Некаторыя хрысціяне
рэагуюць так гістэрычна,
быццам свет выслізнуў з Божых рук.
Ставяцца агрэсіўна,
нібы ўсё пад пагрозай.
Але мы верым у гісторыю.
Свет не кінуты, як ігральныя косці,
на шляху да хаосу.
Свет новы пачаўся
з моманту Хрыстовага ўваскрасення.
Езу Хрыстэ,
мы радуемся Твайму пераможнаму трыумфу,
хоць целы нашыя
застаюцца ў праломе
і душы напятыя;
Мы выгукваем нашае першае “Ура!”,
хоць вечнасць яшчэ толькі разгортваецца.
Твой смутак мінуў.
Твае ворагі пацярпелі паразу.
Ты ўсміхаешся чалавецтву выразна і светла.
Хіба цяпер нас хвалюе, што трэба яшчэ пачакаць?
Мы прымаем барацьбу і смерць,
бо Ты, нашая любоў, не памрэш ніколі!
Мы шыбуем за Табой у будучыню.
Ты з намі. У Табе нашая бессмяротнасць.
Прыбяры смутак з нашых твараў;
мы не закладнікі азартнай гульні!
За Табой апошняе слова!
Над нашымі раструшчанымі косткамі
ўжо лунае вечнае “Аллелюя!”.
З тысяч адтулін
нашых зраненых целаў і душаў
ужо выплывае трыумфальная песня!
Дык навучы нас даваць голас
Твайму новаму жыццю па ўсім свеце,
бо Ты заўсёды выціраеш слёзы прыгнечаных.
І смерць знікне.
Луіс Эспіналь SJ – святар, паэт, журналіст, рэжысёр і кінакрытык, жорстка закатаваны ў Балівіі ў 1980г.
Крыніца: A Prayer of Hope
Мазаіка Марка Івана Рупніка “Уваскрасенне Хрыста”