Свята Божага Нараджэння, да якога мы рыхтаваліся на працягу Адвэнту і якое з радасцю адзначаем у гэты перыяд, заахвочвае нас заглыбіцца ў радасную і заўсёды новую праўду, што “Слова сталася целам і пасялілася між намі” (Ян 1, 14). Нараджэнне Езуса ў Бэтлееме – вялікая таямніца Уцелаўлення спрадвечнага і дагэтуль нябачнага Сына Божага, Якога Евангелле называе таксама менавіта Словам (Логасам). Успомнім, што гэты грэцкі выраз мае таксама значэнне “парадак, лад, розум, закон”.
У Ім, Умілаваным Айцу, хаваецца “сакрэт” і ключ да ладу ўсяго існага ў сусвеце. І вось Ён становіцца даступным для нас у чалавечай постаці, падобны да нас ва ўсім, апроч граху. Літургічнае святкаванне Хрыстовага Нараджэння дазваляе нам адзначаць гэту падзею не проста як гістарычнае здарэнне ў мінулым, а як праўду, актуальную для нас у кожны час. “У шатры ўлоння Марыі Хрыстус пасяліўся на дзевяць месяцаў; у шатры веры Касцёла – аж да сканчэння веку; а ў вернай душы, якая спазнае і любіць, Ён будзе трываць навекі вякоў”, абвяшчае бл. абат Ісаак, містык ХІІ ст..
Узгадаем яшчэ раз вучэнне св. Амброзія: “Марыя – Маці Хрыста паводле цела, але паводле веры Хрыстус – плод усіх”.
Папа Бэнэдыкт XVI так каментуе сказанае Амброзіем: “Кожны хрысціянін-вернік у пэўным сэнсе зачынае і нараджае ў сабе Божае слова… Тое, што здарылася з Марыяй, штодзённа можа нанова адбывацца з кожным з нас, калі мы слухаем Божае слова і цэлебруем сакраманты”. Найсвяцейшая Панна – дасканалы ўзор паслухмянасці Божаму слову, якое звястуе Ёй Габрыэль: “Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38). Але ў дыялогу з Божым пасланнікам Яна робіць тое, што перад вякамі ў вечнасці здзяйсняе Божы Сын, паслухмяны волі Айца, як прарочыць аўтар псальма, цытаваны ў Пасланні да Габрэяў: “Вось іду, … каб выканаць волю Тваю, Божа” (Гбр 10, 7). “Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне”, – сказана пра прыйсце Хрыста ў наш свет там жа крыху раней (10, 5). Прымаючы чалавечае цела, Сын Божы вяртае адносінам паміж Богам і чалавецтвам рысу, страчаную праз першародны грэх: паслухмянасць, якая нараджаецца ад слухання (у габрэйскай мове “слухаць” і “слухацца”, “быць паслухмяным” – гэта адзін і той жа дзеяслоў) і якая не адбірае нашу свабоду, але, наадварот, робіць па-сапраўднаму свабоднымі. Езус, наш Брат і Пан, – не проста прыклад, але крыніца нашай здольнасці адказваць “так” на Божы заклік: “Без Мяне нічога не можаце зрабіць” (Ян 15, 5). Ён – “пачынальнік і завяршальнік веры” (Гбр 12, 2), і ўсе вернікі, што ў гісторыі збаўлення прыйшлі перад Ім, “айцы нашыя, … пілі з духоўнай скалы, што спадарожнічала ім, а скалою быў Хрыстус” (1 Кар 10, 1.4).
