Гамілія на ХXV Звычайную нядзелю, Год C
Чытанне святога Евангелля паводле Лукі
Казаў таксама вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”. Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”. Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?” Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзясят”. Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”. І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення.
І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры. Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае? Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».
Лк 16, 1–13
«Не» карупцыі
Прыпавесць пра несумленнага эканома, якую сёння чуем ад Езуса, — адзін з тых евангельскіх тэкстаў, якія выклікаюць найбольш дыскусій і розных інтэрпрэтацый. Калі ўспрымаць яе павярхоўна, ствараецца ўражанне, што ў гэтай гісторыі апраўдваецца несумленнасць і ашуканства, аднак такое разуменне супярэчыць Божаму аб’яўленню, якое знаходзім і ў вучэнні Езуса, і ў Старым Запавеце. Прарок Амос у сённяшнім першым чытанні сурова асуджае тых, хто праз падман хоча ўзбагаціцца, даводзячы бедных да яшчэ горшай галечы.
Папа Францішак неаднойчы жорстка выказваўся наконт карупцыі, сцвярджаючы, што злоўжыванне ўладай робіць чалавека сапраўды «сапсаваным» (менавіта так перакладаецца слова «карупцыя»).
Для правільнага ўспрымання гэтай прыпавесці Пана Езуса нам трэба ведаць культурна-эканамічныя рэаліі той эпохі. Як тлумачаць экзэгеты, эканом, якога наймаў гаспадар, звычайна меў досыць вялікую свабоду адносна таго, як распараджацца даручанай яму маёмасцю. Ён павінен быў забяспечыць пэўны ўзровень прыбытку ўласніку, а тое, што зарабляў звыш, станавілася ягоным. Такім чынам, калі эканом з прыпавесці вырашае прабачыць даўжнікам, ён гэта робіць за свой кошт, а не гаспадара.
У выніку гаспадар хваліць яго, бо той знайшоў выйсце са складанай сітуацыі. Тады відавочным становіцца, што для гаспадара больш важным быў не матэрыяльны даход, а лёс эканома: тое, як ён ставіўся да сваіх абавязкаў, да свайго жыцця.
Патрабуючы справаздачы ад эканома, гаспадар насамрэч даваў яму шанц адумацца, змяніць сваё стаўленне.
Выкарыстаць шанц для навяртання
Калі дастасуем гэтае вучэнне Хрыста да нашых адносінаў з Богам, можам сказаць, што Нябеснаму Айцу залежыць у першую чаргу не на тым, каб мы прыносілі нейкі матэрыяльны «заробак», але каб у нашай дзейнасці — ці то прафесійнай, ці то ў іншых сферах жыцця — у нас было правільнае стаўленне да рэчаў, а яшчэ больш важна — стаўленне да тых, з кім маем дачыненне.
Гора-эканом, апамятаўшыся, бачыць выхад у тым, каб зрабіць паслугу даўжнікам гаспадара і так здабыць іхнюю прыхільнасць. Хоць яго матывацыя далёкая ад чыстага альтруізму, аднак ён умее цвяроза ацаніць тыя абставіны, у якіх знаходзіцца, і выйсці насустрач людзям.
Калі шчыра паглядзім на нашыя адносіны, рэдка знойдзем стопрацэнтную чысціню ў намерах і спосабе дзеяння. Канечне, няправільна будзе такім чынам апраўдваць любыя кампрамісы з сумленнем: наадварот, трэба імкнуцца да таго, каб ачышчаць нашыя намеры ад эгаізму, прагнасці і несумленнасці. Аднак часам непрымірымасць — і ў адносінах да іншых, і да саміх сябе — зусім не дапамагае, а закрывае нас ад любой магчымасці пазітыўных пераменаў.
Відавочна, гаспадар не чакае бездакорнай маральнай дасканаласці ад эканома на дадзеным этапе, але ўмее ацаніць той першы крок, які ён зрабіў на шляху навяртання.
Прыпавесць, якую чуем, — гісторыя з адкрытым фіналам, як і наш сённяшні дзень. Бог сустракае нас не ў свеце ідэалаў, а там, дзе мы ёсць сёння.
Звернем увагу на яшчэ адну якасць эканома: ён у пакоры рэалістычна прызнае свае абмежаванні. «Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся», — кажа ён сам сабе. Пакора — супрацьлегласць пыхі; гэта цнота, якая дазваляе усвядоміць сваю несамадастатковасць і адкрыцца на дапамогу з боку іншых — і ў першую чаргу з боку Іншага. Аднак па-сапраўднаму пакорная асоба ўмее таксама ўбачыць тое, што ў стане сама ўчыніць, што залежыць ад яе і за што не трэба перакладваць адказнасці на іншых.
Сапраўднае багацце
Галоўны акцэнт, які робіць Хрыстус у гэтым евангельскім урыўку, — не ва ўказанні быць, падобна эканому, разумнымі і вынаходлівымі наогул, але каб гэтыя якасці ўмець прымяніць да сапраўдных багаццяў — да рэчаіснасці Божага Валадарства. «Сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення», — кажа Пан Езус, і гэта сцвярджэнне актуальнае і сёння, як і тое ўказанне, якое ў ім крыецца: вучыцца ад «сыноў гэтага веку» той мудрасці, якая дапаможа нам у імкненні здабыць вечную спадчыну.
Гаворка, канечне, не пра тое, каб паддавацца «духу гэтага свету», то бок прымаць некрытычна тыя каштоўнасці, якія супярэчаць Евангеллю. Аднак ёсць шмат дасягненняў нашай эпохі, якія мы можам мудра выкарыстоўваць дзеля пашырэння хвалы Божай, напрыклад, сучасныя сродкі камунікацыі.
«Нікчэмная мамона» — выраз, які нагадвае пра сапраўдную вартасць усіх матэрыяльных рэчаў, якія прамінаюць, і перасцярога ад таго, каб у іх шукаць шчасця. У параўнанні з тым нябесным багаццем, спадкаемцамі якога жадае ўчыніць нас Пан, зямныя даброты насамрэч «нікчэмныя».
Але адначасова яны могуць стаць сродкамі для здабыцця вечных каштоўнасцяў, калі карыстаемся імі з мудрасцю, дзеля служэння іншым.
Просім аб ласцы Духа Святога, каб дзень пры дні мы вучыліся быць вернымі ў малым і так адкрываліся на большыя дары, якімі Пан шчодра жадае нас адарыць. Амэн.
Віктар Жук SJ