Гамілія на ХXX звычайную нядзелю, Год C
Чытанне святога Евангелля паводле Лукі
Езус расказаў такую прыпавесць некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца; адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.
А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка.
Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў у дом свой апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца.
Лк 18, 9–14
Сёння Пан Езус ставіць перад намі прыклад двух вельмі розных людзей, з вельмі розным стаўленнем да Бога і бліжняга. У юдэйскім грамадстве фарысеі і мытнікі былі антыподамі паводле крытэрыя іх годнасці і «чысціні» ў рэлігійным сэнсе: першыя педантычна выконвалі ўсе прадпісанні Закону (нават і пераўзыходзілі іх, як гэта вынікае са словаў фарысея), другія ж апаганьвалі сябе супрацоўніцтвам з рымскімі акупантамі-язычнікамі, прымаючы ўдзел у прыцясненні сваіх суайчыннікаў.
У Евангеллі мы часта сустракаем сутычкі Езуса з фарысеямі, з аднаго боку, а з другога — аповеды пра супольныя абеды з мытнікамі, таму, магчыма, для нас не так дзіўна гучаць тыя высновы, што Пан робіць пра гэтыя катэгорыі людзей. Аднак нам варта памятаць, што непасрэдных слухачоў Езуса падобныя ацэнкі мусілі шакаваць. Фарысеі наогул былі пабожнымі і праведнымі асобамі, шмат прапаведавалі, заклікалі да вернасці Богу Ізраэля. Мы можам іх параўнаць з многімі сённяшнімі членамі нашых супольнасцяў, якія верна выконваюць рэлігійныя прадпісанні, шмат моляцца і дапамагаюць у парафіях. Аднак, як паказвае Езус, у сваім стаўленні да Бога і іншых людзей яны былі схільныя да празмернай адданасці рытуалаам і традыцыям за кошт жывой веры, міласэрнасці і шчырасці.
Малітва фарысея ў прыпавесці Езуса пачынаецца вельмі прыгожымі словамі: «Божа, дзякую Табе…», — але адразу ператвараецца ў асуджэнне іншых і самахвальства. Сваё настаўленне Хрыстус скіроўвае да «ўпэўненых у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі»… Ці таксама да нас? Сённяшняя наша сустрэча з гэтым евангельскім ўрыўкам у Літургіі слова — выдатная нагода, каб даследаваць сваё сэрца перад Богам адносна таго, ці не занадта і мы ўпэўненыя ў сваёй «выбітнасці», адкідаючы іншых і закрываючыся ад Божай ласкі.
Езус, умілаваны Сын Божы, з належнай толькі Яму аўтарытэтнасцю сцвярджае, што малітва фарысея не прынесла яму апраўдання — гэта значыць, не паставіла яго ў правільныя адносіны з Богам.
Так адбываецца таму, што, як неаднакротна нагадвае Хрыстус у сваім вучэнні, нашая сувязь з Богам неаддзельная ад таго, як мы ставімся да Божых дзяцей — нашых бліжніх. Важна тое, як мы канкрэтна паводзім сябе ў адносінах да іншых, але нашыя ўчынкі пачынаюцца менавіта з той паставы, што маем у сэрцы.
Карані пагарды і асуджэння
Езус недарма часта вучыць неасуджэнню бліжняга, бо яно — вельмі моцная спакуса для чалавека. Нам варта пастаянна нагадваць сабе евангельскую праўду, што суд — гэта проста не наша справа; мы не маем дастаткова «кампетэнцый», каб ёю займацца. Толькі Бог ведае тое, што адбываецца ў сэрцы чалавека, што ў глыбінях чалавечай душы ўплывае на рашэнні і дзеянні. Мы ж не ведаем да канца нават уласнага сэрца і часам здзіўленыя тым, на што аказваемся здольныя — ў пазітыўным ці негатыўным сэнсе.
