20 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, у парафіі св. Уладзіслава на св. Імшы а 10:30 чацвёра хлопцаў сталі міністрантамі. Да гэтага на працягу некалькіх месяцаў яны мелі “статус” кандыдатаў: прыглядаліся і паступова вучыліся прыслужваць святару пры алтары. Хлопцы перад прысутнымі парафіянамі прачыталі абяцанне годна служыць падчас сакрамэнтаў і апранулі комжы.
У першую нядзелю Адвэнту, 27 лістапада, у парафіі св. Уладзіслава на св. Імшы а 10:30 біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі (бежмавання) тром дарослым асобам. У гаміліі ардынарый Віцебскай дыяцэзіі ўзгадаў, што зачацце Езуса адбылося за справай Духа Святога і падкрэсліў, што Адвэнт – гэта час, калі нам патрэбныя дары Духа, каб падрыхтавацца да прыйсця Пана: і да святкавання нанова Хрыстовага Нараджэння, і да паўторнага прыйсця Месіі ў хвале, а таксама каб умець заўважыць, як Пан наведвае нас у нашай штодзённасці. Біскуп заклікаў кандыдатаў да канфірмацыі несці годнае сведчанне пра Хрыста ў іх асяроддзі. Напрыканцы св. Імшы новабежмаваныя падзякавалі ксяндзу-біскупу за ўдзяленне сакрамэнту хрысціянскай сталасці, а пробашчу – за падрыхтоўку да сакрамэнту.