14 снежня генеральны настаяцель езуітаў а. Артура Соса сустрэўся ў Рыме з групай журналістаў. На пачатку сустрэчы ў сваім выступе ён падвёў вынікі 2022 года, акрэсліўшы яго “цяжкім і шакуючым, які прынёс больш пытанняў, чым адказаў”. Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News прыводзіць вытрымкі з гэтай размовы.
“Мы перажываем змену гістарычнай эпохі, наступствы якой нам яшчэ складана ўгадаць. Свет, які выбіраецца з траўматычнага досведу пандэміі COVID-19, аказваецца яшчэ больш пазначаным няроўнасцю з сацыяльнымі структурамі, якія ўзмацняюць несправядлівасць”, – адзначыў трыццаты наступнік святога Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Таварыства Езуса.
Айцец Соса асцерагаецца, што чалавецтва, уводзячы “структурныя змены”, неўзабаве “прапусціць магчымасць” заняцца такімі пытаннямі як беднасць, міграцыя, насілле ці змена клімату.
Езуіт выказаў таксама занепакоенасць адносна агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Ордэну ўдалося сабраць больш за дзесяць мільёнаў еўра ахвяраванняў на дапамогу людзям ва Украіне, а таксама для ўкраінскіх бежанцаў у 14 краінах Еўропы.
Айцец Соса шырока заняўся праблемай сексуальных злоўжыванняў духавенства адносна непаўналетніх. У 2016 годзе 36-я Генеральная Кангрэгацыя заахвоціла ўсё Таварыства Езуса да культуры абароны дзяцей, моладзі і людзей з групы рызыкі.
Былі прыкладзены вялікія намаганні для таго, каб усё Таварыства Езуса, нягледзячы на вельмі розныя кантэксты, прыйшло да адзінай лініі разгляду выпадкаў злоўжыванняў і выразных правілаў прафілактыкі ў гэтай сферы. Аднак, як сцвердзіў генеральны настаяцель, яшчэ многае трэба зрабіць.
“Справа а. Марка Рупніка, пра якую стала вядома на мінулым тыдні, з’яўляецца добрым прыкладам таго, як многаму яшчэ трэба навучыцца, асабліва ў кантэксце чалавечых цярпенняў. Гэтая справа, як і іншыя, напаўняе нас жахам і болем, прымушае нас з разуменнем і пашанай ставіцца да цярпення людзей, якіх яна датычыць. Адначасова мы стаім перад выклікам распачацця працэдур, прадугледжаных грамадзянскім і касцёльным правам, а таксама ў святле Евангелля і чалавечага досведу – пошуку шляхоў аздараўлення нанесеных ран”, – падзяліўся езуіт.
Вядомы славенскі езуіт і мастак Марка Іван Рупнік каля трыццаці гадоў таму “пераступіў мяжу дапушчальных дарослых адносін” у зносінах з жанчынай, духоўным кіраўніком якой з’яўляўся. З прычыны таго, што ён яе спавядаў, на яго аўтаматычна была накладзена экскамуніка. Аднак у 2019 годзе Святы Пасад адмяніў яе, таму што духоўнік выказаў жаль за ўчыненае. Таварыства езуітаў наклала на а. Рупніка санкцыі. “Але свет езуітаў нашмат багацейшы, чым выпадак Рупніка”, – дадаў а. Соса.
Поўны тэкст прамовы айца генерала (на англійскай мове): Fr. Sosa gives major end of year address.