Роля ўяўлення ў малітве
Уяўленне – адно з найважнейшых вымярэнняў чалавечага жыцця. Св. Ігнацый шырока выкарыстоўваў уяўленне ў малітве дзеля сустрэчы з Богам, разумеючы, наколькі вялікую сілу фармавання сэрца і адносін з Езусам мае малітва, заснаваная на ўяўленні.
“Даўным-даўно, за гарамі, за лясамі…” Хто з нас у дзяцінстве не слухаў, адкрыўшы рот ці са слязьмі ў вачах, апавяданні, якія распачыналіся падобнымі словамі, што нам чыталі ці расказвалі бацькі, дзядулі і бабулі або настаўнікі? Можа, у малодшых чытачоў, якія выраслі пераважна на рухомых выявах, было менш магчымасцяў гэта адчуць. Але на працягу стагоддзяў людзі раслі на гісторыях, якія абуджалі ўяўленне і фармавалі эмоцыі.
У пытанні ўяўлення мы можам сустрэць крайне розныя падыходы. Адны будуць рабіць стаўкі толькі на розум, кажучы, што ўяўленне – гэта недарэчнае “лунанне ў нябёсах”, другія схільныя занурыцца ў свеце ўласнага ўяўлення, губляючы сувязь з рэальнасцю.
Аднак варта памятаць, што ўяўленне ёсць адным з найважнейшых вымярэнняў чалавечага існавання. Гэта дар самога Стварыцеля, якім Ён надзяліў нас. Прасцей кажучы, уяўленне – адзін з элементаў, дзякуючы якому мы адрозніваемся ад жывёльнага свету, які, падаецца, не валодае здольнасцю да ўяўлення.
Уяўленне ў Святым Пісанні
Уважліва чытаючы Святое Пісанне, мы заўважым, якую ролю на яго старонках адыгрывае ўяўленне – як у негатыўным, так і ў пазітыўным сэнсе. Прарокі часта перасцерагалі ад стварэння “ідалаў”, г.зн. прадметаў, якія маглі фармаваць ва ўяўленні фальшывы вобраз Бога. Гэта мы назіраем ад Пяцікніжжа (пар. Лічбы 33, 52) да Дзеяў Апосталаў (напрыклад, Дз 17, 29). Аднак, з другога боку, веліч і пышнасць святыні з абрадамі і літургіяй павінны былі ўздзейнічаць на ўяўленне веруючага праз цэлы шэраг стымулаў (пах ладану, багацце аздобы і вялізны памер будынка, урачыстыя спевы і музыка і г.д.), каб “паказаць яму” веліч Бога і фармаваць яго сэрца.
У Святым Пісанні мы сустракаем шмат выразаў, якія спасылаюцца на ўяўленне з мэтай лепшага адлюстравання аб’яўленай праўды. Напрыклад, такія прарокі, як Ерамія, Даніэль, Ян Апостал мелі бачанні, якія Бог даваў ім на падставе іх асабістага ўяўлення. Св. Павел кажа пра Стары Запавет, што ён толькі ўяўляе тое, што яшчэ павінна адбыцца.
Аднак найбольш важным тут з’яўляецца прыклад самога Езуса. Усе прыпавесці, асабліва найбольш вядомыя: пра добрага самараніна (Лк 10, 30 і далей) ці міласэрнага Айца (Лк 15, 11 і далей) – гэта менавіта спрытна ўкладзеныя агады (у юдэйскай традыцыі – аповеды ці легенды дзеля лепшага засваення тэксту Торы), якія, стымулюючы ўяўленне слухача, павінны былі абудзіць сэрца і скіраваць да прыняцця добрых рашэнняў. Калі Езус пачынаў свае прыпавесці словамі: “У аднаго чалавека было два сыны…” (Лк 15, 11) або: “З чым параўнаю Валадарства Божае?” (Лк 13, 20), Ён тым самым запрашаў сваіх слухачоў увайсці ў кантакт з аповедам і ўявіць тое, аб чым Ён кажа. Езус ведаў, што ўяўленне – гэта магутны інструмент, які надае кшталт нашым жаданням і канкрэтызуе тое, да чаго будзе імкнуцца наша сэрца. Пасля заканчэння прыпавесці, малюючы постаць добрага самараніна перад вачыма прысутных, Езус наўпрост скажа: “Ідзі і ты рабі так”, г.зн., калі ты змог уявіць усю сцэну і правільна яе ўспрыняць – ідзі і дзейнічай у адпаведнасці з тым, што гэтыя вобразы абудзілі ў табе і да чаго яны запрашаюць.
