Папа Францішак, які знаходзіцца з візітам у Казахстане, распачаў дзень з сустрэчы з дзевятнаццаццю езуітамі, якія працуюць у Расійскім рэгіёне (Расія, Беларусь, Кыргызстан, Таджыкістан). Гэтая прыватная размова Папы з сабратамі з Таварыства Езуса адбылася сёння, 15 верасня, у Апостальскай нунцыятуры ў сталіцы Казахстана – Нур-Султане. Яна датычылася душпастырства ў геапалітычнай сітуацыі, дзе католікі складаюць меншасць.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, ключавымі тэмамі сустрэчы сталі блізкасць і экуменізм. “Час, адзначаны братэрствам і глыбокай шчырасцю, як звычайна падчас міжнародных паездак”, – так пра ход размовы, якая доўжылася каля гадзіны з чвэрцю, паведаміў айцец Антоніё Спадара SJ, галоўны рэдактар езуіцкага часопіса La Civiltà Cattolica.
На сустрэчы прысутнічалі 19 з 25 сабратаў расійскага рэгіёна, які ўключае Беларусь, Расію, Кыргызстан і Таджыкістан. У Казахстане езуіты не працуюць.
А. Спадара назваў размову “вельмі братэрскай, свабоднай і шчырай”. Абмяркоўваліся актуальныя геапалітычныя праблемы з моцным акцэнтам на душпастырскім вымярэнні. “Папа з увагай паставіўся да невялікіх, але вельмі дынамічных Касцёлаў, як тыя, што знаходзяцца на тэрыторыі расійскага рэгіёна, заклікаючы езуітаў звяртаць увагу ў першую чаргу на “блізкасць” з выразнай спасылкай на іх місію”, – пракаментаваў удзельнік сустрэчы.
Яшчэ адной ключавой тэмай стаў “экуменізм”, фундаментальны выклік у рэгіёне Азіі, дзе католікі застаюцца меншасцю. Італьянскі езуіт адзначыў, што і ў гэты раз стыль камунікацыі Пантыфіка з сабратамі адрозніваўся свабодай і сумленнасцю, з якой кожны з іх гаварыў пра сябе і пра тое, як ён успрымае палітычную сітуацыю і Касцёл.
На сустрэчы прысутнічалі езуіты, якія працуюць у Беларусі, у Віцебску, – а. Клеменс Верт SJ і а. Віктар Жук SJ.
Крыніца: Vatican News, Jezuici.pl