Джэймс Кужынскі, святар дыяцэзіі Ла-Крос у ЗША, які захапляецца астраноміяй і супрацоўнічае з Ватыканскай абсерваторыяй, разважае ў сваім блогу аб каштоўнасці руціннага назірання за прыродай, яе рытмамі і зменамі, на фоне якіх можна (і варта) задавацца пытаннямі аб сваім узрастанні. А. Джэймс прапануе зрабіць гэтае духоўнае практыкаванне якраз у пачатку новага літургічнага году, калі надыходзіць зіма і вось-вось распачнецца Адвэнт.
Учора ўвечары мне давялося памерзнуць, каб сфатаграфаваць Месяц. Даўнавата я не выходзіў, каб заняцца астрафатаграфіяй. Чаму, спытаеце вы?
Першай прычынай была блізкая сутычка з невядомым пасярод ночы. Аднойчы я паставіў камеру на часткова прыбраным кукурузным полі, якое належыць маёй сяброўцы. Пакуль я здымаў яе дом пад зорным небам, хтосьці фыркнуў на мяне дастаткова блізка, каб я адчуў нечае дыханне на сваёй руцэ. А потым гэты хтосьці (на маю думку, алень) уцёк у кукурузу. Не ведаю чаму, але гэты вопыт крыху збянтэжыў мяне, і таму я марудзіў выходзіць на поле зноў.
Яшчэ адна прычына была ў тым, што я змагаўся з працяглай трохтыднёвай прастудай. Было так дрэнна, што я не вінаваціў сваіх парафіянаў у занепакоенасці.
Цяпер я адчуваю сябе лепш і з нецярплівасцю чакаю магчымасці зноў выйсці, каб лавіць у аб’ектыў зоркі і дзікую прыроду. У мінулую нядзелю цудоўным сюрпрызам стаў аповед сябра пра снежную саву, якую ён бачыў недалёка ад месца, дзе я жыву. Зазвычай снежныя совы з’яўляюцца там толькі зімой. Прыглядаючыся з сябрам да слупоў ЛЭП і наваколля, я заўважыў у зарасніках рагозу даволі вялікі белы шар. Што гэта было? Паглядзіце на выявы ніжэй і даведаецеся!
Цяпер некаторыя з вас могуць падумаць: “Айцец Джэймс, гэтыя тэмы дзіўна знаёмыя… Мы чулі гэта раней!” Так і ёсць. Тэма руціны і ўсведамлення прыродных рытмаў з’яўляюцца адпраўной кропкай для кантэмпляцыі або сузірання стварэння.
Падзеі кшталту назіранняў за зоркамі на кукурузным полі ці сустрэчы са снежнымі совамі дапамагаюць мне заставацца ў гармоніі з праявамі Божай любові. Сучаснае культурнае асяроддзе пастаянна шукае новых уражанняў і арыгінальнасці, аднак, я знаходжу спакой у паслядоўнай змене пор года. Вяртанне снежных соў у мясціны, дзе я жыву, сігналізуе аб надыходзе зімы і аб пачатку Адвэнту ў наступную нядзелю. Перыяд Адвэнту з’яўляецца пачаткам новага літургічнага года ў Касцёле. Мы заклікаем Хрыста вярнуцца ў славе, каб выправіць наш зламаны свет… як мы заклікалі і летась… і ў пазамінулым годзе… і з года ў год.
Паглыбленнем малітоўнага жыцця я лічу той факт, як руціна гэтых падзей пралівае святло на мой духоўны рост. Напрыклад, летась, убачыўшы першую снежную саву, я проста сказаў: “Ваў!!!” Сёлета радасць і хваляванне ад сустрэчы з рэдкай птушкай былі больш стрыманымі, бо я пачаў разумець, як змены клімату пагражаюць гэтаму прыгожаму стварэнню. Тады перада мной паўстала пытанне: што я магу зрабіць, каб палепшыць асяроддзе, у якім жыву? Урэшце я адчуў раздражненне ад той колькасці белых поліэтыленавых пакетаў, раскіданых па кукурузных палетках, якія выглядалі як “патэнцыйныя снежныя совы”, але ў канчатковым выніку аказаліся проста выкінутым смеццем. Як папярэджваў мяне сябар у мінулым годзе: “Ты ўбачыш 10 белых пакетаў да першай снежнай савы”.
Перад тым, як хтосьці фыркнуў на мяне ў полі, я разважаў пра тое, як змяніўся за мінулы год, гледзячы на тыя ж сузор’і з таго самага поля, што і год таму. Так, частка гэтых разважанняў была звязана з тым, як я вырас як фатограф, але я таксама вырас як святар і хрысціянін. Я адчуваю сябе больш упэўнена, а значыць магу адважней жыць верай і дзяліцца сваёй любоўю да стварэння, нават ведаючы, што гэта час ад часу сутыкаецца з насмешкамі. Я імкнуся да ўпэўненасці і свабоды быць чалавекам, якім хоча мяне бачыць Бог. Ведаю, што гэта гучыць даволі проста, але гэта прыкмета арганічнага ўзрастання, якое адбываецца ўва мне ў цяперашні складаны час.
Адзіная сфера росту, над якой яшчэ трэба папрацаваць, – гэта клопат аб стварэнні, якім ёсць маё цела. Нядаўняя хвароба выклікала прадказальныя страхі перад Covid-19. Даведаўшыся, што гэта не тое, наступнай думкай было: “Як мне лепш клапаціцца пра сябе?” Вось жа дзіўны парадокс жыцця – і, думаю, не толькі майго, але многіх людзей – калі мы імкнемся жыць не для сябе, мы лёгка сябе занядбоўваем. Спадзяюся, што праз год, калі я выкладу яшчэ адзін здымак начнога неба з поля маёй сяброўкі і буду захапляцца першай снежнай савой, я змагу напісаць пра поспехі, якія я дасягнуў у клопаце пра сябе. Вось такім будзе маё адвэнтавае “навагодняе” абяцанне!
Духоўнае практыкаванне: Паразважай, наколькі ты вырас за апошні год? Як рытмы штодзённага жыцця спрыялі твайму ўзрастанню? Ці сузіраеш у прыродзе руцінную змену пор года? Ці могуць яны стаць фонам, каб заўважыць уласны духоўны рост?
Няхай кантэмпляцыя стварэння павялічвае нашую любоў да Бога, спрыяе клопату пра бліжніх, навакольны свет і саміх сябе.
А. Джэймс Кужынскі