Айца Хасэ Марыя Рубіё (José Maria Rubio) часта называюць “апосталам Мадрыда”, што паказвае не толькі на месца, дзе ён доўгі час выконваў свае пастырскія абавязкі, але таксама падкрэслівае далёкасяжны эфект яго служэння. Рубіё нарадзіўся ў Даліасе (у Андалузіі), вывучаў філасофію, тэалогію і кананічнае права ў семінарыях Гранады і Мадрыда, дзе атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1887 годзе. Ён працаваў у розных гарадах Мадрыдскай дыяцэзіі, а таксама выкладаў у дыяцэзіяльнай семінарыі некалькі гадоў.
З семінарыйных часоў ён хацеў быць езуітам, але па незалежных ад яго прычынах вымушаны быў задаволіцца тым, што лічыў сябе “сябрам Таварыства”, як ён любіў гаварыць. Урэшце ён уступіў у навіцыят у Гранадзе ў 1906 годзе, пасля пілігрымкі ў Святую Зямлю, дзе перажыў глыбокі духоўны досвед. З 1911 года ён жыў і працаваў у Мадрыдскім доме прафесаў амаль да самай смерці ў 1929 годзе.
Усе, хто сведчыў пра яго жыццё і служэнне, аднагалосна прызналі, што людзі лічылі яго святым ужо пры жыцці. У дзень смерці многія ездзілі ў Аранхуэс, дзе ён адыйшоў да Пана, каб убачыць яго ў апошні раз. Адна з нацыянальных газет напісала: “За 18 гадоў свайго знаходжання ў Мадрыдзе ён заваяваў усеагульную любоў. Яму ўдалося стаць папулярным, пакорным і сціплым святаром, так што адна яго прысутнасць, прыцягальная і лагодная, мела прыкмету святасці”.
Выхаваны “Духоўнымі практыкаваннямі”, ён жыў як “пасланы” Тым, Хто паклікаў яго працаваць і жыць з Ім і на Яго ўзор. Нястомная дзейнасць, якую ён вёў са слабым здароўем, мела вытокі ў доўгіх інтымных гадзінах, праведзеных з Панам у капліцы. Апостальская праца, поўная любові, пачыналася ва ўнутраным духоўным жыцці і сілкавалася сузіраннем Езуса беднага і пакорнага. Адданасцю а. Рубіё Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса можна патлумачыць гадзіны, якія ён праводзіў у канфесіянале, прымаючы згубленых дзяцей, якія шукалі абдымкаў Айца, або ў цярплівым слуханні, якое ён ахвяраваў тым, якія звярталіся да яго за парадай.
Гэты езуіт нашага часу жыў поўнай інтэграцыяй апостальскага і кантэмпляцыйнага жыцця. Ён увасабляе сапраўдную ігнацыянскую мадэль пастыра ў вялікім горадзе. Яго простае, без якой-небудзь рыторыкі. прапаведванне было выразам таго, што ён меў на сэрцы. Падчас сакрамэнту паяднання а. Рубіё паказваў міласэрнасць і дабрыню Бога, аб’яўленую ў Езусе. Ён звычайна казаў сваім пенітэнтам: “Пакінь гэта міласэрнасці Божай”.
У бедных ён распазнаваў тых, каму Пан аддае перавагу, і ахвяроўваў ім сваю энергію і час, але перш за ўсё – любоў і клопат. Ён быў задаволены тым, што займаўся пільнымі справамі, але таксама цікавіўся будучыняй моладзі, для якой засноўваў школы і рыхтаваў для іх свецкіх настаўнікаў. Ён абвяшчаў Добрую навіну пра Езуса на вуліцах і плошчах, будаваў капліцы і рабіў Касцёл прысутным для людзей у бядзе. У сваёй асабістай інтэрпрэтацыі а. Рубіё прадбачыў інтэграцыю служэння веры і пашырэнне справядлівасці як адзіную непарыўную місію.
Усе, хто набліжаўся да яго, былі ў цэнтры яго ўвагі. Ён аднолькава вітаў багатых і бедных, наймальніка і рабочага, прадстаўнікоў розных слаёў грамадства. У іх ён бачыў сыноў і дачок Божых, якія патрабавалі прабачэння, хлеба, уважлівага вуха ці мудрай парады. Часта гэтае зычлівае прыняцце перарастала ў духоўнае кіраўніцтва, а з яго, як патрабаванне веры, вынікала запрашэнне служыць найбольш абяздоленым. З цягам часу вакол а. Рубіё арганізаваліся групы мужчын і жанчын, якія сталі супрацоўнікамі ў яго шматлікіх ініцыятывах па дапамозе патрабуючым.
Яшчэ адным з характэрных спосабаў а. Рубіё быць пастырам у адпаведнасці з ігнацыянскай духоўнасцю была яго “даступнасць”. Ён заўсёды быў гатовы прыняць або адмовіцца ад спраў і праектаў, над якімі працаваў, каб быць паслухмяным волі настаяцеляў. У такіх выпадках ён звычайна казаў: “Рабі тое, што жадае Бог, і жадай таго, што робіць Бог”.
А. Хасэ Марыя Рубіё памёр 2 мая 1929 г. Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў яго 6 кастрычніка 1985 года і кананізаваў 4 мая 2003 года.
Крыніца: https://www.jesuits.global/saint-blessed/saint-jose-maria-rubio/