Гамілія на V Нядзелю Вялікага посту, Год C
Чытанне святога Евангелля паводле Яна
Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў з’явіўся ў святыні. І ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх.
Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Паставілі яе пасярэдзіне і сказалі Яму: Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве. А Майсей наказаў нам у Законе каменаваць такіх. А Ты што скажаш?
Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго.
Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень. І зноў, схіліўшыся, пісаў па зямлі.
Яны ж, калі пачулі гэта, выйшлі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся адзін Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.
Езус выпрастаўся і сказаў ёй: Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе? Яна адказала: Ніхто, Пане. Езус сказаў ёй: I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы.
Ян 8, 1-11
У сённяшняй евангельскай гісторыі, як і ў шматлікіх іншых эпізодах, да Езуса скіроўваюць пытанне адносна інтэрпрэтацыі Закону Майсея. Як заўважае евангеліст, суразмоўцаў Езуса насамрэч не цікавіла праўда і справядлівасць, але яны хацелі «падлавіць» Настаўніка з Назарэта, паставіць Яго ў цяжкую сітуацыю.
Калі б Езус апраўдаў жанчыну, Яго б асудзілі за патуранне граху. Калі б Ён згадзіўся са строгасцю майсеевых прадпісанняў, супярэчыў бы свайму ўласнаму вучэнню пра міласэрнасць і прабачэнне, і ў дадатак сцвярджаў бы права ізраэльцянаў караць смерцю насуперак рымскаму закону, які надаваў гэтае права выключна імперскай ўладзе.
Такім чынам Закон і лёс чалавечай асобы становяцца прадметам маніпуляцыі дзеля знішчэння апанента. Паводзіны кніжнікаў і фарысеяў здраджваюць іх прадузятасць: чаму яны прыводзяць толькі жанчыну, а гатовыя пакінуць без пакарання мужчыну, з якім яна была?..
Чалавечы суд не можа ніколі быць да канца аб’ектыўным таксама таму, што не мае магчымасці ведаць усе абставіны і ўсю папярэднюю гісторыю, якая прыводзіць асобу да таго ці іншага ўчынку.
Езус не ўступае ў прамое сутыкненне з кніжнікамі і фарысеямі, ігнаруе іхнюю агрэсію і не баіцца яе. Ён на некаторы час нібыта адступае, ніяк не адказвае. У канфліктных сітуацыях нас вельмі лёгка можа захапіць жаданне адказаць агрэсіяй на агрэсію; наш Пан жа паказвае прыклад таго, як не быць ахопленымі эмоцыямі, якія прымушаюць граць паводле правілаў ворага (ворага не ў постаці чалавека, але таго, хто імкнецца ўнесці падзелы і нянавісць — д’ябла); як не стаць агентам насілля — калі не фізічнага, то вербальнага.
Адказ Езуса, які Ён урэшце дае сваім апанентам, скіраваны да іх саміх, да іхняга сумлення. Пастава асуджэння трымае чалавека адарваным ад праўды пра самога сябе, аднак менавіта на гэтую праўду звяртае ўвагу Езус. У сваім вучэнні Пан шматкроць кажа пра тое, што мы не павінны асуджаць, бо гэта проста не наша справа, мы не маем для гэтага адпаведных «кампетэнцый», а, абвінавачваючы іншых, найчасцей стараемся схаваць тое, што ёсць і ў нашым сэрцы.
Суд належыць Богу, і ад Яго мы вучымся аддзяляць грэх ад грэшніка, ненавідзець зло, але імкнуцца любіць таго, хто заблукаў, нават калі праз свае ўчынкі ён ці яна наносяць нам шкоду.
Палец Бога
Езус у гэтым аповедзе ў чарговы раз здзіўляе чытача Евангелля. Настаўнік, «схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі», двойчы сцвярджае евангеліст. Такі спосаб паводзінаў бянтэжыць, і, канечне, наша цікаўнасць прымушае задаць пытанне: што ж такога пісаў Езус у гэтых абставінах?
Самыя розныя версіі адказаў на гэтае пытанне былі агучаныя на працягу гісторыі хрысціянства, адна з найбольш папулярных кажа, што Пан, які ведае сэрца кожнага чалавека, напісаў грахі тых мужчынаў, якія прывялі да Яго жанчыну. На жаль, ніколі (у гэтым жыцці, прынамсі) мы не даведаемся, што ж дакладна пісаў тады Езус, але гэты жэст у кантэксце Евангелля дакладна мае сімвалічнае значэнне.
