Сёння мы завяршаем цыкл катэхез пра распазнаванне, з дапамогай якога мы прыходзім да адпаведнага разумення волі Пана. Важнай дапамогай у распазнаванні з’яўляецца практыка духоўнага кіраўніцтва або суправаджэння, калі мы дзелімся з іншым чалавекам рухамі Духа ў нашым сэрцы і, нягледзячы на сваю крохкасць, набліжаемся да Пана, які ўзяў на сябе і адкупіў слабасць нашай чалавечай натуры. Евангелле распавядае пра шматлікія сустрэчы Езуса з людзьмі, якія адкрывалі Яму свае сэрцы і спазналі Яго міласэрнасць і прабачэнне. У размове з духаўніком мы часта больш ясна распазнаём праўдзівы накірунак жыцця і ціхае дзеянне Божай ласкі ў нас. Духоўнае суправаджэнне таксама выяўляе супольнасны характар шляху да дасканаласці, паколькі разам мы з’яўляемся членамі Цела Хрыста, сынамі і дочкамі Айца і ўдзельнікамі жыцця Духа. Настаўніцай у мастацтве распазнавання з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя. Яна вядзе нас да Езуса, які заклікае не баяцца, але давяраць Яму і Ягоным словам вечнага жыцця.
Дарагія браты і сёстры!
Сённяшняй катэхезай мы завершым цыкл, прысвечаны тэме распазнавання, а таксама размову пра сродкі, якія могуць і павінны падтрымліваць працэс распазнавання. Адным з іх з’яўляецца духоўнае суправаджэнне, важнае перш за ўсё для самапазнання, якое, як мы бачылі, з’яўляецца абавязковай умовай распазнавання. Глядзець на сябе ў люстэрка – у самоце – не заўсёды дапамагае, бо можна дапасаваць вобраз. А вось глядзецца ў люстэрка з дапамогай іншага вельмі карысна, бо іншы кажа праўду – калі сам праўдзівы – і такім чынам дапамагае.
Божая ласка ў нас заўсёды працуе на аснове нашай натуры. Узгадваючы евангельскую прыпавесць, мы заўсёды можам параўнаць ласку з добрым насеннем, а натуру – з глебай (пар. Мк 4, 3–9). Перш за ўсё, важна адкрыцца, не баючыся падзяліцца найбольш далікатнымі аспектамі, у якіх мы лічым сябе найбольш уразлівымі, слабымі, дзе баімся асуджэння. Ідзецца аб тым, каб дазволіць сябе пазнаць, выяўляючы ўнутраны свет чалавеку, які суправаджае нас на жыццёвым шляху. Ён не з’яўляецца тым, хто вырашае за нас, не: а тым, хто нас суправаджае. Таму што крохкасць – на самай справе, нашае сапраўднае багацце: усе мы багатыя на крохкасць, мы валодаем сапраўдным багаццем, якое мы павінны навучыцца паважаць і вітаць, таму што, ахвяраванае Богу, яно робіць нас здольнымі да пяшчоты, міласэрнасці і любові. Гора тым людзям, якія не адчуваюць сябе крохкімі: яны жорсткія, дыктатарскія. А людзі, якія з пакорай прызнаюць свае недахопы, лепш разумеюць іншых. Крохкасць, на маю думку, робіць нас людзьмі. Невыпадкова першая з трох спакусаў Езуса ў пустыні спасылаецца на голад і спрабуе пазбавіць слабасці, крохкасці, прадстаўляючы яе як зло, ад якога трэба пазбавіцца, як тое, што замінае быць падобнымі на Бога. Тымчасам гэта наш найкаштоўнейшы скарб: сапраўды, каб зрабіць нас падобнымі да сябе, Бог пажадаў максімальна падзяліць нашу крохкасць. Паглядзіце на крыж – Бог сышоў у зраненасць і слабасць. Паглядзіце на сцэну Божага Нараджэння – Ён прыходзіць у неймавернай чалавечай крохкасці. Ён увайшоў у нашую крохкасць.
