16 мая Каталіцкі Касцёл успамінае святога Андрэя Баболю. Некалькі разоў гэты езуіцкі мучанік XVII стагоддзя быў амаль цалкам забыты. І некалькі разоў ягоны культ аднаўляўся. Цікава, што часам да гэтага спрычыняўся сам святы, з’яўляючыся розным людзям праз шмат гадоў пасля сваёй смерці.
Шляхціч
Святы Андрэй Баболя праўдападобна нарадзіўся ў Страхаціне каля Санока, на Падкарпацці, 30 лістапада 1591 года. Ён паходзіў з сярэднезаможнай шляхты гербу Леліва, заслужанай для Касцёла і ордэна езуітаў, які ў той час быў галоўным філярам контррэфармацыі. Андрэй скончыў езуіцкі калегіум у Браневе і ў 1611 годзе ўступіў у Таварыства Езуса ў Вільні. Вучыўся ў Віленскай Акадэміі. У 1622 годзе прыняў святарскае пасвячэнне, а ў 1630 годзе склаў апошнія манаскія абяцанні (прафесію).
Езуіт
Не захавалася амаль ніякіх уласных запісаў Андрэя Баболі, за выключэннем кароткіх нататак у манаскіх кнігах і аднаго малаважнага ліста. Аднак мы ведаем пра яго даволі шмат дзякуючы архівам Таварыства Езуса, дзе дагэтуль захоўваюцца характарыстыкі, напісаныя яго настаяцелямі.
З іх вынікае, што Баболя быў руплівым і пабожным езуітам, хоць на працягу многіх гадоў павінен быў змагацца з цяжкасцямі характару. Ён меў халерычны тэмперамент. Бываў запальчывы, нецярплівы і ўпарты. Неяк раз адзін з настаяцеляў нават адзначыў, што Баболя не павінен выконваць функцыі настаяцеля, пакуль не выкараніць свае недахопы. Аднак усе, хто складаў гэтыя характарыстыкі, прызнавалі, што Андрэй зацята і паспяхова змагаецца са сваімі абмежаваннямі. У канцы жыцця да яго адносілі эпітэты ў найвышэйшай ступені: што ён прыцягвае людзей сваім зычлівым стаўленнем, асабліва вылучаецца працай з моладдзю, што ён умее паразумецца з людзьмі “розных станаў”: мяшчанамі, магнатамі, сялянамі і шляхтай, і што мае талент казнадзея. Аўтар першай навуковай біяграфіі Баболі ў 1936 г., яго сабрат а. Ян Паплятэк, красамоўна пісаў, што пазнейшая мучаніцкая смерць Андрэя была “пурпуровай ружай, якая расцвіла на доўга культываваным і бязлітасна абразаным кусце”.
Мы нават ведаем, як ён выглядаў. Падчас беатыфікацыйнага працэсу апісаў яго, між іншым, адзін з сабратоў, які ў маладосці быў знаёмы з тады шасцідзесяцігадовым айцом Баболем. На падставе гэтых успамінаў і выгляду цела, якое праз некалькі дзесяцігоддзяў выглядала так, нібы смерць адбылася напярэдадні, былі створаны першыя выявы мучаніка, якія, відаць, натхнілі наступныя карціны, бо калі глядзець на партрэты св. Андрэя, створаныя ў розныя часы, бачна вялікае падабенства героя. Святы Андрэй быў мужчынам сярэдняга і нават невысокага росту, моцнага і мускулістага складу цела. Твар у яго быў круглы, а шчокі “афарбаваныя румянцам”. Ён меў светлыя валасы, з гадамі пачаў лысець. Пад канец жыцця насіў даволі доўгую (“нізка падстрыжаную”) бараду.
Місіянер
За 46 гадоў манаскага жыцця Андрэй Баболя служыў у розных езуіцкіх пляцоўках, у тым ліку ў Нясвіжы, Вільні, Браневе, Плоцку, Варшаве, Ломжы. Ні ў адным з гэтых гарадоў ён не жыў даўжэй шасці гадоў. Быў прапаведнікам, рэктарам калегіума, душпастырам Марыйнай Садаліцыі, народным місіянерам.
Душахват
У 1652 годзе Андрэй Баболя быў скіраваны ў Пінск, у ваколіцах якога ён займаўся народнымі місіямі, час ад часу вяртаючыся ў горад, каб паправіць слабое здароўе.
