Пантыфікат Бэнэдыкта XVI скончыўся, але тэма адзінства веры і розуму не перастае быць адным з найважнейшых выклікаў для Касцёла і свету. Аб гэтым кажа айцец Дарыюш Кавальчык SJ, тэолаг з Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме, згадваючы таксама, што сваё служэнне святара, тэолага, біскупа, папы спачылы разумеў як служэнне праўдзе і ўмацаванне іншых у праўдзе. Пры гэтым, адзначае езуіт, Ёзаф Ратцынгер спалучаў праўду з любоўю.
Айцец Кавальчык, каментуючы найважнейшыя лініі навучання Бэнэдыкта XVI, успамінае яго заклік “cooperatores veritatis” – супрацоўнікі праўды. Сваё служэнне святара, тэолага, біскупа, папы спачылы разумеў як служэнне праўдзе і ўмацаванне іншых у праўдзе. Пры гэтым Ёзаф Ратцынгер спалучаў праўду з любоўю і сведчыў аб іх непарушнай узаемазалежнасці. Праўду трэба шукаць, знаходзіць і выяўляць у любові, але, як падкрэслівае Ратцынгер, любоў у сваю чаргу трэба разумець, цаніць і жыць ёю ў святле праўды. Без праўды любоў становіцца сентыменталізмам, становіцца словам, якое можна адвольна разумець. Гэта непазбежная рызыка, якой падвяргаецца любоў у культуры без праўды. Яна робіцца ахвярай эмоцый і мімалётных меркаванняў адзінак, становіцца занадта часта ўжываным і пазбаўленым значэння словам, набывае супрацьлеглы сэнс. Але як дайсці да праўды? Можна меркаваць, што Ёзаф Ратцынгер аказаў вялікі ўплыў на стварэнне адной з найважнейшых энцыклік Яна Паўла ІІ “Fides et Ratio”(Вера і розум). Энцыкліка падкрэслівае, што вера і розум – гэта два крылы, якія вядуць да праўды. Нельга прымяншаць ні абшару дасягальнай праўды, ні метадаў яе дасягнення. Жыццё занадта складанае, каб пагадзіцца з тымі, хто хоча абмежаваць праўду метадамі прыродазнаўчых навук. Бо, акрамя матэматычнага і прыродазнаўчага пазнання, ёсць шмат іншых спосабаў пазнання, без якіх жыць было б проста немагчыма. Мудрасць, жыццёвую мудрасць нельга звесці да матэматычных ураўненняў або паўтаральных эксперыментаў, – падкрэслівае ў сваім аналізе айцец Кавальчык. Бэнэдыкт XVI у “Caritas in Veritate”, спасылаючыся на сацыяльнае навучанне Касцёла, адзначае, што яно мае важнае міждысцыплінарнае вымярэнне, якое дазваляе веры, тэалогіі, метафізіцы і навуковым дысцыплінам знайсці сваё месца ў рамках супрацоўніцтва ў служэнні чалавеку. У той жа час ён падкрэслівае, што менавіта ў гэтай сферы сацыяльнае вучэнне Касцёла рэалізуе сваё вымярэнне мудрасці. Ратцынгер спасылаецца тут на Паўла VI, які ў “Populorum progressio” адзначыў, што адной з прычын слабага развіцця з’яўляецца недахоп мудрасці, якая перакрочвае карысныя, але частковыя дары розных навук. Фрагментацыя ведаў, адвольнае адкіданне тэалогіі як партнёра ў навуковым дыялогу, на думку Бэнэдыкта XVI, шкодныя з’явы. Бо тады цяжэй убачыць усё дабро чалавека ў розных вымярэннях, якія яго характарызуюць. Такім чынам, неабходна пашырыць канцэпцыю розуму і яго выкарыстання. Гэта задача касцёльных навучальных устаноў не толькі ў галіне сацыяльных навук, але і ва ўсіх іншых пытаннях, якія з’яўляюцца прадметам акадэмічнага даследавання”.
Айцец Кавальчык нагадвае, што веры і розуму Бэнэдыкт прысвяціў свае разважанні падчас малітвы “Анёл Панскі” 28 студзеня 2007 г. Тады ён, сярод іншага, сцвярджаў: “Калі чалавек абмяжоўваецца думкамі толькі аб матэрыяльных і намацальных справах, адварочваюся ад вялікіх пытанняў пра жыццё, сябе і Бога, то бяднее. Сувязь паміж верай і розумам уяўляе сабой сур’ёзны выклік для дамінуючай сёння культуры заходняга свету.
