Адвэнт – час радаснага чакання моманту, калі свету аб’явіцца Хрыстус, наш Збаўца – выдатная нагода, каб рыхтавацца да прыйсця Уцелаўлёнага Слова Айца праз малітоўнае слуханне паслання надзеі, якое ў Божым слове праз літургію скіроўвае да сваіх дзяцей Касцёл.
Імкнучыся далей паглыбляць наша знаёмства са Святым Пісаннем, звернемся да той захапляльнай праўды, пра якую нагадвае Папа Бэнэдыкт XVI у адгартацыі «Verbum Domini», цытуючы св. Амброзія: “Кожны хрысціянін-вернік у пэўным сэнсе зачынае і нараджае ў сабе Божае слова” (п. 28). “Марыя – Маці Хрыста паводле цела, але паводле веры Хрыстус – плод усіх. Таму тое, што здарылася з Марыяй, штодзённа можа нанова адбывацца з кожным з нас, калі мы слухаем Божае слова і цэлебруем сакраманты”, – працягвае Папа. На перыяд Адвэнту вельмі добрай “пазітыўнай” аскезай (г.зн. скіраванай не на адмову ад чагосьці, а на выпрацоўванне новых уменняў. Успомнім, што слова “аскеза” азначае “практыкаванне”) будзе прызначэнне часу на тое, каб пабыць у Божай прысутнасці з тымі прыгожымі прароцкімі тэкстамі, якія мы знаходзім у літургіі. Такім чынам, сапраўды дазволім, каб святкаванне Хрыстовага Нараджэння азначала і Яго нараджэнне ў нашых сэрцах як плод веры ў слова збаўлення.
Даслоўны і духоўны сэнс Пісанняў
Хрысціянская традыцыя вучыць нас, як успрымаць Святыя Пісанні, каб яны не заставаліся далёкімі і незразумелымі пасланнямі, а станавіліся для нас сапраўднымі словамі жыцця. Біблійны тэкст, як любы іншы, мае даслоўны ці, інакш кажучы, гістарычны сэнс: ён альбо расказвае пра нейкія падзеі, альбо дае акрэсленыя прадпісанні адносна тых ці іншых абставінаў, альбо пераказвае зварот пэўнага чалавека да Бога і г. д. На гэтым узроўні тое, што мы чытаем, можа здавацца нам чымсьці чужым, далёкім ад нашай рэчаіснасці. Часам нам не вельмі зразумелыя рэаліі, сувязі, вобразы, якія выкарыстоўвалі біблійныя аўтары тысячагоддзі таму, і спецыялісты (іх называюць экзэгетамі ці проста біблеістамі) стараюцца растлумачыць і наблізіць да нас гістарычны кантэкст адпаведнай эпохі. Аднак наша галоўная мэта, калі мы чытаем Святое Пісанне, – не ўвайсці ва ўсе гістарычныя “тонкасці”, але знайсці карысць для душы. Акрамя даслоўнага сэнсу, біблійны тэкст мае і сэнс духоўны, г. зн. такі, які датычыць нашых адносінаў з Богам, канчатковага прызначэння чалавечага існавання ў святле Божай праўды. Св. Грыгорый з Нісы, адзін з айцоў Касцёла, тлумачыць, што хтосьці можа сказаць: “Якая мне справа да халдэяў, якім быў Абрагам, ці іншых старажытных людзей, чыё жыццё цалкам адрознівалася ад майго?” Аднак, кажа ён, нам патрэбна больш тонкае разуменне і праніклівасць, каб убачыць, ад якіх халдэяў нам трэба аддзяліцца, ці з якога бабілёнскага палону вызваліцца… Інакш кажучы, у біблійным аповедзе мы знаходзім тыя вобразы і працэсы, якія апісваюць духоўны шлях чалавека ў любую эпоху, і ў кожным эпізодзе гісторыі збаўлення можам знайсці штосьці, што кажа і пра наша падарожжа веры. Айцы Касцёла шырока звярталіся да алегорыі, каб бачыць у біблійных сімвалах духоўную рэчаіснасць, якая датычыць любой эпохі. Напрыклад, лесвіца, каторую Якуб бачыць у сне (Быц 28, 10-22), становіцца вобразам узыходжання да нябеснай рэчаіснасці праз акрэсленыя ступені. Любое апісанне бітваў у Святым Пісанні – сімвалам той духоўнай барацьбы, якую кожнаму верніку даводзіцца весці супраць зла, спакусаў, уласнага эга…
Акрамя алегарычнага, іншы від духоўнага значэння Пісанняў – гэта маральны: часам ён відавочны, бо, напрыклад, Пан Езус у Евангеллі наўпрост вучыць сваіх паслядоўнікаў акрэсленым паводзінам і, што важнейшае, унутранаму стаўленню, а часам чытачу трэба зрабіць высілкі, каб самастойна з аповедаў зрабіць для сябе высновы, што датычаць сённяшніх жыццёвых абставінаў. Нарэшце, яшчэ адзін від духоўнага сэнсу – гэта эсхаталагічны, г. зн. той, які раскрывае будучую рэчаіснасць Божага Валадарства, вечнага жыцця. Яго важнасць не ў тым, каб проста апісваць, як усё будзе выглядаць у вечнасці, але каб дапамагаць нам мець правільнае стаўленне ў гэтым свеце і адпаведна “карэктаваць” наш шлях. Гэта відавочна ў тым, з якой мэтай Пан Езус расказвае прыпавесці пра Нябеснае Валадарства: не проста дзеля таго, каб намаляваць ва ўяўленні слухачоў прыгожыя карцінкі, але каб заклікаць да навяртання і жыцця паводле Ягонага Евангелля.
