Ігнацыянскі год скончыўся – і што далей? Айцец Артура Соса SJ выказаўся пра місію езуітаў сярод напружанасці і канфліктаў.
З 2016 г. Таварыствам Езуса кіруе айцец Артура Соса, палітолаг з Лацінскай Амерыкі. На старонках італьянскага штомесячніка “Aggiornamenti Sociali” з’явілася размова з ім галоўнага рэдактара часопіса а. Джузэпэ Рыджо SJ. Генеральны настаяцель не прапаноўвае лёгкіх рашэнняў, але заахвочвае, каб нашая грамадская дзейнасць была глыбока ўкаранёна ў духоўнасці. Дзякуючы гэтаму, па словах а. Сосы, мы не будзем блукаць і палохацца складаных зменаў, якія перажываем у сучасным свеце.
Айцец генерал падкрэсліў у інтэрв’ю, што высока цэніць шчодрую і творчую апостальскую працу сваіх сабратоў і свецкіх супрацоўнікаў Таварыства Езуса. Тое, што яго непакоіць і выклікае асаблівы клопат у кіраванні законам, гэта патрэба заставацца ў жывых адносінах з Хрыстом і паглыбляць іх.
“У Таварыстве Езуса заўсёды існавала і будзе існаваць напружанне паміж актывізмам, імкненнем быць эфектыўным і дасягнуць вымерных мэтаў і жыццём у глыбокіх адносінах з Панам. Сувязь паміж жыццём і місіяй з’яўляецца фундаментальнай: калі жыццё не ўкаранёна ў Хрысце, тады не варта займацца місіяй. Калі няма асабістага і пастаяннага досведу развіцця ў сустрэчы з Панам, няма свабоды”, – сказаў генерал.
Адказваючы на пытанне пра Ігнацыянскі год, а. Соса нагадаў, што ён быў абвешчаны не для папулярызацыі Таварыства, ягонай дзейнасці або постаці Ігнацыя Лаёлы, але для таго, каб “убачыць усё па-новаму ў Хрысце”, як кажа дэвіз юбілейнага года. “Намер быў асвяжыць бачанне рэчаіснасці, каб інтэнсіўна ажывіць наш досвед сустрэчы з Панам так, як шмат разоў у сваім жыцці рабіў Ігнацый, а пасля – яго таварышы”. Айцец генерал лічыць, што езуіты і іх супрацоўнікі сур’ёзна ўспрынялі гэты заклік і, здаецца, за гэты час вытрымалі экзамен на паглыбленне адносінаў з Хрыстом, у значнай ступені дзякуючы Духоўным практыкаванням. Ён заахвочвае іх не спыняць гэты духоўны працэс умацавання адносінаў з Панам, нягледзячы на заканчэнне Ігнацыянскага года.
“Справа ў тым, каб насенне, якое было кінута ў зямлю, пачало прарастаць, становячыся спелым дрэвам. Гэты працэс патрабуе ўвагі і клопату да моманту, калі зямля забяспечыць неабходным харчаваннем, карані ўмацуюцца, а шкоднікі і прыродныя з’явы не знішчаць яго, пакуль яно прынясе плод”, – адзначыў у інтэрв’ю генерал і падкрэсліў, што крокі, зробленыя ў юбілейны год, трэба працягваць.
На пытанне, як выконваць давераную нам місію, сфармуляваную нядаўна ў чатырох апостальскіх прэферэнцыях, у час, калі мы пастаянна сутыкаемся з імклівымі зменамі, ён адказаў: “Сапраўды, мы назіраем раптоўныя змены ў многіх сферах, але, на мой погляд, найбольш хуткай зменай з’яўляецца страта ўсведамлення прыналежнасці да грамадзянскай супольнасці і, як вынік, рост персаналістычных і адвольных установак”. У якасці абавязковых атрыбутаў чалавека, які хоча адпавядаць новым выклікам, апрача жывых адносін з Хрыстом, якія з’яўляюцца асновай, ён назваў інтэлектуальную глыбіню. Яна захоўвае нас ад спакусы таннага спажывецтва, бяздумнага сілкавання тэкстамі, ідэямі і гатовымі рашэннямі, якія вельмі хутка трапляюць у сметніцу.
