У другой катэхезе Папы Францішка аб распазнаванні ў якасці прыклада разглядаецца сведчанне жыцця святога Ігнацыя Лаёлы. З цягам часу, практыкуючыся ў распазнаванні, мы пачынаем заўважаць і разумець знакі, асабліва неспадзяваныя, праз якія Бог прамаўляе да нас, вядзе да навяртання і паказвае сваю волю ў нашым жыцці.
Дарагія браты і сёстры, добры дзень!
У нашых разважаннях пра распазнаванне карысна будзе паглядзець на сведчанне жыцця канкрэтнага чалавека. Адзін з самых павучальных прыкладаў дадзены нам у асобе святога Ігнацыя Лаёлы праз вырашальны эпізод яго жыцця. Ігнацый знаходзіўся дома, папраўляўся пасля цяжкага ранення нагі. Каб развеяць нуду, ён папрасіў што-небудзь пачытаць. Ігнацый любіў гісторыі пра рыцараў, але, на жаль, ва ўсім замку былі толькі жыццяпісы святых. Крыху неахвотна ён узяўся за чытанне, але з цягам часу пачаў адкрываць для сябе іншы свет, які заваяваў яго і, здавалася, канкураваў са светам рыцараў. Ён быў захоплены постацямі святога Францішка і святога Дамініка і адчуваў жаданне іх наследаваць. Але рыцарства таксама працягвала вабіць яго. Такім чынам, ён адчуў у сабе чаргаванне думак – пра рыцараў і пра святых – якія выглядалі між сабой роўнымі.
Ігнацый, аднак, таксама пачаў заўважаць некаторыя адрозненні. У сваёй Аўтабіяграфіі – ад трэцяй асобы – пісаў так: “Думаючы пра рэчы гэтага свету,” – і, вядома, пра рыцарскія справы – “ён адчуваў вялікую асалоду, але калі з-за знясілення пакідаў гэтыя думкі, тады адчуваў сябе спустошаным і расчараваным. Калі ж думаў пра тое, каб пайсці ў Ерузалем басанож, не есці нічога, акрамя зёлак, і практыкаваць усе іншыя формы аскетызму, якія, як убачыў, здзяйснялі святыя, тады суцяшаўся, не толькі затрымліваючыся на гэтых думках, але таксама, пакідаючы іх, ён заставаўся задаволеным і поўным радасці” (пар. раздзел 8); такім чынам, яны пакідалі сляды радасці.
У гэтым вопыце мы адзначаем перадусім два аспекты. Па-першае, час: гэта значыць, думкі пра свет спачатку прывабныя, але з часам губляюць свой бляск і пакідаюць пустэчу і незадаволенасць; яны пакідаюць цябе менавіта такім, пустым. Думкі пра Бога, наадварот, выклікаюць спачатку пэўны супраціў – “Ды не буду я чытаць гэтую нудоту пра святых”, – але калі іх прымаюць, яны прыносяць нечуваны супакой, які застаецца на доўгі час.
А іншы аспект – канчатковы пункт развагаў. Спачатку сітуацыя не здаецца асабліва яснай. Але распазнаванне развіваецца: напрыклад, мы пачынаем разумець, што з’яўляецца для нас дабром – не абстрактна і агульна, але ў дачыненні да ўласнага жыццёвага падарожжа. У правілах распазнавання, якія сталі плодам таго фундаментальнага досведу, Ігнацый выклаў важную перадумову, якая дапамагае зразумець гэты працэс: “Тым людзям, якія ідуць ад аднаго смяротнага граху да іншага, вораг звычайна паказвае фальшывыя ўцехі” – каб пераканаць іх, што ўсё ў парадку – “і прымушае ўяўляць пачуццёвыя радасці і задавальненні, каб мацней утрымліваць іх і глыбей укараніць у заганах і грахах. У гэтых жа асобах добры дух дзейнічае супрацьлеглым чынам: джаліць і грызе іх сумленне, дае пачуць разважлівы голас розуму (Духоўныя практыкаванні, 314) – кажа, што гэта кепска!