Невыпадкова Езус апісвае тое, што адбываецца з героямі прыпавесці, менавіта ў кантэксце іхняй малітвы, бо малітва — гэта тая прастора, у якой мы маем магчымасць імкнуцца і быць цалкам шчырымі перад Богам, ведаючы, што будзем прынятыя такімі, якія ёсць.
Няма сэнсу хаваць ад Бога нашыя заганы — у тым ліку прэтэнзіі, крыўды, засяроджанасць на сабе і жаданне за кошт іншых адчуць сябе лепшымі і больш «правільнымі», але таксама менавіта ў малітве можам адкрываць сваю параненасць і патрэбу ў прыняцці і любові.
Як ясна сцвярджае наш Нябесны Настаўнік (пар. Мц 7, 5), тое, што нам не падабаецца ў іншых, з-за чаго імі пагарджаем, — гэта з вялікай верагоднасцю нашыя ўласныя заганы, якія ў сабе мы не хочам прызнаць і хаваем ад усіх, у тым ліку ад сябе. Наш зварот да Бога з усёй шчырасцю — гэта шанц на вызваленне і аздараўленне ад усяго таго, што самі ў сабе выправіць не ў сілах. У адрозненне ад фарысея з прыпавесці, можам імкнуцца да таго, каб у малітве перамясціць свой позірк «з уласнага пупка» на Божую любячую ўсемагутнасць і гаючую міласэрнасць. Так напаўняемся любоўю і робімся самі здольныя любіць.
Пакора паводле Евангелля
Для таго, каб звярнуцца па дапамогу, патрэбна пакора. Менавіта яе знаходзім у мытніку, якога ў прыпавесці Езус супрацьпастаўляе фарысею. Мытнік зусім не быў ідэальным вернікам і наперадзе ў яго, напэўна, быў нялёгкі шлях навяртання, але ён адыходзіць са святыні апраўданым, бо звяртаецца да Бога з просьбай аб міласэрнасці, з пакорай прызнаючы сваю грахоўнасць.
Уся багатая хрысціянская традыцыя вучыць таму, што пакора, супрацьлегласць пыхі, — гэта галоўная цнота, якая адкрывае нас на Божую ласку.
Сапраўдная пакора — штосьці цалкам адрознае ад хворага самапрыніжэння; ад таго, каб лічыць сябе «нічым і нікім». Сутнасць пакоры — ва ўменні прызнаць сваё месца перед Богам і адносна іншых, шукаць сваю годнасць не ў параўнанні ўласных дасягненняў з чужымі, а ў той праўдзе, што я — Божае стварэнне, любімае Божае дзіця.
Праз уменне ў пакоры прызнаць сваю недасканаласць — якая не закрывае ад Бога, а, наадварот, адкрывае на Божую міласэрнасць — мы робімся здольнымі да шчырай салідарнасці з іншымі любімымі Богам ў іх недасканаласці Божымі дзецьмі, нашымі бліжнімі. Каб быць кімсьці арыгінальным, непаўторным, не трэба спаборнічаць з іншымі — наадварот, усведамляючы сваю непаўторнасць у любячых вачах Айца, мы атрымліваем здольнасць рабіць вялікія рэчы — вялікія, бо матываваныя любоўю, жаданнем дзяліцца той прыгажосцю, якую самі атрымалі ў дар.
Калі штосьці ў нас не атрымліваецца, як нам хацелася б, калі становіцца відавочнай наша недасканаласць і крохкасць, калі ўсведамляем, як мала ад нас залежыць, — няхай гэта не вядзе да суму ці адчаю, але будзе шанцам умацавацца ў пакоры — цноце Сэрца Божага Сына.
«Малітва пакорнага пранікае праз аблокі
і не супакоіцца, пакуль не наблізіцца да Бога,
і не адступіць, пакуль Найвышэйшы не пачуе яе
і не ўчыніць суд як справядлівы суддзя» (Сір 35, 17–18).
Віктар Жук SJ