Гамілія на II звычайную нядзелю, год А
Чытанне святога Евангелля паводле Яна
Ян убачыў Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету. Гэта той, пра якога я казаў: Пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. І я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю.
І сведчыў Ян, кажучы: Я бачыў Духа, які сыходзіў з неба, як голуб, і спачываў на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым. І я бачыў і засведчыў, што Ён Сын Божы.
Ян 1, 29–34
Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету
Сённяшні евангельскі ўрывак дорыць нам магчымасць затрымацца над выразам, які мы паўтараем так часта — у кожнай Эўхарыстыі, — і такім чынам лепш зразумець адзін з ключавых тытулаў Езуса: «Баранка» (або «Ягняці») Божага. У Евангеллі паводле Яна няма аповеду пра саму падзею хросту Езуса, пра якую расказваюць іншыя евангелісты, але Ян дапамагае нам глыбей спасцігнуць сэнс таго аб’яўлення, якое адбылося на Ярдане, на пачатку публічнай дзейнасці Хрыста.
Езус названы «Ягнём Божым»: гэта таямнічая фраза, якую нам трэба «расшыфраваць», хоць мы і прызвычаіліся яе ўжываць у літургіі.
Ян Хрысціцель, напэўна, мог бы выкарыстаць адносна Таго, каму прыйшоў падрыхтаваць шлях, адзін са шматлікіх велічных тытулаў Хрыста паводле юдэйскай традыцыі: Пан, Адкупіцель, Збаўца, Кароль Ізраэля, Нашчадак Давіда — звароты, якія падкрэсліваюць моц і ўладу Месіі. «Баранак Божы» на фоне гэтых тытулаў гучыць вельмі сціпла, амаль што прыніжальна. Першая асацыяцыя ў кожнага веруючага юдэя на гэтае слова — пасхальнае ягнё, якое ахвяравалі, каб ягонай крывёю памазаць вушакі і бэльку дзвярэй і такім чынам быць збаўленымі ад «анёла смерці», які забіваў першародных у егіпецкай зямлі.
У кнізе прарока Ісаі знаходзім пяць песняў пра таямнічага «Слугу Божага», на чые плечы ўскладзена вельмі асаблівая, унікальная і адначасова ўніверсальная місія: быць «святлом народаў», як кажа сённяшняе першае чытанне (адна з гэтых песняў). І вось у пэўны момант прарок кажа пра гэтага месіянскага персанажа, што ён — «як ягнё, якое вядуць на зарэз»; ён «раздаўлены за нашыя правіны; пакаранне міру нашага на ім» (Іс 53, 7.5).
Езус, Месія — сапраўднае пасхальнае Ягнё, якое прыносіцца ў ахвяру, каб Ягоная кроў выбавіла нас ад смерці, каб Ён мог узяць на сябе цяжар грэху ўсяго чалавецтва.
Арыгінальнае грэчаскае слова αἴρων, перакладзенае як «бярэ на сябе», мае дадатковы сэнс «здымае, забірае, вызваляе». Божы Сын уцелаўляецца, становячыся той адзінай істотай, якая можа вызваліць чалавечую сям’ю ад наступстваў трагічнай людской непаслухмянасці дзівоснай і прыгожай задуме Бога для свайго стварэння.
Ягнё — ахвяра любові ў Эўхарыстыі
Звернем увагу на тое, што, у адрозненне ад выразу, які стаў часткай нашай літургічнай малітвы, у словах Яна «грэх» стаіць у адзіночным ліку. Фраза «грэх свету» — гэта спосаб сказаць, што ўсе людскія злачынствы супраць Бога, бліжняга і саміх сябе на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва, пачынаючы ад першай непаслухмянасці Адама і Евы і першага братазабойства, ствараюць адзіную жудасную «масу», дзе адзіночныя ўчынкі і праявы грахоўнасці спалучаныя паміж сабой. Мы ведаем паняцце «першароднага граху», якое падкрэслівае, што ніводзін чалавек (акрамя Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці) не свабодны ад таго, каб «заразіцца» хваробай, чые наступствы больш сур’ёзныя, чым любой фізічнай хваробы.
