У некаторых колах ужо доўгі час вядзецца дыскусія на тэму аднаго закліка малітвы “Ойча наш” – “не ўводзь нас у спакусу”. Аднак мы не молімся аб тым, каб Пан Бог не спакушаў нас да зла і не просім Яго цалкам вызваліць нас ад спакусаў.
Структура малітвы Панскай
Пачынаючы разгляд гэтага закліку, адзначым, што нам не ўдасца зразумець яго без уліку кантэксту ўсёй малітвы і яе структуры. Езус надаў малітве Панскай рытарычную форму, якой карысталіся рабіны: па сваёй структуры яна нагадвае менору, семісвечнік у выглядзе сцябла з сямю галінамі. Асновай з’яўляецца заклік “Ойча наш, каторы ёсць у небе”. Злева ад цэнтральнай галіны – тры заклікі, якія адлюстроўваюць нашыя прагненні адносна Бога, Яго святога імені, Яго валадарання і волі:
- “свяціся імя Тваё” (1) – АЙЦЕЦ,
- “прыйдзі валадарства Тваё” (2) – ВАЛАДАРСТВА АЙЦА,
- “будзь воля Твая (як у небе, так і на зямлі)” (3) – ВОЛЯ АЙЦА.
Справа знаходзяцца тры заклікі, якія акрэсліваюць іншыя адносіны, важныя ў жыцці вучня Езуса – адносіны да іншага чалавека, да спакусаў і да ворага чалавечага роду:
- “адпусці нам правіны нашыя (як і мы адпускаем вінаватым нашым)” (3а) – НАШЫЯ ПРАВІНЫ,
- “не ўводзь нас у спакусу” (2а) – ВАЛАДАРСТВА СВЕТУ,
- “збаў нас ад Злога” (1а) – ЗЛЫ.
Паміж трыма галінамі з левага і трыма з правага боку маем цэнтральную галіну, найважнейшую:
- “ХЛЕБА нашага штодзённага дай нам сёння” (гл. Ян 6,51).
Як бачым, кожная галіна мае свой адпаведнік на іншым баку. Іх супастаўленне можа палегчыць нам разуменне паслання ўсёй малітвы.
У гэтым артыкуле мы глыбей раскрыем значэнне толькі аднаго закліку і будзем працаваць з просьбай “не ўводзь нас у спакусу” (2а), якая адпавядае іншаму закліку з другога боку меноры: “прыйдзі валадарства Тваё” (2). Два валадарствы супрацьпастаўлены паміж сабой. Валадарства Бога ёсць месцам Божай ласкі, а валадарства свету – месцам спакусаў. Каб стаць грамадзянінам Валадарства Божай ласкі, трэба гэтую ласку прыняць, а грамадзянамі валадарства спакусаў мы становімся шляхам прыняцця логікі гэтага свету (лёгка, прыемна і ніколі задарма). Каб належаць да валадарства свету, дастаткова заявы аб прывязанасці да граху. А Божае Валадарства шырока расчыненае для ўсіх, хто словам і чынам сведчыць аб прывязанасці да Езуса. Мы прагнем, каб валадарства Бога прыйшло ў паўнаце, і просім Яго, каб тое другое валадарства не ўплывала на нас, аднак не марым, каб Бог забіраў нас са свету, поўнага спакусаў, але просім не пакідаць нас адных сярод пастак, расстаўленых Злым на нашую пагібель. Спакусы павінны нас умацоўваць, а не аслабляць.
Не дазволь, каб зло прыцягвала нас
Я не з’яўляюся прыхільнікам змены цяперашняй фармулёўкі закліку “не ўводзь нас у спакусу”, які маем у традыцыйнай малітве Панскай, бо ніякая фармулёўка не перадае поўнага зместу, глыбіні і значэння. <…>
Замест таго, каб змяняць словы, пастараемся лепей зразумець, што гэты заклік азначае для кожнага з нас і нашых адносінаў з Богам. Спачатку разгледзім розныя тлумачэнні і кантэксты, у якіх гэтая малітва з’яўлялася ў Евангеллях. У Мацвея (6, 9-13) – гэта частка Казання на гары, а Лука (11, 1-4) падкрэслівае, што Езус даў яе вучням у адказ на іх выразную просьбу.
