Сёння мы рухаемся да завяршэння цыкла катэхез аб духоўным распазнаванні і разгледзім некаторыя сродкі, якія могуць дапамагчы нам правільна распазнаць Божую волю адносна нашага жыцця і шчасця. Найлепш пачаць з сустрэчы са словам Божым і з навучання Касцёла. Засяроджаная малітва Святым Пісаннем дапамагае нам адчуць прысутнасць Пана, пачуць Яго голас і ўсвядоміць самыя глыбокія жаданні сэрца. Такім чынам мы ўзрастаем у любові і блізкасці да Езуса, які запэўнівае нас у міласэрнай любові Айца і сваёй крыжовай смерцю аб’яўляе Божую моц выводзіць жыццё са смерці і дабро са зла. Сяброўства з Езусам і давер – гэта вялікі дар Святога Духа, які жыве ў сэрцы і натхняе працэс распазнавання на любым этапе. У штодзённай малітве Касцёла кожная кананічная гадзіна пачынаецца з просьбы да Бога аб дапамозе. З надзеяй на Яго дапамогу, навучымся ж мудра распазнаваць шляхі, якія вядуць нас да Айца, і адгукацца на Яго поўную любові прапанову збаўлення.
Дарагія браты і сёстры, вітаю сардэчна!
Сёння мы працягнем, набліжаючыся да завяршэння, катэхезу аб распазнаванні. Той, хто дагэтуль сачыў за гэтымі катэхезамі, можа падумаць: як жа складана практыкаваць распазнаванне! На самай справе, гэта жыццё складанае, і калі мы не навучымся чытаць яго, якім бы няпростым яно ні было, рызыкуем змарнаваць яго, выкарыстоўваючы стратэгіі, якія заканчваюцца расчараваннямі.
На першай сустрэчы мы разважалі, што заўсёды, кожны дзень, хочаш не хочаш, нам даводзіцца распазнаваць, што з’есці, што чытаць, на працы, у адносінах, ва ўсім. Жыццё заўсёды ставіць нас перад выбарам, і калі мы не робім яго свядома, у рэшце рэшт жыццё выбірае за нас, вядзе нас туды, куды мы не хочам ісці.
Аднак распазнаванне не адбываецца адасоблена. Сёння давайце больш канкрэтна разгледзім сродкі дапамогі, якія могуць спрыяць неабходнай практыцы распазнавання ў духоўным жыцці, нават калі нейкім чынам мы ўжо сутыкаліся з імі падчас мінулых катэхез. Але падсумаванне будзе вельмі карысным.
Адным з першых незаменных сродкаў з’яўляецца супастаўленне з Божым словам і Дактрынай Касцёла, што дапамагае нам чытаць унутраныя рухі сэрца, вучыцца распазнаваць голас Бога і адрозніваць яго ад іншых галасоў, якія нібы змагаюцца за нашу ўвагу, але ў выніку пакідаюць у замяшанні. Біблія папярэджвае, што голас Бога гучыць у цішыні, у засяроджанасці, у маўчанні. Прыгадаем прарока Іллю: Пан не прамаўляе да яго ані ў моцным ветры, які разбівае скалы, ані ў агні, ані ў землятрусе, але ў лёгкім ветрыку (пар. 1 Вал 19, 11-12). Гэта вельмі прыгожы вобраз, які дапамагае нам зразумець, як прамаўляе Бог. Божы голас не навязвае сябе; ён стрыманы, поўны павагі – я б сказаў, калі дазволіце, голас Бога пакорны – і таму прыносіць мір. І толькі ў спакоі мы можам глыбока ўвайсці ў сябе і распазнаць сапраўдныя жаданні, якія Пан уклаў у нашыя сэрцы. Часта бывае нялёгка знайсці гэты спакой сэрца, бо мы занятыя многімі справамі цягам дня… Але, калі ласка, шукай спакою, ідзі ўнутр сябе. Спыніся на дзве хвіліны. Спазнай, што адчувае сэрца. Браты і сёстры, варта гэта рабіць, бо ў такія спакойныя моманты мы адразу чуем голас Бога, які кажа: “Ну, паглядзі сюды, зірні на гэта, вось тут ты добра робіш…”. Дазволім Божаму голасу неадкладна ўвайсці ў [момант] спакою. Ён чакае, каб мы гэта зрабілі.