Грэх — не проста маральны альбо маралістычны канцэпт: паводле Божага аб’яўлення ў Святым Пісанні, грэх — гэта «экзістэнцыяльны правал», няздольнасць дасягнуць мэты свайго жыцця.
Кожнаму з нас варта ўкласці ў гэтыя агульныя разважанні свой уласны досвед, каб усвядоміць, як асабіста мяне датычаць словы «Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету», прамоўленыя перад паламанай Гостыяй (слова «гостыя» значыць «ахвяра») у Эўхарыстычнай таямніцы, дзе справа вызвалення становіцца дзейснай зноў і зноў для нас, вернікаў. Адначасова варта памятаць, што мой асабісты грэх — гэта наступства і прычына грахоў іншых людзей, што мае блізкія і ўвесь наш паранены свет мае патрэбу ў адкупленні ад цяжару віны, якую ніхто не здольны панесці, акрамя Ягняці, які дабравольна аддае сябе ў ахвяру любові за нас.
Аднак, на нашае шчасце, вызваленне з-пад улады смяротнай цемры граху — гэты толькі першы акт, які спаўняе для нас Умілаваны Сын Айца. Як кажа Ян, Той, на каго сышоў з неба Дух Святы, будзе хрысціць гэтым Духам: «занураць» у Любоў, якая спрадвеку існуе паміж Айцом і Сынам, пагружаць у паток боскага Жыцця; адорваць не толькі свабодай «ад» зла, але і свабодай «дзеля» таго, каб любіць, як любімыя мы, «пакліканыя святыя» (пар. другое чытанне).
Пазнаць Хрыста — самае галоўнае ў жыцці
Ян Хрысціцель двойчы кажа пра Езуса: «Я не ведаў Яго», і адразу дадае, што Пан адкрывае яму ўсё паўней, Хто ёсць ахрышчаны ім Муж. Ян, дзякуючы аб’яўленню Айца, паступова пазнае праўду пра Сына Божага, які прыйшоў у гэты свет. Гэты шлях Хрысціцеля — таксама наш шлях, хоць мы цяпер маем даступную для нас напісаную чорным па белым паўнату Божага аб’яўлення ў Святых Пісаннях.
«Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго», — кажа Езус (Ян 6, 44). Варта з агромністай удзячнасцю ўсвядоміць тое «прыцягненне», што прывяло нас да пазнання Езуса, «Божага Баранка» — пазнання прынамсі пачатковага і заўсёды няпоўнага ў гэтым зямным жыцці. Адначасова мы можам узбуджаць у сабе жаданне і настойліва прасіць, каб усё паўней і глыбей пазнаваць, хто ёсць Езус у гісторыі чалавечай сям’і, часткай якой з’яўляюся, і таксама хто Ён ёсць асабіста для мяне. Як Ён ужо «раней» дзейнічаў у маім жыцці, нават калі гэта заставалася схаваным для мяне, і як Ён можа прывесці маё жыццё да паўнаты ў Божай хвале, побач з Ім.
Няма нічога іншага, больш важнага і каштоўнага, чым гэтая праўда — не тэорыя, а такая праўда, што перамяняе ўвесь сэнс існавання.
Праз Яго, свайго Умілаванага Сына, Айцец спасылае Духа Святога, які чыніць нас дзецьмі Божымі, удзельнікамі жыцця Найсвяцейшай Тройцы. Няхай сёння ў Эўхарыстыі, вызнаючы Уваскрослага Езуса ў постаці хлеба нашым Выбавіцелем, кожны з нас ахвяруе Яму сваё жыццё, бо толькі разам з Ім яно набывае сапраўдную вартасць і сэнс. Няхай праз дар ласкі Духа мы ўсё глыбей будзем адкрываць, што мы — «пакліканыя святыя» на ўзор адзінага Святога. Амэн.
Віктар Жук SJ
Выява: Benozzo Gozzoli “Ягнё Апакаліпсіса”, 1459-1460