Уяўленне ў жыцці Ігнацыя
Уяўленне мае вялікую моц. Яно адкрывае пэўны гарызонт, які паказвае мэту, да якой чалавек імкнецца дайсці. Св. Ігнацый Лаёла пераканаўся ў гэтай сіле. Ён, здаецца, вырас на гісторыях, якія сфармавалі яго ўяўленне і праз якія ён вызначаў свае жаданні і мэты. Жыццёвыя мэты змяняліся ў залежнасці ад таго, чым ён карміў сваё ўяўленне.
Спачатку ягоныя мары і жаданні былі, можна сказаць, вельмі банальныя. Як ён сам успамінае праз гады: «ён марыў аб тым, чаго ён мае дасягнуць на службе пэўнай даме, аб сродках, якія ён будзе выкарыстоўваць, каб дабрацца да месца, дзе яна жыла, аб вершах і словах, з якімі ён будзе звяртацца да яе, нарэшце, аб баявых подзвігах, якія ён здзейсніць у яе на службе”[1]. Аднак паступова пад уплывам чытання, якое правакавала яго ўяўляць сцэны з жыцця Езуса і святых, ягоныя жаданні змяніліся (АП 7). Пад уплывам уяўлення жыцця святых у ім “нарадзілася прагненне наследаваць святых. І ён не толькі разважаў над дэталямі, але паабяцаў сабе, што з ласкі Божай зробіць тое, што зрабілі яны” (АП 9).
Уяўленне ў малітве
Св. Ігнацый знайшоў спосаб выкарыстаць уяўленне для малітвы і сустрэчы з Богам. Ён зразумеў (і няважна, свядома ці інтуітыўна, з дапамогай Божай ласкі), наколькі моцна малітва, заснаваная на ўяўленні, можа фармаваць сэрца і адносіны з Езусам. І зразумеў таксама, што чым ён сілкуе сваё ўяўленне, тое і будзе фармаваць сэрца і жаданні. Ён адчуў, што дзякуючы ўяўленню можна сустрэць жывога Езуса.
Гэта цікава паказана ў фільме “Ігнацый Лаёла” 2016 года. Калі Ігнацый пасля навяртання яшчэ заставаўся ў сямейным маёнтку, ягоны брат не вельмі верыў у новае жыццё Ініга. Нейкай хітрасцю ён завёў яго ў карчму і ініцыяваў сустрэчу з распуснай жанчынай. Ігнацый, сэрца і жаданні якога ўжо перамяніў спатканы ва ўяўленні Езус, сам пачынае размову з жанчынай. Ён прапануе ёй уявіць Езуса, які сядзіць у крэсле насупраць яе. Пры агульным здзіўленні жанчына пакідае гэтую сустрэчу (не з Ігнацыем, а з Езусам, якога сустрэла) цалкам перамененай. У яе ёсць мужнасць і сіла пачаць новае жыццё. Менавіта такую сілу мае малітва, спалучаная з уяўленнем. Пазней, калі ў Манрэзе св. Ігнацый пачаў маліцца яшчэ больш інтэнсіўна і сам прайшоў духоўныя практыкаванні (названыя пазней ігнацыянскімі рэкалекцыямі), ён удасканаліў метад малітвы, адкрыты ў замку Лаёла.
Вядома св. Ігнацый не быў Калумбам, які адкрыў Амерыку, і не быў Капернікам, які зрабіў рэвалюцыю ў сферы духоўнасці. Малітва з выкарыстаннем уяўлення была вядомая і раней [2].