Вартая думка патрабуе часу, каб выспець. Яна павінна ўступаць у дыялог і канфрантацыю, правярацца на чужым вопыце, дазваляць сябе крытыкаваць і сама быць крытычнай.
Айцец Соса прызнае, што такога мыслення часта не хапае і сярод езуітаў.
Ён крытыкуе настальгію па мінулым, нагадваючы, што яно не было такім слаўным, як яго малююць. “Няпраўда, што Касцёл быў лепшым 50 гадоў таму, бо навошта тады збіраўся б Другі Ватыканскі Сабор? Або дзеля чаго распачалі такую рэформу ў Касцёле, калі ўсё працавала добра?” Айцец Соса бачыць неабходнасць крытычнага погляду на ўласную гісторыю.
Духоўныя практыкаванні не задумваліся як прапанова для мас. Яны заўсёды былі прапановай для меншасці. “Нас павінны турбаваць не лічбы, а якасць таго, што мы робім і як мы суправаджаем іншых. Няма іншага шляху да развіцця, акрамя асабістага суправаджэння: гэта адна з найпрыгажэйшых традыцый Таварыства з самага яго пачатку”. Айцец Соса тлумачыць, што ў езуітаў няма нейкай дарожнай карты, якая б вызначала пункты, куды яны накіроўваюцца. Калі б мы яе стварылі, гэта азначала б, што мы хочам узяць сітуацыю пад кантроль, што мы загадзя ведаем, якім шляхам хочам ісці. Тады б мы ашуквалі самі сябе: “Нашая задача – дазволіць сябе весці, інакш навошта нам распазнаваць? Калі мы ведаем карту, навошта нам распазнаванне? Мы маем патрэбу ў сродках перамяшчэння, прыстасаваных да мясцовасці, ва ўменні разлічваць час, але трэба разумець, што гэта не азначае кантраляваць сітуацыю.
Наадварот, мы павінны адмовіцца ад трымання ўсяго пад кантролем і вучыцца таму, як дазваляць сябе весці.
Нялёгка для езуіта, які ўклаў у сваю фармацыю 25 гадоў і атрымаў чатыры доктарскія ступені, але такое нашае пакліканне. Мы не рыхтуемся інтэлектуальна і ўвогуле па-чалавечы да таго, каб кантраляваць, а да таго, каб даць сябе лепей весці і добра выконваць тое, да чаго нас кіруюць. Вядома, тут патрабуецца вялікі высілак у распазнаванні, як на асабістым, так і на супольнасным узроўні, але такія намаганні неабходныя, таму што не ў нашых руках знаходзіцца кантроль”.
На пытанне аб напружанасці і канфліктах у Касцёле ён кажа, што “пазбяганне канфліктаў – гэта замыканне Евангелля”, бо яно якраз не хавае канфліктаў. Словы і стаўленне Езуса былі крыніцай радасці, але і правакавалі канфлікты. Шмат каго Ён расчараваў. Яго смерць на крыжы была спакусай, “скандалам”.
“Такім чынам, немагчыма думаць пра мірны Касцёл, паддаўшыся ілюзіі, што ў ім можна схавацца ад напружанасці і канфліктаў. Да прыкладу, працэс распазнавання азначае сутыкненне з канфліктам: гэта не метад прыняцця рашэнняў, але імкненне за добрым Духам і адкідванне злога, зважаючы на канфлікт паміж дабром і злом у гісторыі, адносна якога мы павінны заняць пазіцыю.”
Інтэрв’юер, а. Рыджо, згадаў метад “духоўнай размовы”, шырока распаўсюджаны апошнім часам сярод езуітаў, які цяпер таксама выкарыстоўваецца ў сінадальным шляху, і спытаў айца генерала, наколькі ён можа быць карысным у вырашэнні канфліктных сітуацый.
