Гамілія на ІV Звычайную нядзелю, Год А
Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея
Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:
Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне.
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.
Мц 5, 1–12а
Сёння ў нядзельнай літургіі мы пачынаем чытаць “Казанне на гары” ў Евангеллі паводле Мацвея – бадай што, найбольш знакамітую прамову Езуса. На працягу некалькіх наступных тыдняў пачуем яе працяг, сёння ж для нас гучаць самыя першыя яе словы. Вельмі паказальна, што Пан Езус пачынае сваю гамілію, паўтараючы дзевяць разоў слова “шчаслівыя”: усё, што тут і далей Ён скажа сваім слухачам, з’яўляецца “рэцэптам” шчасця.
У шматлікіх іншых мовах, а таксама ў Літургіі св. Імшы, евангельскае слова «шчаслівыя» перакладаецца як «благаслаўлёныя» (напрыклад, перад Камуніяй святар усклікае: “Благаслаўлёныя, пакліканыя на вячэру [Баранка]!” – гэта цытата з кнігі Апакаліпсіса (19, 9), дзе ў арыгінале знаходзім тое ж слова μακαριοι).
Гэтае слова добра перадае іншы аспект шчасця: яно з’яўляецца менавіта благаслаўленнем, дарам, які паходзіць ад Бога, і без Бога шчасце – гэта эфемерная, нетрывалая падробка.
Калі ўслухоўваемся ў Хрыстовыя благаслаўленні або “запаведзі шчасця”, нам трэба трымаць у галаве абодва вымярэнні таго, пра што кажа Пан: яны з’яўляюцца сапраўднай дарогай да шчасця і адначасова ўказваюць на яго крыніцу – Бога. З іншага боку, варта ўсведамляць, што ў большай ці меншай ступені мы трапляем у закладнікі таго “прыземленага” разумення шчасця, якое дыктуе поп-культура, або інакш кажучы “гэты свет”, як яго называе слова Божае. Такое разуменне перашкаджае смакаваць “новае віно”, якое прапануе Езус сваім вучэннем (пар. Лк 5, 39).
Прызнаемся, што навізна Хрыстовага Евангелля ўражвае нас: стан рэчаў, які Ён апісвае, радыкальна адрозніваецца ад нашага звычайнага ўспрымання і спосабу дзеяння. Разам з апосталам Пятром нам, напэўна, не аднойчы хацелася б запытацца нашага Настаўніка: “Ці аж сем разоў” трэба прабачаць (Мц 18, 21); ці неабходна цярпець дзеля Евангелля (пар. Мц 16, 22); ці няма нейкага прасцейшага шляху быць грамадзянамі Божага Валадарства, чым выконваць такія высокія маральныя наказы?.. Перад Панам не трэба хаваць таго, што вельмі часта мы няздольныя спантанна рэагаваць так, як вучыць Ён, што нам хочацца нейкага лягчэйшага рашэння. Такая шчырасць неабходна для таго, каб, гледзячы на прыклад самога Езуса і з Ягонай дапамогай, усё ж пакаштаваць “новае віно” Евангелля.
Новы закон – ці партрэт Настаўніка?
Памылкай, якой вельмі спрытна карыстаецца наш вораг, д’ябал, з’яўляецца разуменне вучэння Езуса як нейкай новай версіі “закону” накшталт таго, што Майсей атрымаў на гары Сінай. У сваіх пасланнях св. Павел вельмі красамоўна перадаў сваё (і бадай што, агульначалавечае) змаганне з самім прынцыпам рэлігійнага закону ў фарысейскім ключы (гл. Рым 7), з яго цяжарам у постаці зводу правілаў, які нам неабходна дасканала выканаць сваімі сіламі.
Езус праз Евангелле запрашае нас “выплыць на глыбіню” нашага існавання (пар. Лк 5, 4), аднак у гэтым высілку не пакідае нас з нашымі абмежаванымі магчымасцямі, ставячы неверагодна высокую маральную планку.
