. Няхай пабожнасць і прыклад жыцця св. Язафата ўсіх натхняюць на пошукі святасці і еднасці ў наш нялёгкі час.
Тэкст і фота: а. Генрык Дроздзель SJ
02.11.2023, Рым
Абраз на галоўнай выяве: Мікола Азоўскі, San Giosafat Kuntsewycz, 1946, Pontificio Collegio Ucraino di San Giosafat.
Крыніца: паводле матэрыялаў Jezuici.pl