Разглядаючы тэму распазнавання, мы звяртаемся да знакаў, якія пацвярджаюць правільнасць нашых рашэнняў. Самы галоўны з іх – праверка часам. Мудра распазнаныя рашэнні даюць пачатак трываламу ўнутранаму супакою. Больш за тое, нашыя рашэнні як плён унутранай свабоды і адкрытасці на Божую волю ўносяць дабро, гармонію і інтэграцыю ў штодзённае жыццё, адносіны і працу. Яшчэ адной азнакай духоўна разважанага рашэння з’яўляецца перакананне, што яно насамрэч было свабодна абрана з любові да Бога і ў адказ на Яго ласку. Мудрасць і правільнасць рашэнняў таксама пацвярджаецца глыбокім пачуццём спакою, упарадкаванасці і накірунку жыцця. Бо сапраўдная мудрасць, як вучыць Біблія і сведчыць прыклад святых, нараджаецца з боязі Божай, упэўненасці ў тым, што нашае жыццё ў Яго руках, а нашая чалавечая свабода знаходзіць сваё найвышэйшае спаўненне ў даверлівай паслухмянасці Яго волі.
Дарагія браты і сёстры, добрай раніцы!
У працэсе распазнавання важна таксама заставацца ўважлівым да фазы, якая наступае непасрэдна пасля прыняцця рашэння, каб заўважыць знакі, якія пацвярджаюць яго правільнасць альбо абвяргаюць. Мне трэба штосьці вырашыць, і я распазнаю, разглядаю за і супраць, свае пачуцці, малюся… потым гэты працэс заканчваецца, я прымаю рашэнне, а затым наступае тая частка, дзе мы павінны быць уважлівымі і відушчымі. У жыцці здараецца, што некаторыя рашэнні не надта добрыя, і па пэўных прыкметах можна гэта зразумець, але з іншага боку можна пацвердзіць правільныя.
Мы ўжо бачылі, што час з’яўляецца фундаментальным крытэрыем для распазнавання Божага голасу сярод безлічы іншых галасоў. Толькі Бог з’яўляецца Валадаром часу: гэта адметная рыса Ягонай сапраўднасці, якая адрознівае Яго ад імітацый, якія гавораць ад Ягонага імя, але не могуць рабіць таго, што кажуць. Адной з адметных рысаў добрага духа з’яўляецца тое, што ён прыносіць супакой, які доўжыцца ў часе. Калі ты прымаеш рашэнне пасля грунтоўнага разважання, і потым адчуваеш доўгатрывалы спакой – гэта добры знак, які сведчыць аб тым, што шлях быў добрым. Такі спакой спалучаны з гармоніяй, еднасцю, запалам, руплівасцю. З паглыбленага працэсу распазнавання ты выходзіш лепшым, чым уваходзіў у яго.
Напрыклад, я вырашаю прысвяціць дадатковыя паўгадзіны малітве, а потым заўважаю, што лепш перажываю іншыя моманты дня, я спакайнейшы і менш трывожны, працую з большай засяроджанасцю і запалам, і нават адносіны з некаторымі складанымі людзьмі становяцца лягчэйшымі… Усё гэта важныя прыкметы на карысць правільнасці прынятага рашэння. Духоўнае жыццё распасціраецца кругамі: добры выбар прыносіць карысць усім сферам нашага жыцця, бо гэта ўдзел у Божым творчым працэсе.
Мы можам вылучыць некаторыя важныя аспекты, якія дапамагаюць нам успрымаць час пасля прыняцця рашэння як магчымае пацверджанне правільнасці, бо пазнейшы час паказвае, ці было яно добрым. У пэўным сэнсе мы ўжо сустракаліся з гэтымі важнымі аспектамі падчас мінулых катэхез, але цяпер яны знаходзяць сваё далейшае прымяненне.
Першы аспект заключаецца ў тым, ці мае гэтае рашэнне прыкметы адказу на любоў і шчодрасць Пана да мяне. Яно не нарадзілася ні са страху, ні з эмацыйнага шантажу ці прымусу, але з удзячнасці за атрыманае дабро, якое кліча сэрца быць шчодрым у адносінах з Панам.