Рэлігійнае становішча мясцовага насельніцтва было драматычным. Большасць жыхароў былі ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве, але амаль нічога не ведалі пра Бога і не зналі ніякіх сакрамэнтаў, акрамя хросту, і ніякіх малітваў, акрамя “Госпадзе, памілуй”. Евангелізацыю ўскладнялі бездарожжа, п’янства і невуцтва. Айцец Баболя вандраваў ад вёскі да вёскі, распавядаючы людзям пра Пана Езуса і заклікаючы прымаць сакрамэнты і выправіць жыццё. Не абмінаў ён і хаты праваслаўных, якіх заахвочваў пераходзіць у каталіцтва. З гэтай прычыны яго называлі “душахватам” або лаўцом душаў, а праваслаўнае духавенства пачало варожа ставіцца да яго.
Мучанік
У 1657 г. працягваўся “шведскі патоп”, сямігародскі князь Георг Ракочы рабаваў паўднёва-ўсходнюю Польшчу, а ягоныя саюзнікі, праваслаўныя казакі, пачалі крывавыя паходы ўглыб Палесся і Валыні, палюючы асаблівым чынам на яўрэяў і католікаў. Адзін з гэтых атрадаў 16 мая 1657 года дагнаў а. Баболю каля Янава Палескага.
Казакі спрабавалі яго намовіць, каб пакінуў Касцёл, а калі ён адмовіўся, пачалі страшэнна катаваць. Кангрэгацыя святых абрадаў, якая выслухала гісторыю Андрэя падчас падрыхтоўкі ягонага беатыфікацыйнага працэсу, занатавала ў 1739 г., што ніколі не разглядала такую жорсткую мучаніцкую смерць. Каты спачатку збілі яго, потым звязалі і прымусілі бегчы за коньмі ў Янава. У вёсцы, на бойні, кінулі яго на стол і абпалілі цела агнём, утыкалі стрэмкі пад пазногці, выкалалі вока, здзерлі скуру з рук, спіны і галавы, нават зрабілі дзіру ў карку, выцягнулі праз яе язык і адрэзалі яго. Падвесілі ўніз галавой, а калі ягонае цела курчылася ў канвульсіях, кпілі, што “лях танцуе”. Нарэшце, дабілі яго ўдарам шаблі.
Айцец Андрэй Баболя быў пахаваны ў сутарэннях езуіцкага касцёла ў Пінску. Цела выглядала настолькі жудасна, што семінарыстам і навучэнцам калегіума не дазволілі на яго зірнуць. Неўзабаве памяць пра мучаніка была страчана.
Заступнік
Праз 45 год, у красавіку 1702 года, Андрэй Баболя з’явіўся рэктару Пінскага езуіцкага калегіума а. Марціну Гадэбскаму і сказаў яму, што паклапоціцца аб калегіуме і горадзе перад пагрозай варожых войскаў пры ўмове, што труна з яго целам будзе знойдзена і выстаўлена для ўшанавання. Вачам тых, хто знайшоў цела, адкрылася незвычайнае відовішча: нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, цела а. Баболі захавалася ў ідэальным стане, з бачнымі слядамі катаванняў і чырвонымі згусткамі крыві. У такім выглядзе яно захаваецца яшчэ амаль два стагоддзі. Пазней яно муміфікавалася, але не расклалася.
Горад і маёмасць езуітаў сапраўды не пацярпелі, і неўзабаве да гроба мучаніка пачалі прыбываць цэлыя натоўпы. Былі зафіксаваны сотні аздараўленняў, уваскрашэнняў, выпадкаў вызвалення з няволі і іншых ласкаў. Жыхары Піншчыны маліліся аб ягоным заступніцтве, асабліва падчас чумы ў 1709-1710 гадоў – і мясцовасць засталася астраўком здароўя сярод мора хваробы, што зрабіла Андрэя Баболю асаблівым заступнікам падчас эпідэмій.
(Аб гэтым згадвалі і ў 2020 г. падчас пандэміі COVID-19, калі ў санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Варшаве трывала навэнна за выратаванне ад эпідэміі. Штодзённыя інтэрнэт-трансляцыі глядзелі амаль 250 тыс. чалавек. Праз два гады, 16 мая 2022 г., падчас святой Імшы быў зачытаны ліст старшыні Канферэнцыі епіскапату Польшчы арцыбіскупа Станіслава Гандэцкага, які заўважыў цікавае супадзенне дат: менавіта ў гэты дзень, ва ўспамін св. Андрэя, эпідэмічны стан у Польшчы быў адменены. “Горача верым, што гэта сталася таксама дзякуючы дзейснаму заступніцтву св. Андрэя Баболі”, – напісаў арцыбіскуп Гандэцкі).