Для веруючага чалавека Божае слова – не проста тэкст для чытання. Божае слова – гэта жывая прысутнасць, дзеянне Святога Духа, які суцяшае, навучае, дае святло, моц, палёгку і прагу жыцця. Чытанне Бібліі, фрагмент, адзін-два біблійныя вершы – гэта як кароткія тэлеграмы ад Бога, якая адразу трапляюць у сэрца. Божае слова дае – я не перабольшваю – нейкі праўдзівы прадсмак нябёсаў. Вялікі святы і пастыр Амброзій, біскуп Мілана, добра разумеў гэта, калі пісаў: “Калі я чытаю Святое Пісанне, Бог зноў ходзіць па раі зямным” (пар. Лісты, 49.3). Праз Біблію мы адчыняем дзверы Богу, які ідзе. Цікава.
Гэтыя эмацыйныя адносіны з Бібліяй, Святым Пісаннем, з Евангеллем вядуць нас да досведу чулых адносін з Панам Езусам. Не будзем іх баяцца! Сэрца звяртаецца да сэрца. Гэта яшчэ адзін незаменны сродак дапамогі, які нельга ўспрымаць як належнае. Часта мы маем скажонае ўяўленне пра Бога як пра панурага, суровага суддзю, гатовага злавіць нас на дрэнным учынку. Наадварот, Езус аб’яўляе Бога, поўнага спачування і пяшчоты да нас, гатовага ахвяраваць сабой дзеля сустрэчы з намі, зусім як бацька з прыпавесці пра блуднага сына (пар. Лк 15, 11–32). Аднойчы нехта спытаў (не ведаю, у мамы ці ў бабулі, якая мне гэта расказала): “Што ж мне цяпер рабіць?” – “Слухай Бога, Ён табе скажа, што рабіць. Адкрый сэрца Богу”. Гэта добрая парада. Памятаю адзін выпадак падчас штогадовай пілігрымкі моладзі ў санктуарый Маці Божай Луханскай, які знаходзіцца ў 70 км ад Буэнас-Айрэса. Дабірацца туды трэба цэлы дзень. Звычайна цягам ночы я спавядаў. Да мяне падышоў малады чалавек гадоў 22, увесь у татуіроўках… “Божа мой, – падумаў я, – што гэта будзе?” І ён сказаў мне: “Ведаеце, я прыйшоў, бо маю сур’ёзную праблему, я расказаў сваёй маме, і яна параіла мне: “Ідзі да Маці Божай. Ідзі ў пілігрымку, і Маці Божая адкажа табе”. І я прыйшоў. Тут сутыкнуўся з Бібліяй. Божае слова, якое я слухаў, кранула маё сэрца, і цяпер мне трэба зрабіць гэта, гэта, гэта, гэта”. Слова Божае кранае сэрца і змяняе жыццё. Я быў таго сведкам вельмі шмат разоў. Таму што Бог не хоча нас знішчыць. Бог хоча, каб кожны дзень мы ўмацоўваліся, рабіліся лепшымі.
Стоячы перад Укрыжаваным, людзі наноў знаходзяць страчаны спакой і вучацца не баяцца Бога, бо Езус на крыжы нікога не палохае. Ён з’яўляецца вобразам поўнай бездапаможнасці і адначасова поўнай любові, здольнай вытрымаць любое выпрабаванне дзеля нас. Святыя заўсёды любілі Езуса Укрыжаванага. Апісанне Мукі Езуса з’яўляецца надзейнейшым спосабам супрацьстаяць злу і не быць ім прыгнечаным. У ёй няма ані асуджэння, ані адмовы, бо яна прасякнута найвялікшым святлом, святлом Пасхі, якое дазваляе нам убачыць у гэтых жудасных дзеях большы план, якому не замінаюць аніякія перашкоды, завады і няўдачы. Божае слова заўсёды дае іншы ракурс: вось крыж і гэта жахліва, але ёсць і нешта яшчэ – надзея, уваскрасенне. Божае слова адчыняе ўсе дзверы, бо Ён, Пан, ёсць дзвярыма. Возьмем у рукі Евангелле, Біблію – пяць хвілін у дзень, не больш. Вазьмі з сабой кішэннае Евангелле і ў дарозе чытай яго патроху на працягу дня, невялікі ўрывак, дзякуючы якому Божае слова дойдзе да сэрца. Паспрабуй – і ўбачыш, як зменіцца жыццё з набліжэннем да Божага слова. “Так, ойча, але я звычайна чытаю жыццяпісы святых”. Добра. Гэта добра, але не пакідай Божага слова. Вазьмі з сабой Евангелле і чытай яго хоць адну хвіліну ў дзень…
Так цудоўна думаць пра нашае жыццё з Панам як пра адносіны з сябрам, якія паглыбляюцца з кожным днём. Сяброўства з Богам. Вы калі-небудзь разважалі пра гэта? Гэта шлях! Проста падумаем пра Бога, які любіць нас і жадае, каб мы былі сябрамі. Сяброўства з Богам здольнае змяніць сэрца. Пабожнасць – гэта адзін з вялікіх дароў Духа Святога, які робіць нас здольнымі распазнаваць айцоўства Бога. У нас ёсць пяшчотны Айцец, ласкавы Айцец, Айцец, які любіць нас, які заўсёды любіў нас. Калі мы гэта перажываем, адчуваем, нашы сэрцы мякчэюць, а сумненні, страхі, пачуццё непаўнавартаснасці знікаюць. Нішто не можа перашкодзіць гэтай любові, якая паходзіць ад сустрэчы з Панам.