А духоўнае суправаджэнне, калі яно паслухмянае Святому Духу, дапамагае выкрыць нават сур’ёзныя непаразуменні ў нашым самаўспрыманні і ў адносінах з Панам. Евангелле дае розныя прыклады размоў, якія прасвятлялі і вызвалялі суразмоўцаў Езуса. Узгадаем, напрыклад, дыялог з самаранкай, які мы перачытваем зноў і зноў, заўсёды знаходзячы мудрасць і пяшчоту Езуса; успомнім Закхея, грэшніцу, Нікадэма і вучняў з Эмауса: мы бачым Божы спосаб камунікацыі. Людзі, якія перажылі сапраўдную сустрэчу з Езусам, не баяліся адкрыць сэрца, прадставіць сваю ўразлівасць, няздольнасць, крохкасць. У выніку, іх самараскрыццё становіцца досведам збаўлення і прабачэння, атрыманага задарма.
Расповед іншаму чалавеку аб тым, што мы перажылі або чаго шукаем, дапамагае ўнесці яснасць для саміх сябе, выносячы на святло шматлікія думкі, якія жывуць у нас і часта трывожаць сваімі настойлівымі паўторамі. Безліч разоў у змрочныя хвіліны прыходзяць думкі кшталту: “Я зрабіў усё не так, я нічога не варты, ніхто мяне не разумее, у мяне ніколі не атрымаецца, я асуджаны на паразу”. Колькі разоў наплываюць падобныя развагі… Ілжывыя і атрутныя думкі, выкрыць якія дапамагае размова, пасля якой мы адчуваем, што Пан любіць і цэніць нас за тое, што мы ёсць, здольныя рабіць добрыя справы дзеля Яго. Перад намі нечакана адкрываюцца іншыя ракурсы, знакі дабра, якія заўсёды былі поруч. Сапраўды, мы можам падзяліцца сваімі немачамі з іншым чалавекам, з тым, хто суправаджае нас у духоўным жыцці, настаўнікам духоўнага жыцця, будзь то свецкая асоба, ці святар, і сказаць: “Паглядзі, што са мной адбываецца: я няшчасны, здарылася тое і тое”. А суправаджаючы адказвае: “Так, нам усім знаёмы такі досвед”, што дапамагае нам зразумець, у чым справа, убачыць карані, каб тым самым пераадолець цяжкасці.
Суправаджаючы не замяняе Пана, не выконвае працу замест падапечнага, але ідзе побач з ім, заахвочваючы інтэрпрэтаваць унутраныя рухі сэрца, бо менавіта ў сэрцы прамаўляе Пан. Духоўны суправаджаючы, якога мы называем духоўным кіраўніком – я не люблю гэты тэрмін, мне больш падабаецца духоўны суправаджаючы, кажа: “Добра, аднак паглядзі сюды, зірні на гэта”, звяртае ўвагу на рэчы, якія, магчыма, праходзяць неўпрыкмет; дапамагае лепш зразумець знакі часу, голас Пана, голас спакушальніка, голас цяжкасцяў, з якімі не можаш даць сабе рады. Таму вельмі важна не крочыць у самоце. Ёсць мудрая афрыканская прымаўка (паколькі ў іх ёсць гэты племянны містыцызм): “Калі хочаш прыбыць на месца хутка, ідзі адзін; калі хочаш дабрацца шчасліва, ідзі з іншымі”, ідзі ў кампаніі, ідзі з людзьмі. Гэта важна. У духоўным жыцці каштоўна мець поруч таго, хто ведае нас і падтрымлівае. Вось што значыць духоўнае суправаджэнне.