Сярод розных версій малітвы Панскай у габрэйскай і арамейскай мовах знаходзім досыць дзіўную фармулёўку гэтага закліку, што пралівае святло на больш глыбокі сэнс просьбы. Адзін з арамейскіх тэкстаў кажа: “Не вядзі нас на суд, але збаў нас ад Абвінаваўцы”. Бо калі б нам давялося стаць перад справядлівым судом, ніхто з нас не ўстаяў бы. Таму мы просім Бога, каб адмовіўся ад справядлівага суда, і дзеля крыві свайго Сына, пралітай за нас на крыжы не судзіў нас, грэшнікаў. Спакусы будуць заўсёды, мы не раз яшчэ ўпадзём. Што тады? Хтосьці павінен заступіцца за нас, і мы маем Заступніка ў небе, які ніколі не паддаваўся спакусам, але гора нам, калі слабасці зробяць нас нявольнікамі граху, бо адна справа – паражэнне ў барацьбе са спакусай, а зусім іншая – замілаванне грахом. Таму, б’ючы сябе ў грудзі, просім: “Не давай нам выпрабаванні, якіх мы не ў стане адолець”, “Не дазволь нам палюбіць грэх”, а таксама дзякуем Збаўцы, што нёс нашыя слабасці і ўзяў на сябе нашыя грахі. Сатана нічога не можа зрабіць з гэтым, а калі абвінавачвае мяне і спрабуе пераканаць, што для мне няма ратунку, адпраўляю яго да Езуса.
Словы “Не ўводзь нас у спакусу” – гэта просьба аб тым, каб Бог не пакідаў нас адных у спакусе. Мы просім не толькі падтрымаць нас у момант барацьбы, але і не даць нам прывязацца і прызвычаіцца да граху, пачаць лічыць яго нечым нармальным. Не дазволь, Пане, каб мы падманваліся знешнім выглядам, каб паверылі ў моц зла. “Не ўводзь нас у спакусу” – гэта просьба аб Божай ласцы захаваць нас ад сітуацый, у якіх дазваляем спакусам “вадзіць сябе за нос”.
Адары нас, Пане ласкай, каб слабасці не кіравалі намі. Чалавек часам прайграе пажадлівасці, але гэта не прычына стаць залежным ад яе, падпарадкавацца ёй або згубіць надзею на Божае прабачэнне. Бог не перастае любіць чалавека, які паддаецца спакусе.
Не давярай нам залішне, Пане
Словы “не ўводзь нас у спакусу” можна таксама зразумець як “не давярай нам залішне, Пане”, іншымі словамі, не пераацэньвай нашай дабрыні і высакароднасці, улічвай нашую слабасць, не дапускай сітуацый, з якімі мы не справімся.
Пан Бог відавочна разлічвае на нас, але не дарэшты давярае. Рызыкоўнае сцвярджэнне, так? Але прызнайце: хіба можна давяраць таму, хто сам сабе не давярае і не можа гарантаваць Богу сваёй вернасці, асабліва ў хвіліну спакусаў, у цяжкія моманты свайго жыцця, у экстрэмальных сітуацыях? “Калі нават усе зняверацца ў Табе, я ніколі не зняверуся” (Мц 26,33) – так казаў Езусу св. Пётр і запэўніваў: “Хоць бы давялося памерці з Табою, не адракуся ад Цябе” (Мц 26,35). І мы ведаем, што сталася потым.
Нам добра вядомая гісторыя здрады Пятра, аб ёй разважаем падчас медытацыі, аналізуем і з сорамам знаходзім у сабе такія ж спакусы. Што зрабіў Пётр, калі ўсвядоміў, што падвёў свайго Настаўніка, якому абяцаў вернасць да смерці? Горка заплакаў. А потым? Спусціўся на зямлю і ўжо не давяраў сабе. Не меў нават адвагі станоўча адказаць на пытанне Езуса, ці любіць Яго больш, чым іншыя. Не асмельваўся пацвердзіць, калі Уваскрослы пытаўся ў яго, ці ён ўвогуле любіць Яго хаця б так, як іншыя. Грэх здрады спусціў яго на зямлю. Сказаў толькі: “Пане, Ты ўсё ведаеш”. Ведаеш, што я няздольны любіць Цябе такой любоўю, якой Ты мяне палюбіў. Я паказаў гэта ў дзень Твайго арышту аж занадта яскрава. Я здрадзіў, каб не ўскладняць сабе жыцця. Прымі маё крохкае і недасканалае сяброўства (fileo), якое цяжка назваць сапраўднай любоўю (agape). Толькі гэта я магу Табе даць. А Езус усё ж даручае яму місію: “Пасі ягнят Маіх”. Такі сэнс мае размова паміж Езусам і Пятром, апісаная ў 21-м раздзеле Евангелля паводле Яна, калі мы чытаем яго ў арыгінале (гл. Ян 21,15-17).
Не давярай нам залішне, Пане. Але ўчыні, каб мы цалкам давяралі Табе, каб напоўніцу спадзяваліся на Цябе, асабліва калі не хапае сіл супрацьстаяць спакусам.