Lectio divina: метад сустрэчы з Божым словам
Касцельная традыцыя сярод шматлікіх багаццяў дорыць нам спосаб “засвойваць” збаўчае пасланне Святога Пісання – “рабіць сваімі” вялікія Божыя абяцанні. Сутнасць метаду lectio divina (што даслоўна перакладаецца як “боскае чытанне”) заключаецца ў тым, каб у духу веры пабыць у Божай прысутнасці з біблійным урыўкам, дазваляючы Духу Святому адкрыць нам, як Божае слова закранае нашае жыццё сёння. Для гэтага ў першую чаргу трэба выдзеліць акрэслены перыяд часу ў цішыні, мінімалізуючы магчымыя перашкоды для засяроджання ўвагі. Пасля таго, як мы выбралі і прачыталі ўрывак (напрыклад, як ужо сказана вышэй, літургічнае чытанне дня), пачынаем з таго, што на працягу хвіліны-дзвюх супакойваемся і звяртаемся да Пана з просьбай аб ласцы святла Духа, каб гэта сустрэча з Божым словам прынесла плён. Далей бяром па чарзе асобныя вершы, фразы ці нават словы, паволі чытаем іх і перачытваем шмат разоў (сярэднявечныя манахі параўноўвалі гэты працэс з перажоўваннем ежы: каб добра засвоіць хлеб нябесны, патрэбны падобны працэс – і тут неабходна “адвучвацца” ад сучаснага звычайнага спосабу апрацоўваць інфармацыю, дзе вымагаецца хуткасць і “аператыўнасць”).
Важна ўспрымаць тое, што чытаем, як запрашэнне самога Пана да нас: Бог сапраўды прамаўляе да сваіх дзяцей праз сваё слова. Паступова ад гэтага першага этапу lectio (чытання) пераходзім да meditatio (разважання), г. зн. прымянення да свайго жыцця. Напрыклад, у прарока Ісаі чытаем: “Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана” (Іс 2, 3). Хоць, напэўна, не вельмі верагодна, што камусьці з нас, жывучы ў Беларусі, даводзіцца часта ўзыходзіць на гару, аднак тут мы звяртаемся да духоўнага сэнсу гэтага вобраза. Гара Пана – месца сустрэчы з Ім у святыні, месца Ягонай намацальнай прысутнасці… Узыходжанне – гэта намаганне, але тая перспектыва, якая адкрываецца наверсе, вартая старання. Мая малітва – гэта такое намаганне. Якія іншыя высілкі, акрамя малітвы, я павінен прыкласці ў гэты момант майго жыцця, каб прадстаць перад Богам? Дзе і як для мяне гучыць заклік “Прыйдзі”?.. Канешне, такое разважанне будзе вельмі асабістым.
Наступны, трэці, этап – гэта oratio (малітва ў сэнсе непасрэднага звароту да Бога): што слова, над якім я разважаў, пабуджае мяне сказаць Богу, аб чым папрасіць, за што падзякаваць? Магчыма, разважаючы над высілкамі ўзыходжання, я ўсведамляю, што мне не хапае сіл – для вытрываласці мне патрэбная Божая ласка, пра якую прашу. Магчыма, у глыбіні майго сэрца нараджаецца падзяка Пану за запрашэнне прыйсці да Яго…
Нарэшце, апошні этап у гэтым метадзе – contemplatio (сузіранне): маецца на ўвазе момант цішыні, каб проста пабыць з той новай перспектывай, якая адкрываецца для мяне праз Божае слова, з далікатным заклікам Пана, які заўсёды гучыць у душы; з тым абяцаннем, якое, калі прынятае, мае здольнасць перамяняць маё існаванне ў глыбіні.
Калі для кагосьці практыкаванне lectio divina будзе першым такім досведам, канешне, не варта чакаць ідэальнага “праходжання” кожнага з этапаў. Не трэба таксама спяшацца абавязкова паспець усё. Самае важнае – захаваць вернасць і пастаянства. Няхай нашыя намаганні дадуць нам магчымасць адчуць, што Езус сапраўды нараджаецца зноў у гэтым свеце праз нас!
Віктар Жук SJ