9 чэрвеня ў Віцебску прайшла 18-я Міжнародная медыцынская канферэнцыя «Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце», падрыхтоўка і правядзенне якой адбываецца пры ўдзеле Каталіцкага Касцёла.

Актуальныя праблемы медыцыны апошніх гадоў, такія як інфекцыйныя захворванні, перадусім COVID-19 і ВІЧ, гепатыты, туберкулёз, а таксама антыбіётыкарэзістэнтнасць, узнялі новыя пытанні не толькі ў сферы лячэбнай практыкі, але і этыкі, маралі, філасофіі.

Сёлетняя канферэнцыя сабрала ў Віцебску медыкаў, прадстаўнікоў духавенства, навукоўцаў для абмеркавання згаданых пытанняў.

Медыцынскія канферэнцыі ў Віцебску праходзяць штогод. Апошнія шэсць гадоў арганізацыю канферэнцыі ажыццяўляюць святары з Таварыства Езуса (езуіты), куратарам праекта з’яўляецца айцец Клеменс Верт SJ. Яго намаганнямі была перакладзена на дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь «Новая хартыя работнікаў аховы здароўя» Папскай Рады па справах душпастырства работнікаў сферы аховы здароўя, і з гэтым дакументам падчас канферэнцый былі азнаёмлены медыкі нашай краіны.

Раней у канферэнцыях бралі ўдзел медыкі, святары, навукоўцы з Беларусі, Італіі, Нігерыі, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Швейцарыі, Шры-Ланкі, а таксама прадстаўнікі Святога Пасаду.

Сёлетнюю канферэнцыю прывітальнай прамовай адкрыў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне падкрэсліў, што для Каталіцкага Касцёла з’яўляецца прыярытэтам клопат пра жыццё і здароўе кожнага чалавека, каб усе людзі мелі роўны доступ да аказання медыцынскай дапамогі ў сістэме аховы здарорўя ва ўсіх краінах. Іерарх працытаваў вядомыя словы з дзясятай саціры лацінскага паэта Ювенала: «Належыць маліцца, каб у здаровым целе быў здаровы дух», падкрэсліўшы, што для чалавека найбольш важнымі дабротамі з’яўляюцца не матэрыяльны набытак, улада і слава, а менавіта здароўе душы і цела. Духоўнае здароўе грамадства, на думку ватыканскага дыпламата, непарыўна звязана са здароўем нацыі і даступнасцю аховы здароўя для ўсіх людзей.

 

«Як прадстаўнік Каталіцкага Касцёла буду разам з вамі рабіць унёсак дзеля дабра беларускага грамадства і народа», — запэўніў нунцый Ёзіч.

Удзельнікаў канферэнцыі прывітаў таксама Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Звяртаючыся да прысутных, іерарх адзначыў: «Бог дае людям жыццё, здароўе, але сучасны свет ігнаруе гэты дар у пагоні за матэрыяльнай выгодай, камфортам, тытуламі, уяўным дабрабытам.

Чалавечае цела ўяўляе сабой не толькі тканкі, якія функцыянуюць, набор хімічных элементаў, але перадусім мае ў сабе душу — Божы дар».

Дадаўшы, што форум у Віцебску ўздымае і абмяркоўвае пытанні маралі і этыкі побач з медыцынскімі аспектамі, біскуп Буткевіч благаславіў удзельнікаў і працу канферэнцыі.

Праца распачалася з выступлення мадэратара канферэнцыі, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Мікалая Каспіровіча. У сваёй прамове ён адзначыў пазітыўны ўнёсак супрацоўніцтва устаноў аховы здароўя з рэлігійнымі арганізацыямі ў пераадоленне пандэмія COVID-19 і яе наступстваў.

«Пазітыўны вопыт узаемадзеяння аховы здароўя з прадстаўнікамі розных рэлігійных канфесій з’яўляецца асновай для працягу супрацоўніцтва і актывізацыі сумесных намаганняў не толькі ў сферы аказання медыцынскай дапамогі і прафілактыкі розных захворванняў, але і ва ўмацаванні духоўных традыцый медыцыны і грамадскага жыцця ў цэлым», — адзначыў прадстаўнік аблвыканкама.

Кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра біяэтыкі Валерыя Сакольчык у сваім паведамленні на тэму «Павага да пацыента — этычная аснова паводзінаў медыцынскіх работнікаў» агучыла пытанне, якое задае сабе кожны чалавек, сутыкнуўшыся з хваробай: «Што трэба чалавеку, калі ўвесь яго звыклы лад жыцця разбураецца з-за хваробы і ён трапляе ў лячэбную ўстанову?» У дакладзе абмяркоўваліся паняцці аўтаноміі, чалавекацэнтрызму, пацыентаарыентаванасці, эмпатыі і прыватнасці дадзеных пацыента, якія важныя ў паўсядзённай працы медыкаў.

Прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзімір Цыркуноў выступіў з дакладам «Этыка: ВІЧ, гепатыты, сацыяльная справядлівасць»

Уплыву алкаголю на працягу каранавіруснай інфекцыі ў перыяд пандэміі COVID-19 было прысвечана выступленне доктара медыцынскіх навук, прафесара, загадчыка кафедры псіхіятрыі і наркалогіі УА «Віцебскі дзяржаўны Ордэн Дружбы народаў медыцынскі універсітэт» Андрэя Кірпічэнкі.

Старэйшы выкладчык кафедры паталагічнай анатоміі з курсам судовай медыцыны віцебскага медуніверсітэта Віталь Агрызка выступіў з паведамленнем на тэму «Да пытання аб пасмяротных марфалагічных зменах унутраных органаў у асоб, якія памерлі ад інфекцыі COVID-19».

Сацыяльна-этычныя наступствы працяглай самаізаляцыі, абумоўленай супрацьэпідэмічнымі мерапрыемствамі ад COVID-19, аналізаваў у сваім выступленні доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры персаналізаванай і доказнай медыцыны ФПК і ПК з Віцебска Іван Жыльцоў.

Протаіерэй Уладзімір Быстракоў, кандыдат хімічных навук, дацэнт кафедры хіміі і прыродазнаўчай адукацыі УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава» выступіў з дакладам «Уплыў пандэміі COVID-19 на выкарыстанне дыстанцыйнага навучання ў замежных універсітэтах».

Вынікі канферэнцыі падвёў біскуп Алег Буткевіч.

Па матэрыялах канферэнцыі выдавецтвам «Pro Christo» выдадзены зборнік тэзісаў дакладаў, даступны ў электронным фармаце ТУТ>>>

Людміла Ярмолава

Крыніца: Catholic.by

Фота: Аляксей Гапановіч