Іншым важным элементам з’яўляецца адчуванне свайго месца ў жыцці, гэтая спакойная пэўнасць: “я на сваім месцы”, а таксама адчуванне, што з’яўляешся часткай больш вялікай задумы, у якую у якую хочаш зрабіць свой унёсак. На плошчы Святога Пятра ёсць дзве дакладныя кропкі – фокусы эліпса, – з якіх можна ўбачыць ідэальна выраўнаваныя калоны Берніні. Падобным чынам чалавек можа зразумець, што ён знайшоў тое, чаго шукаў, калі ягоны дзень становіцца больш упарадкаваным, калі адчувае рост інтэграцыі паміж сваімі шматлікімі інтарэсамі, калі вызначае адпаведную іерархію важнасці (прыярытэтаў) і з лёгкасцю спазнае гэта, з новай энергіяй і сілай духа пераадольваючы цяжкасці. Вось прыкметы таго, што прынятае рашэнне было правільным.
Яшчэ адным добрым знакам пацвярджэння з’яўляецца, напрыклад, факт захавання свабоды адносна таго, што было абрана, гатоўнасць паставіць яго пад сумнеў, нават адмовіцца ад рашэння перад абліччам пярэчанняў, спрабуючы знайсці ў іх магчымае настаўленне ад Пана. Гэта адбываецца не таму, што Ён хоча пазбавіць нас чагосьці любага нашаму сэрцу, але каб мы жылі гэтым свабодна, без прывязкі. Толькі Бог ведае, што для нас па-сапраўднаму добра. Уласніцтва – вораг дабра і забівае любоў. Будзьце ўважлівыя з гэтым: захопніцтва з’яўляецца ворагам дабра і забівае пачуцці. Шматлікія выпадкі насілля ў сям’і, пра якія мы, на жаль, часта чуем у навінах, амаль заўсёды паходзяць з прэтэнзіі на валоданне любоўю іншага, з пошуку абсалютнай бяспекі, якая забівае свабоду і душыць жыццё, ператвараючы яго ў пекла.
Мы можам любіць толькі ў свабодзе, таму Пан стварыў нас свабоднымі, свабоднымі нават сказаць Яму: “Не”.
У нашых інтарэсах ахвяроўваць Яму самае дарагое, бо так мы атрымліваем магчымасць жыць гэтым найбольш поўна і праўдзіва, як дарам Пана, праявай Яго бескарыслівай дабрыні, ведаючы, што нашае жыццё, як і ўся гісторыя, знаходзяцца ў Яго добразычлівых руках.
Біблія называе такое веданне бояззю Божай, гэта значыць павагай да Бога – не ў тым сэнсе, што Бог мяне палохае, не, але павагай, неабходнай умовай для прыняцця дару Мудрасці (пар. Сір 1, 1-18). Гэта страх, які выганяе ўсе іншыя страхі, таму што ён арыентаваны на таго, хто з’яўляецца Панам усіх рэчаў. У Яго прысутнасці нішто не можа нас устрывожыць.
Святы Павел свой цудоўны досвед выказаў так: “Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго: і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу. Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе” (Флп 4, 12-13). Гэта вольны чалавек, які благаслаўляе Пана і тады, калі прыходзіць добрае, і тады, калі не вельмі добрае: няхай Ён будзе благаслаўлёны, а мы наперад!
Распазнаванне такіх рэчаў мае велізарнае значэнне для пошуку добрых рашэнняў і дадае пэўнасці адносна таго, што мы не можам кантраляваць або прадбачыць: здароўя, будучыні, блізкіх, сваіх планаў. Важна, каб мы давяралі Пану сусвету, які бязмерна любіць нас і ведае, што мы можам пабудаваць з Ім нешта надзвычайнае, нешта вечнае. Святыя паказваюць нам гэта самым прыгожым чынам. Давайце ісці наперад, заўсёды стараючыся менавіта так прымаць рашэнні, молячыся, слухаючы, што адбываецца ў сэрцы, і рухаючыся наперад няспешна. Адвагі!
Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 7 снежня 2022г.
Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20221207-udienza-generale.html
Галоўная выява: Папа Францішак вітае прысутных на штотыднёвай агульнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI 7 снежня 2022г. (Крыніца: AFP).