Аднак Ігнацый упарадкаваў гэтую малітву, надаў ёй пэўную структуру і дынаміку: праз навяртанне і адрачэнне ад уласнага граху – да прагнення стаць падобным да Езуса і з Ім здабываць свет для Айца. Гэтую ўпарадкаваную структуру Ігнацый змясціў у невялікай кніжцы “Духоўныя практыкаванні”. У знешне непрыкметным творы ён увесь час заахвочвае нас уяўляць гісторыі, апісаныя ў Бібліі. Ён рэкамендуе пачынаць малітву з “уяўлення месца”, дзе разгортваецца тая ці іншая падзея, або, кажучы сучаснай мовай, стварыць ва ўяўленні пэўную прастору, дзе адбываецца гісторыя. Часам гэта могуць быць вельмі рэалістычныя сцэны, напрыклад, “дом і пакой Маці Божай у горадзе Назарэт у правінцыі Галілея” (ДП 103). Іншым разам – больш абстрактныя вобразы, напрыклад, вобраз уласнай душы ў вязніцы ці дзесьці ў выгнанні (ДП 47). Уяўленне сабе месцаў і асобаў дапамагае чалавеку ўсталяваць сапраўдную сувязь з героямі дадзенай гісторыі. Таму св. Ігнацый заахвочвае, напрыклад, “уяўляць сабе Хрыста, нашага Пана, прысутнага і ўкрыжаванага, размаўляць з Ім” (ДП 53) або “правесці размову, думаючы аб тым, што я маю сказаць тром Боскім Асобам ці спрадвечнаму і ўцелаўлёнаму Слову ці Маці Ягонай і нашай Пані” (ДП 109).
Цяжкасці ў малітве ўяўленнем
У многіх людзей, якія ўпершыню сутыкаюцца з такім відам малітвы, узнікае шмат пытанняў і сумневаў, звязаных з уяўленнем. Напрыклад, некаторыя людзі баяцца выкарыстоўваць сваё ўяўленне з-за страху, што ўбачаныя вобразы будуць не толькі не сапраўднымі, але і далёкімі ад гістарычнай праўды. Варта памятаць, што “гістарычная” праўда – не самае галоўнае ў малітве. Сітуацыю, хутчэй, можна параўнаць з мастацтвам. Хто з нас не захапляўся і, можа, не быў узрушаны і ўражаны, гледзячы на твор Леанарда да Вінчы “Апошняя вячэра”? І ўсё ж мы добра ведаем, што ні адзенне Езуса і апосталаў, ні ежа на стале, ні многія іншыя элементы не маюць нічога агульнага з гістарычнай праўдай. Аднак гэта не перашкаджае нам унутрана дакрануцца да падзеі, якая адбылася на Апошняй Вячэры.
Зрэшты, сам св. Ігнацый уводзіць у малітву негістарычныя элементы, калі, напрыклад, у разважанні аб Божым нараджэнні запрашае ўявіць не толькі Марыю і Юзафа, але таксама асла і служанку (ДП 111). Зацвярджаючы тэкст “Духоўных практыкаванняў”, Касцёл сваім аўтарытэтам пацвярджае, што ў такім уяўленні няма нічога дрэннага.
Можна прывесці іншы прыклад: хаця св. Ігнацый быў у Святой Зямлі, але ва ўводзінах да малітвы ён не падае ніякіх дэталяў, якія б дазволілі таму, хто моліцца, больш “гістарычна” і “дакладна” ўявіць сабе гэтыя месцы. Усё таму, што “Ігнацый хоча, каб рэкалектант пайшоў у Назарэт свайго ўяўлення і ў свой уласны Бэтлеем. Уяўленне дапаможа выцягнуць з таямніцы праўду, куды больш важную, чым праўда гісторыі. Ідзецца пра наш кантакт з Езусам Хрыстом. А гэта значна важней за ўсялякую гістарычную дакладнасць”[4].
Людзі з больш аналітычным складам розуму задаюцца пытаннем, ці з’яўляецца тое, што яны сабе ўяўляюць, рэальным, а не толькі плодам іх фантазіі. Магчыма, ім няцяжка ўявіць сабе месцы ці людзей. Нават нескладана ўявіць, што яны самі размаўляюць з Езусам. Праблемы пачынаюцца, калі Ён адказвае. Кожны разважны чалавек разумее, што гэтыя словы – толькі плод ягонага ўяўлення. І гэта праўда. Аднак Богу, які з’яўляецца маім Стварыцелем і які таксама стварыў маё ўяўленне, нішто не перашкаджае яго выкарыстоўваць, каб дасягнуць мяне. Таму не важна, з дапамогай якіх сродкаў Бог гаворыць са мной. Нашмат важней плод гэтых словаў ці вобразаў. Дастаткова ўспомніць вышэйзгаданую сцэну з фільма пра Ігнацыя: жанчына, якая сустрэла Езуса, уявіўшы Яго седзячым у крэсле, насамрэч змяніла свае паводзіны. Самаўнушэнне або твор уласнай фантазіі не маюць гэткай моцы перамянення. І хоць мы гаворым усяго толькі пра вобраз з фільма, аднак людзям, якія моляцца з дапамогай уяўлення, знаёмы падобны досвед.