“Бэнэдыкт XVI адзначаў, што «сучаснае развіццё навукі прыносіць незлічоныя станоўчыя вынікі, якія заўсёды трэба прызнаваць. Адначасова, аднак, схільнасць прызнаваць праўдзівым толькі тое, што можна дасведчыць, з’яўляецца абмежаваннем чалавечага розуму і вядзе да жахлівай шызафрэніі, якая ўжо не падлягае сумненню, дзе суіснуюць рацыяналізм і матэрыялізм, гіпертэхналогіі і неўтаймаваная інстынктыўнасць. Надзённае заданне заключаецца ў тым, каб пераадкрыць чалавечы рацыяналізм, расхінуты на святло боскага Логасу і на яго дасканалае аб’яўленне, якім ёсць Езус Хрыстус, Сын Божы, які стаў чалавекам”. Хаця Ёзафу Ратцынгеру надзвычай блізкая думка св. Банавентуры, гэта стаўленне ўказвае на св. Тамаша Аквінскага як майстра гарманічнага спалучэння розуму з верай. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што “Тамаш здолеў прывесці да плённай канфрантацыі з арабскай і габрэйскай думкай свайго часу, таму ён і сёння лічыцца сапраўдным настаўнікам дыялогу з іншымі культурамі і рэлігіямі. Ён умеў паказаць свой цудоўны хрысціянскі сінтэз розуму і веры, які з’яўляецца каштоўнай спадчынай заходняй цывілізацыі, з якой і мы павінны чэрпаць сёння, каб весці эфектыўны дыялог з вялікімі культурнымі і рэлігійнымі традыцыямі Усходу і Поўдню свету”. Вера, падкрэслівае Ратцынгер, “прадугледжвае розум і ўдасканальвае яго. Розум, асветлены верай, знаходзіць сілы ўзняцца да пазнання Бога і духоўнай рэчаіснасці. Чалавечы розум нічога не губляе, адкрываючыся на складнікі веры, і больш за тое, яны патрабуюць ягонай свабоды і свядомай прыхільнасці”. На св. Банавентуру спасылаўся Бэнэдыкт XVI у сваіх прамовах падчас цырымоніі ўручэння ўзнагароды імя Ратцынгера ў 2011 г. “Св. Банавентура ў пралогу да свайго каментарыя да “Сентэнцый” гаварыў пра ўжыванне розуму двума спосабамі. Адно з іх – несумяшчальнае з сутнасцю веры, а іншае – належыць менавіта да сутнасці веры. Існуе, так бы мовіць, violentia rationis, дэспатызм розуму, які лічыць сябе найвышэйшым і апошнім суддзёй усяго. Такое выкарыстанне розуму, безумоўна, немагчыма ва ўлонні веры”. Розум, несумяшчальны з верай, мы бачым у гісторыі народа, аб чым Бог кажа ў Бібліі: “Мяне спакушалі айцы вашыя, выпрабоўвалі Мяне, хоць і бачылі справы мае.” (Пс 95, 9). Розум, несумяшчальны з верай, – гэта розум, “які хоча выпрабаваць Бога вопытам, эксперыментальным даследаваннем”. У гэтай перспектыве Ратцынгер за Банавэнтурай паказвае іншы спосаб выкарыстання розуму, а менавіта “той, які суадносіцца з асабістым”, экзістэнцыяльным. Гэта розум любові, розум узаемаадносін з іншай асобай, рацыянальнасць даверу. Любоў, падкрэслівае Бэнэдыкт XVI, “хоча лепш пазнаць таго, каго любіць. Любоў, сапраўдная любоў не асляпляе, а абвастрае зрок. Ёй уласціва жаданне праўдзівага пазнання іншага чалавека. Парадаксальна, калі мы адмаўляемся ад гэтага тыпу розуму, вялікія сферы чалавечага жыцця выпадаюць са сферы розуму і становяцца ахвярамі ірацыянальнасці”, што выразна відаць у сучасным свеце. Адным з вялікіх заданняў Касцёла Бэнэдыкт XVI бачыў менавіта спалучэнне веры з розумам. Больш за тое, гарманічнае спалучэнне веры і розуму з’яўляецца адметнай рысай чалавечнасці, і ў кнізе-інтэрв’ю “Святло свету” Ёзаф Ратцынгер сцвердзіў:
“Я думаю, што калі Бог хацеў зрабіць прафесара Папам, то дзеля таго, каб менавіта гэты момант разважанняў і барацьбы за адзінства веры і розуму мог стаць чымсьці такім, што будзе ў цэнтры пантыфікату”.
Пантыфікат Бэнэдыкта XVI скончыўся, але тэма адзінства веры і розуму працягвае заставацца адным з найважнейшых выклікаў для Касцёла і свету.
Крыніца: https://www.vaticannews.va/pl/watykan/news/2023-01/o-kowalczyk-o-nauczaniu-benedykta-xvi.html
На фота Бэнэдыкт XVI ў Германіі ў 2005 годзе.