І дзякуючы гэтаму ўзгадаем пра яшчэ адну вялікую дапамогу – дар Духа Святога, які прысутнічае ў нас і настаўляе, робіць жывым Божае слова, якое мы чытаем, прапануе новыя сэнсы, адчыняе дзверы, якія выглядаюць зачыненымі, паказвае шляхі жыцця там, дзе, здаецца, пануе толькі цемра і бязладдзе. Пытаюся ў вас – вы моліцеся да Святога Духа? Але кім ёсць гэты Вялікі Невядомы? Безумоўна, мы молімся “Ойча наш”. Мы молімся да Езуса. Але мы забываемся пра Духа! Неяк раз, праводзячы катэхезу з дзецьмі, я задаў пытанне: “Хто-небудзь ведае, хто такі Дух Святы?” І адзін хлопчык кажа: “Я ведаю!” – “І хто Ён?” – “Паралітык”, – адказаў ён мне! Ён чуў слова “Параклет” і палічыў, што Дух “паралітык”. І як часта – падумаў я тады – Святы Дух застаецца Асобай Святой Тройцы, якую не прымаюць у разлік. А Святы Дух ажыўляе душу! Дайце ж Яму дзейнічаць. Размаўляйце з Ім, як з Айцом, як з Сынам. Размаўляйце са Святым Духам – Ён не спаралізаваны. У Ім сіла Касцёла, Ён вядзе нас наперад. Святы Дух – гэта распазнаванне ў дзеянні, прысутнасць Бога ў нас. Ён – дар, самы вялікі дар, які Айцец гарантуе таму, хто просіць (пар. Лк 11, 13). А як Езус Яго назваў? “А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні” (Лк 24, 49), якой з’яўляецца Святы Дух. Цікава жыць у сяброўстве з Духам Святым. Ён змяняе чалавека, дае здольнасць расці.
Літургія гадзінаў адкрывае галоўныя часткі штодзённай малітвы такім заклікам: “Божа, прыйдзі мне на дапамогу. Пане, паспяшы да мяне на паратунак”. “Пане, дапамажы мне!”, бо сам я не магу рухацца наперад, не магу любіць, не магу жыць… Гэтае маленне аб паратунку з’яўляецца нястрымнай просьбай, якая выплывае з глыбіні нашай істоты. Мэта распазнавання – заўважыць Божае збаўленне ў сваім жыцці, памятаць, што я ніколі не самотны і што маё цяжкае змаганне сведчыць пра высокія стаўкі. Святы Дух заўсёды з намі. “Ох, ойча, я зрабіў штосьці вельмі дрэннае. Мне трэба ісці да споведзі. Я нічога не магу зрабіць…”. Ты ўчыніў зло? Пагавары з Духам, які з табой, і скажы Яму: “Дапамажы мне, я зрабіў сапраўды страшную рэч…”. І ніколі не спыняй гэты дыялог з Духам Святым. “Ойча, я ў смяротным граху”: гэта не мае значэння. Гавары з Ім, каб Ён дапамог табе атрымаць прабачэнне. Ніколі не пераставай размаўляць з Духам Святым. І вось, маючы ўсе гэтыя сродкі дапамогі, якія дае нам Пан, не будзем баяцца. Наперад, мужна і радасна!
Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 21 снежня 2022г.
Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20221221-udienza-generale.html
Галоўная выява: Папа Францішак на аўдыенцыі 21 снежня 2022 г. (Крыніца: Daniel Ibáñez / CNA).