Яшчэ іншыя лічаць, што ў іх проста няма ўяўлення, каб практыкаваць такую малітву. Яна здаецца ім занадта складанай. Тымчасам, калі хтосьці ўмее ўважліва слухаць аповеды сяброў пра адпачынак у маляўнічым месцы, значыць, у яго ёсць уяўленне. Калі хтосьці моршчыцца ад болю, чуючы расповед, як нехта вальнуў сабе па пальцах малатком, убіваючы цвік у сцяну, то несумненна ён мае ўяўленне. Калі мы можам спыніцца перад іконай у святыні ці перад карцінай у музеі і доўга ўзірацца на яе, бо адчуваем, што яна “прамаўляе” да нас, значыць, у нас ёсць уяўленне. Калі мы здольныя чытаць кнігу і сачыць за лёсам яе герояў, у нас ёсць уяўленне. Безумоўна, знойдуцца людзі, якія, чытаючы раман Элізы Ажэшкі “Над Нёманам”, будуць у захапленні ад апісанняў прыроды, тады як іншыя пачнуць неспакойна гартаць старонкі і нудзіцца, ніякім чынам не могучы сабе ўявіць гэтыя сцэны.
Варта памятаць, што ў кожнага з нас крыху іншы “тып” уяўлення [5]. Некаторыя людзі могуць уявіць знешнасць чалавека з драбнюткімі дэталямі рысаў твару або вопраткі. Іншых будзе больш цікавіць дынаміка таго, што адбываецца ў дадзенай сцэне. Трэція будуць услухоўвацца ў тое, што кажуць героі біблійнага сюжэта. А іншыя могуць сузіраць многімі іншымі спосабамі. Ігнацый гэта добра ведаў. Таму, уводзячы кантэмпляцыйную малітву, ён раіць, што можна “бачыць людзей”, “слухаць, што яны гавораць” або “глядзець, што яны робяць” (ДП 106 і далей). Важна не пераконваць сябе з самага пачатку, што я не магу так маліцца, але знайсці “свой тып” уяўлення.
Кантэмпляцыйнай малітве, заснаванай на ўяўленні, лепш за ўсё вучыцца падчас Ігнацыянскіх рэкалекцый у суправаджэнні дасведчанага духоўнага кіраўніка, які дапаможа ў цяжкасцях і падкажа, як лепш і больш плённа маліцца, каб сустрэцца з жывым Богам. Аднак і без такіх рэкалекцый гэтая малітва даступная кожнаму. Гэтак жа, як гэта было даступна Ігнацыю ў замку Лаёла.
Томаш Аленяч SJ (Tomasz Oleniacz SJ) – езуіт, рэкалекцыяніст, духоўны кіраўнік, капелан. Зараз працуе ў Доме пастаяннай фармацыі “Manresa” ў Старой Всі. Аўтар кніг, аўдыёкніг і шматлікіх артыкулаў у галіне духоўнасці, асаблівым чынам, ігнацыянскай.
Крыніца: MANREZA. Pismo poświęcone duchowości ignacjańskiej. 1/2023 (13).
Спасылкі ў тэксце:
1 Пар. Св. Ігнацый Лаёла “Апавяданне пілігрыма” (далей – АП).
2 У хрысціянскай традыцыі выкарыстоўвалі яе такія аўтары як Эльрэда дэ Рыё, Луіс Бальбо, Псеўда-Банавентура і іншыя прадстаўнікі руху Devotio Moderna: Ян Момбаер, Жэрар дэ Зютфен. Пар. Rossano Zas Friz SJ, Compocisión de Lugar, w: José García de Castro (red.), Diccionario de Espiritualidad Ignaciana, Ediciones Mesajero-Sal Terrae, Vol I (A-F), s. 359.
3 Св. Ігнацый Лаёла “Духоўныя практыкаванні” (далей – ДП).
4 Antoni de Mello, Kontakt z Bogiem, WAM, Kraków 1993, s. 264.
5 Krystyna Sztuka, Wyobraźnia a rozwój duchowy, WAM, Kraków 2010, s. 25.