Хутка распачаўся беатыфікацыйны працэс а. Баболі, і ў 1755 г. езуіт быў далучаны да ліку мучанікаў Касцёла. Аднак гэты працэс сутыкаўся з рознымі перашкодамі, аж пакуль не скончыўся беатыфікацыяй у 1853 годзе праз папу Пія IX.
У 1819 г. адбылося чарговае ўмяшанне з нябёсаў – а. Баболя з’явіўся ў Вільні айцу-дамініканіну Алаізію Кажанеўскаму і абвясціў яму, што Польшча зноў здабудзе свабоду, а ён будзе абвешчаны яе заступнікам. Памяць пра Баболю, якая на той час амаль згасла, зноў адрадзілася, і адгэтуль часта звязвалася з лёсам Польшчы.
Напрыклад, часцінку рэліквій Андрэя Баболі прывезлі ў Варшаву ў 1920 годзе, калі да яе набліжалася бальшавіцкая армія. Жыхары сталіцы маліліся праз заступніцтва мучаніка, а потым яму дзякавалі за выратаванне. Тагачасны нунцый Акіле Раццы, пазнейшы папа Пій XI, успамінаў пазней, што Юзаф Пілсудскі нават разглядаў магчымасць узброенага рэйду на акупаваны бальшавікамі Полацк, каб забраць адтуль труну з целам Баболі.
Вандраванне рэліквій
Лёс рэліквій цела езуіта-мучаніка незвычайны. Калі касцёл у Пінску перайшоў у рукі праваслаўных, труна з целам Андрэя Баболі была перавезена ў Полацк. Там у 1922 г. бальшавікі, жадаючы даказаць “грамадзянам-каталікам” бессэнсоўнасць іх веры, здзейснілі прафанацыю рэліквій – кінулі іх на падлогу, перакананыя, што яны рассыплюцца ў пыл. Аднак нічога падобнага не адбылося, а ўчынак выклікаў абурэнне.
Тады труну з целам Баболі адвезлі ў Маскву і паставілі на гігіенічнай выставе ў Наркамаце аховы здароўя ў якасці экспаната, які ілюструе рэлігійны фанатызм. Аднак супрацоўнікі музея заўважылі, што наведвальнікі маліліся ля труны, таму перанеслі яе ў сховішча.
Згода на вываз труны з парэшткамі Андрэя Баболі была дасягнута ў 1923 годзе двума езуітамі, якіх Папа Пій XI накіраваў у Маскву з місіяй дапамогі галадаючаму насельніцтву Расіі. Камуністы паставілі ўмову, што рэліквіі не паедуць у Польшчу, таму іх вывезлі ў Рым.
Адтуль яны апынуліся ў Варшаве толькі пасля кананізацыі ў 1938 г. Падарожжа рэліквій спецыяльным цягніком з прыпынкамі ў многіх мясцовасцях, з набажэнствамі і прамовамі сталася вялікім нацыянальным святам. Так напрыканцы 1930-х гадоў Андрэй Баболя зноў стаў знакамітым.
Непераможны герой
Пасля вайны памяць пра Баболю амаль знікла. Гэтым разам дзякуючы мэтанакіраваным намаганням камуністаў, якія добра памяталі настроі 1920 года, але таксама лічылі, што постаць святога мае дачыненне да грэка-каталікоў і да тэрыторый так званых “крэсаў”. Нельга было нават друкаваць яго здымкі ці згадваць у СМІ, нават у негатыўным кантэксце.
Калі ў 1957 г. Папа Пій XII апублікаваў прысвечаную Баболі энцыкліку, якая пачыналася словамі “Invicti athletae Christi, Andreae Bobolae, martyrium vitaeque sanctitatem…” (“Непераможнага героя, Андрэя Баболі, мучаніцтва і святасць жыцця…”), гэты дакумент прайшоў амаль незаўважаным і да сённяшняга дня ён застаецца малавядомым нават у Касцёле.
Пад канец існавання Польскай Народнай Рэспублікі зноў пачалі выходзіць кнігі і артыкулы пра св. Андрэя, і адрадзіўся ягоны культ. Гэтаму спрыяла яшчэ адна надзвычайная падзея: пачынаючы з 1982 г. мучанік на працягу чатырох гадоў аб’яўляўся кс. Юзафу Ніжніку ў Страхаціне. Калі святар нарэшце адважыўся спытаць у “прывіда”, чаго той хоча, то пачуў: “Я святы Андрэй Баболя. Пачынайце мяне ўшаноўваць у Страхаціне”. У 2002 годзе Андрэй Баболя быў абвешчаны другарадным заступнікам Польшчы.
У Беларусі святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі.
Успамін: 16 мая.
Паводле матэрыялаў ekai.pl
Фота: Gość.pl