Кадр з фільма “Ігнацый Лаёла”
У чалавека, які ўваходзіць у працэс распазнавання, ёсць свая гісторыя, гісторыя, якую неабходна ведаць, таму што распазнаванне не тое самае, што прадказанні аракула, фаталізм ці лабараторныя даследванні; распазнаваць – не значыць кідаць лёсы на дзве магчымасці. Вялікія пытанні паўстаюць на этапе, калі частка жыццёвага шляху ўжо пройдзена, і менавіта да гэтага падарожжа мы павінны вярнуцца, каб зразумець, чаго шукаем. Калі ў жыцці мы амаль не рухаемся наперад, то можна спытаць: “Чаму ж я іду ў гэтым накірунку, чаго шукаю?” – і вось тут адбываецца распазнаванне. Апынуўшыся пасля ранення ў бацькоўскім доме, Ігнацый зусім не думаў ні пра Бога, ні пра тое, як змяніць сваё жыццё. Першы досвед Бога ён атрымаў, услухоўваючыся ў сваё сэрца, якое паказала яму цікавы паварот: тое, што на першы погляд было прывабным, расчароўвала яго, а іншае, менш захапляльнае, прыносіла трывалы супакой. Нам гэта знаёма; часта мы пачынаем пра нешта думаць, носім гэта ў сабе, а потым расчароўваемся. І наадварот, калі займаемся дабрачыннасцю, робім нешта добрае і пачуваемся шчаслівымі, то прыходзяць добрыя думкі, сэрца напаўняе нейкая радасць. Гэта цалкам наш уласны досвед. Ігнацый упершыню адчуў Бога, прыслухоўваючыся да таго, што кажа яму сэрца, заўважаючы дзіўныя супярэчнасці. Важна навучыцца, слухаючы сэрца, разумець, што адбываецца і якое рашэнне прыняць. Каб меркаваць штосьці аб канкрэтнай сітуацыі, трэба прыслухацца да ўласнага сэрца. Мы слухаем тэлебачанне, радыё, мабільны тэлефон.
Мы спецыялісты ў слуханні, але я пытаюся ў вас: ці ўмееце вы слухаць сэрца? Ці затрымліваецеся, каб спытаць сябе: “А што маё сэрца? Задаволенае яно ці сумнае, ці нечага шукае?”. Каб прымаць правільныя рашэнні, трэба прыслухацца да яго.
Таму Ігнацый параіў бы працягваць чытаць гісторыі святых, бо яны ў апавядальнай і зразумелай форме паказваюць стыль Бога ў жыцці людзей, якія не вельмі адрозніваюцца ад нас; святыя – людзі з цела і крыві, як і мы. Іх учынкі прамаўляюць да нас, дапамагаючы зразумець значэнне святасці.
У тым знакамітым выпадку з двума пачуццямі, якія меў Ігнацый (адно, калі ён чытаў пра рыцараў, а другое, калі ён чытаў пра святых), можна ўбачыць яшчэ адзін важны аспект распазнавання, пра які мы ўжо згадвалі ў мінулы раз. У жыццёвых падзеях ёсць уяўная выпадковасць: усё быццам бы вынікае з банальнай непрыемнасці – не знайшлося кніг пра рыцараў, толькі пра святых, – непрыемнасці, якая, тым не менш, месціла ў сабе магчымы пералом. Ігнацый зразумеў гэта толькі пазней і прысвяціў гэтаму аспекту ўсю сваю ўвагу. Паслухайце ўважліва: Бог дзейнічае праз незапланаваныя падзеі, якія адбываюцца выпадкова: выпадкова са мной штосьці здарылася, выпадкова я сустрэў таго чалавека, выпадкова паглядзеў нейкі фільм. Гэта не было запланавана, але Бог дзейнічае праз падзеі, якія не плануюцца, а таксама праз няўдачы і перашкоды: “Я павінен быў пайсці на шпацыр, а тут раптам праблема з нагой, і я не змог…”. Няўдача! Але што Бог кажа табе? Што праз гэты выпадак жыццё гаворыць табе? Узгадаем урывак з Евангелля паводле Мацвея: чалавек, які араў поле, выпадкова натрапіў на закапаны скарб. Абсалютна нечаканая сітуацыя. Але важна тое, што ён прызнае гэта шчаслівым выпадкам і прымае адпаведнае рашэнне: прадае ўсё і купляе тое поле (пар. 13, 44). Я дам табе параду: зважай на нечаканасці. Чалавек кажа: “Але я не чакаў!” Гэта жыццё гаворыць з табой ці Пан, ці д’ябал? Хтосьці. Але ёсць што распазнаваць: як я рэагую, калі сутыкаюся з нечаканым. Сяджу сабе ціхенька дома і “Бум!” – прыязджае свякроў. А як ты ставішся да свекрыві? З любоўю? Ці ўнутры хаваецца штосьці іншае? Трэба распазнаць. Я працую рупліва ў офісе, прыходзіць кампаньён ды кажа, што яму патрэбныя грошы: як ты адрэагуеш? Заўважаючы, што адбываецца, калі перажываем штосьці нечаканае, трэба вучыцца разумець рухі сэрца.
Распазнаванне дапамагае вылучаць знакі, праз якія Пан яўляе сябе ў нечаканых, нават непрыемных сітуацыях, якой стала для Ігнацыя параненая нага. З іх можа паўстаць сустрэча, якая зменіць жыццё, назаўжды, як для Ігнацыя. Можа ўзнікнуць нешта, што зробіць цябе лепшым на гэтым шляху, ці горшым, я не ведаю, але будзь уважлівым: самая прыгожая нітка апавядання бярэцца з нечаканага: “Што мне з гэтым цяпер рабіць?” Няхай Пан дапаможа нам слухаць сваё сэрца і адрозніваць, калі дзейнічае Ён, а калі не, і гэта штосьці іншае.
Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 7 верасня 2022г.
Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20220907-udienza-generale.html
Фота з Плошчы Святога Пятра: Vatican News/YouTube