Пальцам самога Бога быў напісаны Закон на каменных табліцах падчас прабывання Майсея ў воблаку на гары Сінай. Хоць у сённяшнім урыўку сцвярджаецца, што Езус «пісаў на зямлі», але варта памятаць, што падзея адбываецца ў святыні, дзе ўсё было выкладзена каменем.
У Евангеллі паводле Яна Езус неаднакротна кажа пра сябе «Я ЁСЦЬ», выкарыстоўваючы Імя Бога Ізраэля; тут жа Ён жэстам сцвярджае тое самае: Ён «Той, Які Ёсць» (пар. Зых 3, 14), крыніца ўсяго Божага аб’яўлення, у тым ліку Закону.
Езус прыйшоў не дзеля таго, каб адмяніць Закон ці Прарокаў, а каб выканаць (пар. Мц 5, 17): каб канчаткова аб’явіць, што Пан — Бог міласэрны, літасцівы і цярплівы, які захоўвае міласэрнасць на тысячу пакаленняў (пар. Зых 34, 6–7), які не жадае смерці грэшніка, але каб той навярнуўся і жыў (пар. Эзх 33, 11), які паслаў Сына свайго ў свет, не для таго, каб судзіць свет, а каб свет быў збаўлены праз Яго (пар. Ян 3, 17).
Езус сваёй крывёю «падпіша» Новы Запавет, праз які чалавек становіцца справядлівым не дзякуючы «справядлівасці, якая паходзіць з Закону, але з тою, якая паходзіць з веры ў Хрыста», як сёння кажа святы Павел у другім чытанні (Флп 3, 9). Езус сваім пальцам перакрэслівае гісторыю нашых грахоў, калі мы звяртаемся да Яго ўсім сэрцам як да адзінага нашага Збаўцы; Ён піша ў Кнізе Жыцця новую старонку для кожнага, хто ў Яго верыць і даручае сябе Яму цалкам.
Моц не грашыць
«І Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы», — кажа Езус жанчыне, калі яны застаюцца сам-насам.
Калі мы аказваемся перад Хрыстом самі, без натоўпу, які ўказвае на нашы недахопы, хоць на хвіліну вольныя ад уплыву свету, які ад нас патрабуе дастасавацца да яго вымаганняў, тады ўрэшце можам пачуць праўду пра сябе: мы — грэшнікі, але прабачаныя і любімыя Богам.
Ёсць яшчэ адзін голас, ад якога, бадай што, цяжэй за ўсё вызваліцца: голас унутры, які неміласэрна абвінавачвае мяне за правіны і недасканаласць, які бярэ на сябе суд нада мною самім — суд, які таксама не належыць мне, таму кажа святы Ян: «калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за нашае сэрца і ведае ўсё» (1 Ян 3, 20).
Аднак у звароце Езуса да жанчыны ёсць словы, якія могуць стаць крыніцай неспакою, калі будуць няправільна зразуметыя. «Ідзі, і адгэтуль больш не грашы», — кажа Пан, што можа ўспрымацца як «апошняе папярэджанне», апошні шанц змяніцца, пасля якога іншай магчымасці ўжо не будзе. Здаецца, менавіта з такім разуменнем падчас споведзі многія вызнаюць, што хоць абяцалі выправіцца, але ў чарговы раз нічога не выйшла… Тады які сэнс мае зноў рабіць пастановы і зноў старацца? Ці ж Бог не наказвае: «ідзі і больш не грашы»?
Наша праблема заключаецца ў тым, што гэтыя словы Пана мы ўспрымаем менавіта як наказ, які мы нібыта павінны выканаць уласнымі сіламі.
Насамрэч кажучы: «ідзі і больш не грашы», Езус дае нам свабоду ад граху, свабоду больш не грашыць — не дзякуючы ўласнай здольнасці, а дзякуючы таму, што мы застаемся ў сувязі з Ім, які разам з прабачэннем удзяляе дар свайго Духа.
Калі мы разлічваем толькі на свае сілы, напэўна, да наступнай споведзі не адбудзецца ніякіх пазітыўных пераменаў. Калі ж мы па-сапраўднаму дазволім Езусу ўвайсці ў нашую крохкасць, даверымся Ягонаму Духу, тады крок за крокам у нашым жыцці будзе штосьці перамяняцца, тады Ён сапраўды будзе пісаць нашу гісторыю ў Кнізе Жыцця.
Адкрыемся сёння на дар Божага прабачэння, які нясе з сабой моц не быць нявольнікамі граху. Амэн.
Віктар Жук SJ
Выява: Вальтэр Рэйн “Езус піша па зямлі”