Благаслаўленні шчасця — у першую чаргу партрэт самога Езуса, “ціхага і пакорнага сэрцам” (Мц 11, 29), які “стаў бедным дзеля нас, каб мы ўзбагаціліся Ягоным убоствам” (пар. 1 Кар 8, 9); які плакаў над Ерузалемам (Лк 19, 41), быў пераследаваны ад самага пачатку жыцця, хоць прыйшоў, каб прынесці супакой і навучаў справядлівасці (Мц 2, 14; Лк 2, 14; Мц 6, 33); які прыйшоў паказаць людзям міласэрны твар Айца (Лк 15)…
Наша заданне як хрысціянаў, вучняў Хрыста – не ў тым, каб паводзіць сябе паводле нейкага абстрактнага алгарытму ці збору правілаў, а каб наследаваць Настаўніка і ісці побач з Ім, у блізкай асабістай сувязі з Ім. Наш шлях да шчасця – прызнаць, што самі па сабе мы не валодаем ключамі да яго: не ведаем, як дасягнуць Валадарства, дзеля якога створаныя, як па-сапраўднаму наталіць прагненне душы, спазнаць міласэрнасць і суцяшэнне, навучыцца бачыць Бога і атрымаць удзел у спадчыне новай зямлі і новага неба. Самі па сабе мы імкнёмся выключна да рэалізацыі ўласных амбіцый у гэтым свеце, абмяжоўваем свой далягляд тым, што можна здабыць для свайго камфорту і славы – няхай і коштам інтарэсаў тых, хто побач…
У такім ключы заклік «радавацца і весяліцца», наследуючы духоўную беднасць, смутак з прычыны трыумфу зла і граху, лагоднасць, імкненне да справядлівасці і супакою, міласэрнасць, чысціню сэрца і намераў, гатоўнасць цярпець дзеля перамогі дабра будзе выдавацца шаленствам, а не шчасцем. Толькі ў школе Нябеснага Настаўніка мы вучымся, чым ёсць нашае сапраўднае шчасце і як дасягнуць той узнагароды, якая на наступны дзень (ці праз шмат гадоў) не будзе знішчанай «моллю ці ржою» (пар. Мц 6, 20).
Благаслаўленне запаведзяў, што дзейнічае ў нас
Немагчыма падрабязна затрымацца на кожнай з запаведзяў шчасця, якія скіроўвае да нас сёння Езус, але можам у першую чаргу пастарацца ўсвядоміць, як благаслаўленне, заключанае ў іх, ужо дзейнічае ў нас ласкай Духа Святога. Ці ж няма ў гэты няпросты час у нашых сэрцах смутку за тых, хто пакутуе ад жахаў вайны, насілля, пераследу, пра якія штодзённа даведваемся з навінаў або і з асабістых аповедаў? Ці стараемся прынамсі постам і малітвай паспрыяць справе міру – калі бяссільныя нейкім іншым чынам паўплываць на стан рэчаў? Ці выбіраем у сітуацыях канфлікту лагоднасць (якая не азначае пасіўнасці і не супярэчыць цвёрдасці ці настойлівасці) замест гневу, крыку, агрэсіі, бо верым, што зло трэба перамагаць дабром (пар. Рым 12, 21)? Ці сталі ахвярай несправядлівых абвінавачванняў або нават сапраўднага пераследу, хоць нікому не рабілі зла? Ці нават у такіх абставінах імкнемся прабачыць і быць міласэрнымі, бо самі спазналі прабачэнне? Ці ж не прагнем, каб запанавала справядлівасць для народаў і ўсіх пакрыўджаных, хоць часам нам цяжка зразумець да канца, чым ёсць “справядлівасць Божага Валадарства”?
Напэўна, ёсць вялікая прастора для росту на гэтых і іншых (духоўнай беднасці і чысціні сэрца) сцежках на гару Божага шчасця. Беднасць у духу азначае прызнанне, што ўсё мы атрымалі ад Бога і няма чым нам хваліцца (пар. 1 Кар 4, 7), а таксама канчатковую надзею толькі на Божае збаўленне і імкненне мець сэрца, свабоднае ад неўпарадкаваных прыхільнасцяў да ўсяго, што можа ператварыцца ў ідалаў. Чыстае сэрца значыць жаданне ва ўсім служыць толькі Богу і Ягонай славе, таксама калі ўзаемадзейнічаем з Ягонымі дзецьмі – нашымі бліжнімі, братамі і сёстрамі, пазбаўляючыся эгаістычных інтарэсаў і нячыстых намераў выкарыстаць іншую асобу дзеля ўласных мэтаў ці задавальнення.
Няхай на гэтым шляху да Божага Валадарства будзем адчуваць любячую і спагадную падтрымку нашага Настаўніка, які зрабіў са Свайго жыцця дар іншым і такім чынам паказаў і нам, як наша жыццё можа атрымаць паўнату па-за межамі нашых уяўленняў пра асабістыя дасягненні. Напрыканцы гэтага захапляючага шляху нашыя абліччы «заззяюць, як сонца» (Мц 13, 43), бо «ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць» (1 Ян 3, 2).
Віктар Жук SJ