Гамілія на ХIV Звычайную нядзелю, Год С
Чытанне святога Евангелля паводле Лукі
Пан прызначыў семдзесят двух іншых вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё.
Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: Спакой гэтаму дому! І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: Наблізілася да вас Валадарства Божае.
Лк 10, 1–9
Адчуваць сябе пасланымі
Пра місію «іншых» сямідзесяці двух вучняў распавядае толькі евангеліст Лука. «Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала», — сцвярджае Пан Езус, і мы, напэўна, можам сказаць тое сама пра эпоху, у якую жывём. Патрэба ў вучнях, якія будуць дзяліцца з усімі Радаснай Навіной аб набліжэнні Валадарства Божага, і сёння сапраўды вялікая.
Пашырэнне кола тых, хто рыхтуе Пану дарогу «ў кожным горадзе і месцы, куды сам хацеў ісці», вымоўна кажа нам, што не толькі апосталы атрымалі заданне дапамагаць Езусу ў Ягонай збаўчай місіі. Лічба гэтых «дадатковых» пасланцоў невыпадковая: яна раўняецца палове выніку памнажэння дванаццаці на дванаццаць — «паўнаты ў квадраце». Першую палову Езус пасылае падчас свайго зямнога вандравання, другая ж частка будзе паклікана на працягу ўсёй гісторыі хрысціянскай веры.
Для нас у гэтым аповедзе гучыць запрашэнне адчуць сябе часткай гэтай вялікай місіі, якая доўжыцца да сёння.
Папа Францішак, следам за сваімі папярэднікамі, падкрэслівае, што Касцёл існуе менавіта дзеля таго, каб няспынна сведчыць перад светам пра Божую праўду і прызначэнне чалавека ў Езусе Хрысце, а не дзеля захавання нейкіх структур і задавальнення існуючым станам рэчаў.
«Касцёл» тут азначае не толькі некаторых выбраных прадстаўнікоў іерархіі (біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў), але кожнага верніка, які атрымаў дар сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом у сваім жыцці, а разам з ім — прывілей і адказнасць сведчыць пра сваю веру. Не ўсе прызначаны быць святарамі, прапаведнікамі ці катэхеткамі, але ніводзін сапраўдны вернік не можа адчуваць сябе выключаным з паўсюднай місіі пашырэння Божага Валадарства.
Кожны па-свойму пасланы ў гэты свет, каб быць сведкам Евангелля, і кожны павінен распазнаваць у Духу, што дакладна гэта азначае ў канкрэтных абставінах яго ці яе жыцця.
Напэўна, такое заданне ўключае ў сябе неабходнасць няспынна паглыбляць сваю веру, каб быць гатовымі «даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею» (пар. 1 П 3, 15). Дзякуй Богу, сёння існуе мноства сродкаў, каб індывідуальна і ў разнастайных супольнасцях умацоўвацца ў сваёй тоеснасці хрысціянаў і развіваць харызмы — дары Духа, патрэбныя нам, каб быць соллю зямлі і святлом свету (пар. Мц 5, 13–14).
Не быць закладнікамі негатыўнага досведу
«Вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў», — кажа Пан вучням. Такое ўдакладненне не гучыць як трапны «піар»-ход: Езус не дае сваім пасланцам гарантыю ашаламляльнага поспеху, а рэалістычна папярэджвае аб магчымым супраціве з боку людзей. Аднак у гэтых словах схавана таксама запрашэнне не паддавацца боязі і запэўненне ў тым, што менавіта такі стыль пераможны.
Сведка Езуса не навязвае сябе агрэсіўна, а дазваляе Богу дзейнічаць, калі дзеліцца тым дарам, які яму быў шчодра дадзены.
Калі мы ўсведамляем, што не варта клапаціцца аб канчатковым выніку, а трэба проста шчыра рабіць тое, што ў нашых сілах, то вызваляемся ад лішняй засяроджанасці на ўласнай эфектыўнасці. Можам жадаць іншым дару спакою, не клапоцячыся, ці яны таго вартыя: калі так, то спакой спачне на іх, калі не — вернецца да вас, кажа Езус.
Указанні на выпадак непрыняцця з боку іншых таксама дапамагаюць не быць закладнікамі негатыўнага досведу: «абтрэсці пыл з ног вашых» — гэта сімвалічны знак для іншага чалавека, ён пазбаўлены агрэсіі і, напэўна, не закрывае ўсіх дзвярэй на будучыню. Але адначасова гэта вельмі важны знак для самога вучня: «пакінуць у мінулым» гэты досвед, не дазволіць, каб такая «няўдача» пазбавіла энтузіязму і веры ў ягоную справу. Надта часта здараецца, што негатыўнае меркаванне іншых людзей пра нас і рэчы, якія мы лічым важнымі, уплывае на наш настрой і забірае жаданне дзейнічаць. Менавіта ад такіх наступстваў хоча абараніць сваіх пасланцоў Хрыстус.
Радасная Навіна — крыніца радасці
Досвед вучняў, якія вяртаюцца пасля «практыкі» абвяшчэння Божага Валадаства, паказвае, што паслухмянасць Настаўніку становіцца для іх крыніцай незвычайнай радасці. Таксама чытанне з кнігі прарока Ісаі сёння напоўнена адчуваннем радасці, запрашэннем весяліцца і насыціцца суцяшэннем, бо абвяшчаецца Божае збаўленне, бо Пан магутна ўмешваецца ў ход падзей, каб дзейнічаць на карысць сваіх верных.
Слова Божае ўказвае нам такім чынам шлях да сапраўднай, глыбокай радасці, якую мы не зможам знайсці, шукаючы зямных задавальненняў. Каб пакаштаваць гэтай радасці, у першую чаргу нам трэба прасякнуцца ўсведамленнем таго, як наш Пан дзейнічае і жадае яшчэ больш шчодра дзейнічаць дзеля збаўлення ўсіх людзей, і, па-другое, нам неабходна пачуць і прыняць запрашэнне дзяліцца тым, што самі перажылі: несці іншым Радасную Навіну Божай міласэрнасці і любові, якая ўводзіць нас у вечнае жыццё.
Варта ў гэтым святле заняць актыўную пазіцыю адносна нашага ўдзелу ў збаўчай місіі Сына Божага, даручанай Ім Касцёлу, а не быць проста «спажыўцамі» рэлігійных паслугаў.
Нават калі мы не атрымалі здольнасці выконваць экзарцызмы ці цудоўным чынам вылечваць хваробы, кожны з нас мае ў сваім распараджэнні сродкі, якія могуць чыніць цуды — палягчаць фізічны і псіхічны стан нямоглых, смела супрацьстаяць нахабству зла — калі толькі захочам імі карыстацца і быць дастаткова цярплівымі. Калі праз нас, праз нашыя рукі і вусны да нашага бліжняга цячэ струмень увагі, дабрыні, апекі — інакш кажучы, калі мы становімся пасрэднікамі Божай любові, дзелячыся тым матэрыяльным ці фізічным дарам, што самі атрымалі са шчодрых рук Айца, — гаючая боская ўлада дзейнічае ў нас.
Пачнем з гэтых сродкаў, каб Божая радасць і суцяшэнне ўвайшлі ў нашае жыццё, і, магчыма, Пан даверыць нам і большае. Амэн.
Віктар Жук SJ
Фота Віталія Палінеўскага