Рассеянасць падчас малітвы
Тое, што ўвага рассейваецца падчас малітвы, – цалкам натуральная з’ява. Па магчымасці, проста адзнач думку, якая табе замінае, і адпусці яе. Часам, аднак, тое, што спачатку здаецца лішнім, стварае магчымасць для сустрэчы з Богам. Таму, калі тая думка не пакідае цябе, то ўважліва распазнай, ці сапраўды гэта адцягненне ўвагі, ці ўсё ж прапанова для малітвы.
Падчас так званых “рэкалекцый у штодзённым жыцці” дома, на працы і ў адносінах адбываюцца рэчы, якія патрабуюць малітоўнага разважання. Нам варта маліцца “Пісаннем нашага жыцця”, калі бачым, што Бог спрабуе прыцягнуць нашу ўвагу праз тое, што мы першапачаткова лічылі перашкодай.
Тымчасам некаторыя думкі сапраўды датычаць непатрэбных клопатаў, якія можна адкласці на потым. Яшчэ раз звярні ўвагу на падрыхтоўку і арганізацыю часу малітвы. Выкананне даўно правераных парадаў можа дапамагчы лепшай засяроджанасці, аднак, калі цяжкасці застаюцца, паразмаўляй пра іх з духоўным кіраўніком. Калі часта засынаеш на малітве, паспрабуй адрэгуляваць позу цела або выбраць іншы час.
Бывае, нам здаецца, што нічога не адбываецца, але ў глыбіні Бог ужо мог нешта распачаць – проста мы гэтага яшчэ не разумеем. Па меры ўзрастання ў практыцы малітвы пазбягай спакусы асуджаць ці ставіць ацэнкі: “Сёння была добрая малітва, учора так сабе”. (Уяві толькі, што ты ацэньваеш кожны вечар, праведзены з сябрам ці каханым чалавекам!) Бог можа выкарыстаць што заўгодна, нават тое, што адцягвае ўвагу і турбуе падчас малітвы.
У рэшце рэшт, прыслухайся да святога Францішка Сальскага і іншых настаўнікаў: калі ўсё, што ты робіш, – вяртаешся ў прысутнасць Бога з няўважлівасці, то гэта вельмі добрая малітва. Твая настойлівасць паказвае, наколькі ты хочаш быць з Богам.
Досвед нуды і сухасці ў малітве
Адносіны з Богам у малітве маюць пэўны рытм. Здараюцца моманты значных узлётаў і спадаў, але ёсць і звычайны час. Большая частка жыцця сапраўды даволі звычайная. У малітоўным жыцці мы схільныя паспешліва асудзіць такія перыяды. “Нічога не адбываецца”, – можам сказаць з расчараваннем, асабліва калі адчуваем нуду або сухасць падчас малітвы. Больш за тое, можам адчуць моцную спакусу спыніць малітву або скараціць час, адведзены на яе.
Першае, што трэба зрабіць, – супрацьстаяць спакусе. Прыгледзься ўважліва да яе: гэта спакуса быць скупым у малітве. Успомні, з якой шчодрасцю ты пачынаў. Ігнацый прапануе нам шанаваць час, які мы прызначылі на малітву, нават заставацца некалькі лішніх хвілін, калі адчуваем моцную спакусу скараціць яго (ДП 12).
Уважліва распазнавай у сабе пачуцці нуды і сухасці. Як і ўсе ўнутраныя рухі, яны могуць нешта сказаць. Запытай сябе:
- Ці рыхтуюся я да малітвы? Добрая падрыхтоўка дапамагае наладзіцца на атрыманне ласкаў, якімі Бог жадае цябе адарыць.
- Ці шчыры я, калі малюся? Калі малітва не звязана з рэальным жыццём і сапраўднымі пачуццямі і думкамі, то нуда і сухасць натуральным чынам вынікаюць з гэтага разрыву.
- Ці не зашмат я “працую”, калі малюся? Хутчэй за ўсё, калі адчуваеш, што прыкладаеш занадта шмат намаганняў, то так яно і ёсць. Такія старанні, хоць і з добрымі намерамі, паказваюць, што ты, верагодна, спрабуеш цалкам кантраляваць сваю малітву.
- Ці не варта мне адмовіцца ад нерэальных вобразаў Бога або неактуальных у дадзены момант спосабаў малітвы? Падумай аб тым, каб паспрабаваць іншую форму малітвы. Звярніся па дапамогу да духоўнага настаўніка.
- Можа, я занадта прывязаны або нават залежны ад перажывання ўзлётаў і падзенняў? Драматычныя моманты ў малітве захапляюць, аднак здольныя выклікаць пачуццё расчаравання ад звычайнасці. Памятай, што ў асноўным мы жывём у будзённы час. І гэта добра, таму што Бога знаходзім у звыклых, малацікавых, непрыкметных драбніцах жыцця. Узгадай адносіны з людзьмі, якія маюць для цябе вялікае значэнне. Аднымі з самых важных з’яўляюцца тыя моманты, калі не адбываецца нічога цікавага, а табе проста добра быць побач з гэтымі людзьмі з дня на дзень.
- Ці не імкнуся падпарадкаваць малітву сваім чаканням? Мы, натуральна, прыўносім у малітву пэўныя жаданні і надзеі, як і ў жыццё ў цэлым. Усё гэта добра, але не дазваляй сваім чаканням перашкаджаць таму, чаго Бог хоча для цябе. Трымаючы ў галаве нейкі “праект”,будзеш спрабаваць кантраляваць усё, што адбываецца падчас малітвы. Лепш дазволіць Богу ўзяць на сябе ініцыятыву.
Чаму Бог прыводзіць нас у гэтую звычайнасць, якую мы так хутка называем сухасцю і пусткай?
- Можа быць так, што Бог далікатна апрацоўвае глебу тваёй душы для будучага ўраджаю, рыхтуючы аснову для глыбейшага разумення ці больш эмацыйнага перажывання.
- Бог можа выкарыстаць час сухасці, каб узмацніць адчуванне Божай прысутнасці, дацаніць яе і быць больш уважлівым на працягу дня ці тыдня.
- Бог можа даць звычайны час, каб распаліць у табе глыбокія жаданні і прагненні. У гэтым выпадку неспакой – добры знак.
- Бог можа проста захацець для цябе адпачынку пасля досведу інтэнсіўнай малітвы. Атрымлівай асалоду ад спакою і цішыні.
Не сакрэт, што падчас звычайнай малітвы можа здавацца, што Бога няма, што Ён нас не чуе і г.д. Наадварот, Бог ёсць, але не так, як мы ўяўляем або адчувалі калісьці ў мінулым. Будзь верным. Бог заўсёды блізка.
Кэвін О’Браен SJ