Такое ўзаемадзеянне можа быць плённым, калі абодва бакі маюць досвед сыноўняй і духоўнай блізкасці. Мы адкрываем, што з’яўляемся дзецьмі Божымі, калі спасцігаем, што мы браты і сёстры, дзеці аднаго Айца. Вось чаму вельмі важна быць часткай вандроўнай супольнасці. Мы не самотныя, мы належым да народа, нацыі, горада, які знаходзіцца ў руху, Касцёла, парафіі, гэтай групы… супольнасці ў руху. Да Пана ніхто не ідзе асобна ад усіх, бо так не атрымаецца. Мы павінны гэта добра разумець. Як і ў евангельскім аповедзе пра паралізаванага, нас часта падтрымлівае і лечыць вера іншага (пар. Мк 2, 1–5), які дапамагае нам ісці наперад, бо кожнага з нас часам ахоплівае ўнутраны параліч і толькі з дапамогай іншых мы пераадольваем гэты канфлікт. Сам адзін да Пана не ідзеш, памятайма пра гэта цвёрда; часам мы бяром на сябе абавязацельства дзеля нашых брата ці сястры і самі становімся спадарожнікамі, якія дапамагаюць іншай асобе. Без вопыту сыноўства і блізкасці суправаджэнне можа выклікаць нерэалістычныя чаканні, непаразуменне, што выявіцца праз розныя формы залежнасці, якія трымаюць чалавека ў інфантыльным стане. Суправаджэнне прадуглежвае адносіны дзецей Божых, братоў і сясцёр.
Фота: Antoine Mekary | ALETEIA
Панна Марыя з’яўляецца вялікай настаўніцай распазнавання: мала гаворыць, шмат слухае і захоўвае ў сэрцы (пар. Лк 2, 19). Тры падыходы Маці Божай: мала гаворыць, шмат слухае і захоўвае ў сэрцы. Кожны раз, калі Яна гаворыць, Яе словы пакідаюць след. Напрыклад, у Евангеллі паводле Яна ёсць вельмі кароткі выраз Марыі, які стаўся наказам для хрысціян усіх часоў: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа” (пар. 2, 5). Цікава: аднойчы я слухаў вельмі добрую, вельмі пабожную пажылую жанчыну, якая не вывучала тэалогіі, яна была вельмі простая.”Ці ведаеш, – спытала яна, – што заўсёды робіць Маці Божая?” Не ведаю, Яна цябе абдымае, кліча… “Не, Маці Божая робіць такі жэст” (паказвае пальцам). Я не зразумеў і спытаў: “Што гэта значыць?” І жанчына адказала: “Яна заўсёды паказвае на Езуса”. Гэта прыгожа: Маці Божая нічога не бярэ для сябе, Яна паказвае на Езуса. Рабіце ўсё, што скажа вам Езус – у гэтым Маці Божая. Марыя ведае, што Пан прамаўляе да сэрца кожнага чалавека і просіць, каб гэтыя словы ператварыліся ў дзеі і рашэнні. Яна ўмела гэта рабіць лепш, чым хто, і сапраўды прысутнічае ў асноўных момантах жыцця Езуса, асабліва ў найвышэйшы момант смерці на крыжы.
Дарагія браты і сёстры, мы завяршаем гэтую серыю катэхез аб распазнаванні: распазнаванне – гэта мастацтва, мастацтва, якому можна навучыцца і якое мае свае правілы. Добра засвоенае, яно дае магчымасць перажываць духоўны досвед яшчэ больш прыгожа і ўпарадкавана. Перш за ўсё, распазнаванне – дар ад Бога, аб якім трэба заўсёды прасіць і нават не лічыць сябе самадастаковым экспертам. Пане, дай мне ласку распазнаваць на працягу ўсяго жыцця, што я павінен рабіць, што я павінен разумець. Дай мне ласку распазнавання і дай мне чалавека, які дапаможа мне распазнаваць.
Голас Пана заўсёды можна пазнаць; у яго унікальны стыль, гэта голас, які супакойвае, умацоўвае і падбадзёрвае ў цяжкі час. Пра гэта пастаянна нагадвае Евангелле: “Не бойся” (Лк 1, 30) – якое прыгожае слова анёла да Марыі! “Не бойся”, “Не бойцеся”: гэта стыль Пана. “Не бойся!”, “Не бойцеся!” Пан і сёння паўтарае нам: “Не бойцеся” – калі мы давяраем Яго слову, мы будзем добра гуляць у жыццёвую гульню і зможам дапамагаць іншым. Як сказана ў псальме, Ягонае слова з’яўляецца светачам для нашых ног і святлом на шляху (пар. 119, 105).
Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 4 студзеня 2023г.
Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2023/documents/20230104-udienza-generale.html
Галоўная выява: Зала Паўла VI падчас агульнай аўдыенцыі 4 студзеня 2023г. (Крыніца: vatican.va).