Гамілія на XXXI звычайную нядзелю, Год С
Чытанне святога Евангелля паводле Лукі
Езус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз яго. І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць.
Калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме.
Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю.
А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш.
Езус сказаў яму: Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула.
Лк 19, 1–10
Сённяшні евангельскі эпізод як мага лепш падыходзіць для таго, каб духоўна “сузіраць” яго – гэта значыць, уявіць розныя дэталі падзеі, а таксама пастарацца адчуць тое, што адбываецца ўнутры персанажаў. У цэнтры ўвагі знаходзіцца Закхей – кіраўнік мытнікаў (у мінулую нядзелю мы ўжо бачылі, што азначала быць мытнікам у часы Езуса), чалавек багаты і ўплывовы, але пагарджаны за сваю прафесію, і да таго ж малы ростам. З аднаго боку, у ягоным жыцці быў матэрыяльны камфорт, але ён, напэўна, няўтульна адчуваў сябе ў прысутнасці сваіх суайчыннікаў, якія варожа ставіліся да яго. Магчыма, менавіта адзінота, недахоп прызнання з боку іншых вымушае яго ўсвядоміць тую пустку, якую ён імкнецца неяк запоўніць. І вось, калі ў Ерыхоне з’яўляецца славуты прапаведнік і цудатворац, Закхей жадае ўбачыць Яго, жадае даведацца, хто такі Езус.
Варта затрымацца на гэтым жаданні, якое нараджаецца ў сэрцы Закхея і якое прывядзе яго да сустрэчы, здольнай перамяніць ягонае жыццё. Папа Францішак прысвяціў адну з нядаўніх катэхез на тэму распазнавання (якія, канешне, варта самастойна ўважліва прачытаць) менавіта жаданню – важнаму складніку духоўнага шляху чалавека. Францішак назваў жаданне “тугой па паўнаце, якая ніколі не знаходзіць поўнага спаўнення” і “знакам прысутнасці Бога ў нас”.
Гэтая туга адлюстроўвае тую праўду, якую так вымоўна выказаў св. Аўгустын: “Ты нас стварыў для сябе, [Пане,] і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не знойдзе спакой у Табе”.
У сэрцы кожнага чалавека ёсць пустка, якую можа запоўніць толькі сам Бог. Мы не заўсёды ясна адчуваем, чаго шукаем у глыбіні сваёй істоты, і часта “разменьваем” жаданне Абсалюта на дробязныя задавальненні. Але Бог не перастае звяртацца да найбольш глыбокага жадання нашага сэрца.
Менавіта гэтае жаданне змушае Закхея выйсці на ерыхонскую вуліцу, па якой праходзіў Езус у той дзень. Ягоны пошук прыводзіць яго да Хрыста – Таго, хто прыйшоў у свет, каб адкрыць “чалавека самому чалавеку”, як сцвярджае ІІ Ватыканскі сабор (GS, 22); Таго, хто жадае “абожыць” нас – зрабіць удзельнікамі боскасці. Гледзячы на Закхея, які шукае Хрыста, нам варта сёння абнавіць у сваім сэрцы жаданне пазнання “хто такі Езус”, жаданне сустрэчы з Ім – уцелаўлёнай любоўю і прыгажосцю; жаданне, якое не варта прамяняць ні на што ў гэтым свеце.
Праблема, якая адкрывае на сустрэчу
Але ў Закхея ёсць праблема: нізкі рост не дазваляе яму наблізіцца да Езуса, якога акружае натоўп. І тады Закхей вырашае зрабіць тое, што напэўна выклікала кпіны прысутных: ён залазіць на дрэва, каб адтуль убачыць Хрыста. Нізкі рост Закхея – ілюстрацыя тых абмежаванняў, якія ёсць у жыцці кожнага з нас – фізічных недахопаў, шрамаў ад псіхалагічных траўмаў, маральнай недасканаласці, духоўнай беднасці, – якія перашкаджаюць нам у дасягненні нашых мэтаў, а ў дадатак з’яўляюцца крыніцай комплексаў. Але, як і для Закхея, усе гэтыя абмежаванні могуць стаць менавіта тым, што падштурхне нас шукаць спосаб пераадолець перашкоды, каб сустрэцца позіркам з Езусам.
Перад кожным з нас выбар: паддацца пачуццю бязвыхаднасці, адчаю, безнадзейнасці, можа, нават не дапускаць думкі, што сапраўдная любоў і прыгажосць сапраўды для мяне – або не пабаяцца насмешак, падняцца па-над натоўпам, праявіць крэатыўнасць і смеласць, каб зрабіць крок насустрач таму дару, які падрыхтаваны для мяне ў Хрысце, каб адкрыцца сапраўднай радасці, якую немагчыма знайсці ў ніякай зямной рэчы. Там, на “дрэве”, па-над натоўпам, я апынуся пад позіркам Умілаванага Айцом, які кліча мяне па імені так, як можа зрабіць толькі Той, хто адзіны ведае мяне ў глыбіні – і хто бачыць не мае недахопы і віну, а прыгажосць і здольнасць рабіць вялікія рэчы з любові; хто ад веку чакаў сустрэчы са мной і сёння прагне назаўжды пасяліцца ў маім доме.
Пранікнуцца жаданнем Божага Сэрца
“Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула”, сцвярджае Езус, абвяшчаючы прыйсце збаўлення ў дом Закхея. Беларускі пераклад не перадае адну адметнасць: тут гучыць той самы дзеяслоў, якім апісана імкненне Закхея на пачатку: ён “шукае” Езуса, Езус жа прыйшоў “шукаць” загінулых.
Перш, чым чалавек адпраўляецца на пошук Умілаванага, Умілаваны ўжо даўно шукае чалавека.
“Усе мы, як авечкі, заблукалі, кожны з нас павярнуўся на дарогу сваю”, сцвярджае прарок Ісая – на ўсялякі выпадак, калі хтосьці думае, што не заблукаў і яго не трэба шукаць (пар. Іс 53, 6). Пан Езус у доме Закхея дзеліцца самым глыбокім жаданнем свайго Сэрца – Сэрца Божага Сына: “выратаваць тое, што загінула”, і хоча, каб мы, Ягоныя вучні, пранікліся гэтым жа жаданнем. Найперш кожнаму з нас яшчэ раз дадзена магчымасць праславіць неспасцігальную міласэрнасць Пана, які мяне выратаваў, звярнуўшы на мяне свой позірк – Ён, перад якім “увесь свет, як ваганне шаляў або як кропля ранішняй расы”, які “не зважае на грахі людзей, каб яны маглі навярнуцца” (пар. першае чытанне). Калі мы ўсведамляем бясконцую дабрыню Бога да нас, нам хочацца, каб усе, хто яшчэ яе не пазнаў, апынуліся пад позіркам Езуса, пачулі сваё імя на Ягоных вуснах, адкрылі сваю каштоўнасць у Ягоных вачах – і сваю сапраўдную годнасць і прыгажосць.
Няхай наш пагляд на тых, хто яшчэ не знайшоў свой шлях на смакоўніцу, з якой бачна Езуса, будзе поўны не асуджэння і наракання, а спагады, а ў сэрцы будзе гатоўнасць дапамагчы ім малітвай, ахвярай – і, калі будзе зручны момант, таксама словам – каб яны адчулі жаданне вечнай прыгажосці і любові. Амэн.
Віктар Жук SJ