Слова і Эўхарыстыя
Другі Ватыканскі Сабор у канстытуцыі Gaudium et Spes (“Радасць і надзея”) так абвяшчае таямніцу еднасці ўсяго чалавецтва ў Хрысце: “Ён, Сын Божы, праз сваё ўцелаўленне пэўным чынам аб’яднаўся з кожным чалавекам” (п. 22). Гэтую еднасць – “камунію” – мы асаблівым чынам перажываем у сакраманце Эўхарыстыі, дзе Хрыстус становіцца спажыткам дзеля нас. У Эўхарыстыі цесна пераплецена таямніца жывой прысутнасці Езуса ў хлебе і віне, з аднаго боку, і ў словах Пісанняў, з другога. «Касцёл заўсёды шанаваў Божае Пісанне, як і само Цела Пана, паколькі, асабліва ў святой Літургіі, ён няспынна бярэ са стала Божага слова і Цела Хрыстовага хлеб жыцця і ўдзяляе яго вернікам», сцвярджае Другі Ватыканскі Сабор (Dei Verbum, 21). Папа Бэнэдыкт XVI у паслясінадальнай адгартацыі Verbum Domini (2010 г.) прыводзіць словы святога Гераніма: «Евангелле – гэта цела Хрыста <…> Калі маем дачыненне з [эўхарыстычнай] таямніцай, і падае крошка, адчуваем сябе загубленымі. Калі ж слухаем Божае слова, і яно пранікае ў нашыя вушы, а таксама цела Хрыста і Яго кроў, а мы думаем пра штосьці іншае, якая ж вялікая небяспека нам пагражае?» Далей Бэнэдыкт XVI піша: «Хрыстус, сапраўды прысутны ў постацях хлеба і віна, аналагічна прысутнічае ў Слове, якое абвяшчаецца ў Літургіі» (п. 56).
У перыяд Божага Нараджэння Касцёл у Літургіі паралельна з евангельскімі аповедамі пра першыя дні і тыдні жыцця Езуса ў гэтым свеце чытае Першае Пасланне апостала Яна. І кожнаму з нас, напэўна, варта далучыцца да гэтай lectio – калі не падчас Эўхарыстыі, тады самастойна. «Тое, што было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, – бо жыццё аб’явілася, і мы <…> абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё», піша на пачатку Паслання Ян, дзелячыся няспыннай крыніцай радасці (1 Ян 1, 1–4). Аўтар Чацвёртага Евангелля тут сцвярджае цэнтральную праўду і падказвае ключ для разумення ўсяго Божага аб’яўлення: “Бог ёсць любоў” (1 Ян 3, 8). “Кожны, хто любіць, народжаны ад Бога”, дадае Ян (там жа, в. 7). Радасць святкавання прыйсця Божага Сына ў гэты свет – гэта радасць сустрэчы з Уцелаўлёнай Любоўю: з тым, хто паказвае нам аблічча нябачнага Айца. Менавіта Божая любоў – “ключ” да таго, каб нам правільна ўспрымаць усё, сказанае ў Святым Пісанні, вучыць св. Аўгусцін. Асабліва гэты крытэрый дапамагае, калі ў цяжкіх для зразумення ці ўспрыняцця месцах мы чуем тое, што нібыта ставіць пад пытанне дабрыню Бога і Ягоны спосаб дзеяння ў гісторыі збаўлення.
Мы прымем яшчэ адну параду, якую разам з айцамі Сіноду, прысвечанаму Святым Пісанням, дае Папа Бэнэдыкт XVI: важнасць маўчання для таго, каб “засвойваць” словы Пана, скіраваныя да нас са старонак Бібліі. “Сёння вельмі важна часта паўтараць Божаму народу, што маўчанне – гэта каштоўнасць”, – піша Бэнэдыкт XVI (Verbum Domini, 66). “Ціхая ноч, святая ноч”, спяваем мы ў знакамітай каляднай песні. Менавіта цішыня неабходная для таго, каб Божае пасланне было пачута, а не згубілася ў патоку шуму інфармацыі, думак, пастаянных стымулаў. Няхай Пан дапаможа нам перажыць Ягонае нараджэнне ў той глыбокай радасці, якую дае ўважлівае ўслухоўванне ў цішыні ў пасланне Ягонай бязмежнай любові да нас.
Віктар Жук SJ
Крыніца: https://catholicnews.by/naradzhjenne-hrysta-ucela-lenne-slova/
Фота: упрыгожанне алтара на перыяд Божага Нараджэння ў касцёле святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску