Гамілія на ІІІ звычайную нядзелю, Год А
Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея
Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія. Так збылося сказанае прарокам Ісаям, які кажа:
Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева,
на шляху марскім, за Ярданам,
Галілея язычнікаў,
народ, які сядзеў у цемры,
убачыў святло вялікае,
над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло.
З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае.
Мц 4, 12–17
Сённяшнія чытанні даюць нам выдатную нагоду ў гэтую Нядзелю Божага слова паразважаць над тым, якое важнае месца займае Святое Пісанне ў нашым жыцці з Богам, як дапамагае нам на духоўным шляху.
Евангеліст Мацвей расказвае пра тое, як Езус пачынае прапаведваць Евангелле Нябеснага Валадарства. Мацвей указвае на канкрэтныя абставіны падзей, у тым ліку геаграфічныя дэталі, і бачыць у гэтым спаўненне таго, пра што пісаў прарок за шмат стагоддзяў да гэтага: менавіта Галілея, зямля плямёнаў Забулона і Нэфталія, становіцца месцам першапачатковага абвяшчэння Евангелля.
Хоць словы прарокаў аб умяшанні Бога ў лёс народа адносіліся да падзей часу, у якім яны жылі (у нашым выпадку — VIII ст. да нар. Хр.), Мацвей, жыхар Галілеі, «актуалізуе» гэтыя Пісанні, сцвярджаючы, што Бог дзейнічае ў новых абставінах яшчэ больш магутным чынам: праз дзейнасць Езуса «заззяла святло» сапраўднае для жыхароў «краіны смяротнага ценю».
Евангеліст такім чынам робіць тое, што пакліканы зрабіць і мы, слухаючы пра падзеі, якія апісвае Біблія: актуалізаваць іх, прымяняючы да ўласнага жыцця, да рэчаіснасці нашай эпохі і штодзённых абставінаў.
Будзем памятаць, што Галілея была сапраўднай краінай язычнікаў: акрамя юдэяў у гэтым рэгіёне, дзе праходзіў важны гандлёвы шлях, жыло мноства прадстаўнікоў іншых народнасцяў і існавалі цэлыя эліністычныя гарады з тэатрамі, грэчаскімі школамі і г.д.
Для рэлігійнай вярхушкі ў Ерузалеме Галілея была перыферыяй, месцам рытуальна «нячыстым». І вось менавіта тут, а не ў Ерузалеме — цэнтры рэлігійнага жыцця, — пачынае дзейнічаць Езус. Ён кліча сваіх першых вучняў не ў сінагозе, а падчас іхняй звычайнай працы (не толькі братоў-рыбакоў, але і мытніка Мацвея — аўтара Евангелля). Усё гэта кажа пра тое, што Пан звяртаецца да нас не ў нейкім ідэальным, «чыстым» месцы, а шукае нас у тых абставінах, дзе мы знаходзімся сёння, у нашай штодзённасці.
Кнігі Бібліі не хаваюць складаных і заблытаных умоваў, у якія ўмешваецца Бог. Святы Павел, пішучы да карынцянаў, не замоўчвае праблемы іхняй супольнасці — падзелы і спрэчкі. Часам нас можа «скандалізаваць» штосьці на старонках Святога Пісання: настолькі лёсы персанажаў, якія ўвайшлі ў гісторыю збаўлення, далёкія ад ідэалу. Пан заклікае нас ісці за Ім, не чакаючы, калі мы дасягнем дасканаласці.
Вось першае, на што сёння звернем увагу: Божыя абяцанні, перададзеныя нам праз Святыя Пісанні, актуалізуюцца для нас, калі іх чытаем і прымаем з верай: яны спаўняюцца не ў нейкіх ідэальных, «стэрыльных» умовах, а ў той недасканалай штодзённасці, дзе мы змагаемся са шматлікімі выклікамі, у тым ліку з нашай уласнай слабасцю.
Слова, якое абвяшчаецца нам сёння
Другі аспект, на якім варта затрымацца, слухаючы сённяшнія літургічныя чытанні, гэта сам спосаб, якім Божае слова дасягае нас. Езус прапаведуе Евангелле, а пазней, следам за Панам, тое самае робіць святы Павел паводле атрыманага задання, як ён сам сцвярджае. Абвяшчэнне Божага слова ў супольнасці вернікаў — гэта асаблівы спосаб чуць голас Пана. Вялікая адказнасць ляжыць на тых, каму даверана справа тлумачыць і набліжаць сэнс Божага паслання хрысціянскаму народу, і кожнаму верніку варта маліцца за сваіх пастыраў, каб яны годна выконвалі сваё заданне.
Аднак гэта не ўсё, што вернікі могуць зрабіць дзеля таго, каб словы Пісанняў станавіліся каштоўнай скарбніцай для жыцця душы, якімі яны павінны быць. Павел, звяртаючыся да тэсаланікійцаў, дзякуе Богу за тое, што «вы, прыняўшы ад нас пачутае Божае слова, прынялі яго не як чалавечае слова, але, што ёсць на самай справе, як Божае слова, якое і дзейнічае ў вас, веруючых» (1 Тэс 2, 13).
Ці будзе збаўчае пасланне дзейнічаць і прыносіць плён у нашым жыцці, залежыць ад таго, у якім духу мы яго прымаем.
Ці ёсць у нас вера, што наш Нябесны Айцец сапраўды з вялікай любоўю звяртаецца да нас праз біблійныя аповеды і вучэнні, жадаючы паказаць нам шлях да вечнага шчасця? Ці жадаем і гатовыя зрабіць крокі, каб Ягоныя словы лепш «замацаваліся», «пусцілі карані» ў нашай рэчаіснасці? Ці з адпаведнай пашанай прымаем дар Божага слова?
Святы Геранім, вялікі перакладчык Бібліі на лацінскую мову ў V стагоддзі, кажа, што з тым жа жаданнем, каб не згубілася ні крошка Цела Хрыстовага, мы павінны слухаць чытанні падчас літургіі, каб не прапусціць аніводнага слова Святых Пісанняў. Сёння, дзякуй Богу, існуе мноства магчымасцяў звярнуцца да літургічных тэкстаў, каб лепш іх засвоіць праз асабістую малітву і разважанне ў прамым дыялогу з Панам. У нашай душы ёсць голад, які можа задаволіць толькі Бог сваім пасланнем любові і абяцаннем вечнага жыцця. Не будзем запаўняць гэту «прагу Слова» спажываннем падробак — матэрыяльных (ці віртуальных) задавальненняў.
Слова — Сын, які кліча ісці за Ім
Урэшце, звернем увагу на тое, як Спрадвечнае Слова, уцелаўлёнае ў Езусе Хрысце, кліча людзей ісці за сабой. Пан Езус знаходзіць першых вучняў, калі яны занятыя сваёй звычайнай працай. Ён абяцае ім, што яны застануцца «рыбакамі», але будуць «рыбакамі людзей». Пан не адбірае нашай тоеснасці, але надае нашай сутнасці і ўсім нашым дзеянням, адносінам, памкненням належную ім глыбіню. Прызнаемся, што ў нас ёсць супраціў, каб дазволіць Пану «перавярнуць» наша жыццё: адчуваць страх перад пераменамі — нармальна.
На гэтым фоне слова «адразу», якое паўтараецца ў аповедзе пра пакліканне братоў-рыбакоў, уражвае: напэўна, мала каму хапае такой гатоўнасці пакінуць усё. Аднак рэч, хутчэй, не ў нашых здольнасцях і смеласці, а ў тым, наколькі прывабна гучыць запрашэнне Езуса для нас.
Пан ніколі не пазбаўляе нас свабоды, не загадвае, але жадае адкрыць нам новую, неверагодна прыгожую і цікавую перспектыву.
Гаворка не пра абяцанне нейкага лёгкага шляху, бо для кожнага з нас на любым этапе гучыць заклік Хрыста «Навярніся!» І гаворка таксама не толькі пра той момант выбару жыццёвага шляху, які потым цяжка або і немагчыма змяніць, — хоць тады, верым, дзейнічае асаблівая Божая ласка, калі чалавек на яе адкрыты.
Калі мы верым не проста «фармальна» (зрэшты, гэта бадай што немагчыма), калі мы прымаем тую праўду, што быць хрысціянамі — значыць быць вучнямі Езуса, тады слова Настаўніка, што кліча ісці за Ім, гучыць для нас пастаянна, у любых абставінах. Дазволім Ягонаму любячаму голасу сёння пераканаць нас, што няма для нас нічога лепшага, чым пачуць і прыняць гэты заклік, уцелаўляючы Ягонае слова. Амэн.
Віктар Жук SJ
Фота: Stephen Radford/Unsplash.com