“На мой погляд, духоўная размова можа быць каштоўнай дапамогай і вучыць як мінімум тром важным рэчам. Па-першае, слухаць, што ўжо няпроста. Мы да гэтага не прывыклі, але немагчыма весці духоўную размову без практыкі велікадушнага слухання. Другое – гаварыць ад сэрца: калі кожны выказваецца, пачынаючы з досведу Духа, то дзеліцца чымсьці важным для сябе. Нялёгка выказаць словамі тое, што адчуваецца ў сэрцы, і тут нам дапамагае ігнацыянская духоўнасць, якая вялікую ўвагу надае афектыўнасці, адчуванню Пана і з Панам. Нарэшце, духоўная размова спрыяе змене поглядаў, што ёсць плодам свабоды, атрыманай у духоўным досведзе слухання, бо, слухаючы іншых, іх гісторыі, мы слухаем Духа. Перамена ўласных меркаванняў – справа складаная, але вельмі важная. Гэта аснова любой палітыкі. Калі палітыка заключаецца ў прыняцці рашэння зрабіць рэчаіснасць агульным дабром без прымянення сілы, яна патрабуе здольнасці весці перамовы. На перамовах немагчыма дасягнуць згоды, калі ўсе ўдзельнікі перамоваў, індывідуальныя ці групавыя, не будуць змяняць свае пазіцыі. У гэтым выпадку духоўная размова з’яўляецца своеасаблівай школай”, – патлумачыў айцец генерал.
Кажучы пра вайну ва Украіне, ён выказаў здзіўленне, што для многіх яна стала нечаканасцю. Пэўныя прыкметы ўжо паказвалі на такі сцэнар раней: напрыклад, аслабленне дэмакратыі і ўзмацненне ва ўладзе моцных асоб. Каб прадбачыць гэтую вайну, дастаткова было крытычна мысліць. Адказваючы на пытанне аб падыходзе Папы Францішка да сусветных канфліктаў, ён падкрэсліў здольнасць Папы захоўваць плюралізм сярод сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў і разумець складанасць розных сітуацый. Ён бачыць у Папе Францішку лідэра, які ўсведамляе складанасць працэсу пераменаў, якія адбываюцца.
“Адным з ключавых пунктаў навучання Францішка з’яўляецца яго засяроджанасць на дынаміцы працэсаў, якія адбываюцца ў розных рытмах, не аднолькавых для ўсіх. У такой складанай рэчаіснасці, як Касцёл, многія працэсы адбываюцца паралельна, у розным тэмпе і не толькі ў адным кірунку. Мне здаецца, што пантыфікат Францішка адкрыў у гэтым сэнсе шмат вокнаў у рэчаіснасць вакол нас”.
Мы жывем не столькі ў эпоху пераменаў, колькі ў час перамены эпохі, і таму “трэба дазволіць, каб нас вёў Дух.
Гэта вялікі выклік, і таму было б добра ўкараніцца ў духоўным досведзе. Калі кажуць пра Касцёл у Еўропе, заўсёды маюць на ўвазе лаіцызацыю Еўропы”. Генеральны настаяцель езуітаў бачыць у гэтым перш за ўсё магчымасць і перакананы, што нам трэба старацца зразумець новую рэчаіснасць і бачыць у першую чаргу яе перавагі. “Трэба пачынаць са слухання, каб сказаць нешта большае і суправаджаць працэсы”, якія адбываюцца падчас змены эпох.
Войцех Жмудзіньскі SJ
Прыведзены вышэй тэкст з’яўляецца апрацаваннем інтэрв’ю, якое з’явілася ў езуіцкім штомесячніку “Aggiornamenti Sociali” (8-9/2022, с. 445-454).
Крыніца перакладу: jezuici.pl
Фота: jesuits.global