Езус таксама змагаўся са спакусамі
Езус даў нам прыклад, як не паддавацца спакусам, і сам спазнаў, як складана гэта зрабіць, як цяжка адмовіцца ад спрошчанага і лёгкага бачання жыцця. Калі прыходзяць спакусы, Езус засяроджваецца на Божым слове. Гэта цудоўна апісаў евангеліст Мацвей у аповедзе пра знаходжанне Езуса ў пустыні адразу пасля хросту на рацэ Ярдан (пар. Лк 4, 1-13). Езус, адчуваючы голад, мог зрабіць з камянёў боханы хлеба. Хапіла б таго, каб учыніў цуд з клопатам пра сваё матэрыяльнае існаванне, каб выбраў лёгкае выйсце. У сапраўдным чалавечым жыцці няма простых рашэнняў, а хлеб не прызначаны наталяць толькі асабісты голад, але мае быць падзелены сярод іншых. Хлеб не падае з неба, на яго трэба зарабіць, а спакуса кажа чалавеку, каб усё атрымліваў без высілкаў, каб мог есці плод дрэва, якое яшчэ не пасадзіў. Такія ж спакусы меў і Божы Сын.
Другая спакуса Езуса заключалася ў тым, каб быць на 100% упэўненым, што Бог выбраў Яго і не дазволіць, каб з Ім здарылася што-небудзь дрэннае. Няхай праверыць Айца, ці прыйдзе Яму на дапамогу. Калі Сын Божы, то мог бы кінуцца ўніз з высокага крыла святыні і не разбіцца. Чаму не паспрабаваць? Тады б цалкам упэўніўся, што Ён і ёсць доўгачаканым Месіяй. Ці меў Езус гэтую пэўнасць? Як сапраўдны чалавек Ён не мог ведаць гэтага ў Бэтлеемскай стаенцы і ў дзіцячыя гады ў Назарэце. Застаецца пытаннем, ці пазней у Яго здараліся моманты сумневу?
Не раз наведвае чалавека спакуса займець стопрацэнтную ўпэўненасць, каб усё было пралічана, але яна не пакідае месца для веры.
Езус не паддаўся таксама і спакусе мець усё, атрымаць такую ўладу над светам, якую ўсе павінны былі б прызнаць. Ён абраў ролю слугі.
З падобнымі спакусамі змагаецца кожны з нас. Злы падказвае нам: “Думай пра сябе”, “Клапаціся аб сваім”, “Шукай лёгкага рашэння, навошта напружвацца, калі можна мець усё адразу”, “Не давярай Богу, будзь падазроным, правярай Яго, каб упэўніцца да канца”. У адрозненні ад Езуса мы паддаёмся такім спакусам. Яны заўсёды будуць мацнейшымі за нас. Адзінае выйсце – звярнуцца да Бога з маленнем: “Не дапусці да мяне спакусу”, “Не дай мне паддацца спакусе”.
Чарговаму спакушэнню Езус супрацьстаяў у Аліўным садзе, просячы Айца, каб аддаліў блізкае цярпенне. Аднак Ён ведаў, што выбар лягчэйшага шляху не прынясе свету збаўлення, і змагаўся з сабой да крывавага поту, ішоў супраць сваёй чалавечай натуры.
“Бо мы маем не такога першасвятара, які не мог бы спачуваць нашым слабасцям, але такога, які, паводле падабенства, зведаў усе выпрабаванні, акрамя граху.” (Гбр 4, 15).
Прагненне Божага Валадарства
Найлепшы спосаб перамагчы спакусы – не пазбягаць іх, а ўмацоўваць у сабе прагненне Божага валадарства. Гэтае прагненне ўзрастае, калі мы адрываем позірк ад бітвы са спакусамі і захоплена ўглядаемся ў Езуса Хрыста. Валадарства сатаны перастае нас цікавіць, бо мы імкнемся ў валадарства міласэрнага Бога і робім усё магчымае, каб спрыяць яго пашырэнню і каб яно увасаблялася ў нас і ў свеце праз нашыя штодзённыя ўчынкі і словы. Калі гэтае Божае панаванне становіцца асабістым досведам, тады адчуваем сябе ў бяспецы і не так лёгка паддаёмся спакусам, не дазваляем уводзіць сябе ў зман. Шчыра кажучы, яны ўсё менш прыцягваюць нашую ўвагу, а калі ўзнікаюць, то нашмат лягчэй іх пераадолець.
Молячыся словамі “не ўводзь нас у спакусу”, мы просім Бога, каб аддаліў ад нас Абвінаваўцу і абудзіў імкненне да дабра, да сапраўдных скарбаў (пар. Мц 13,44) і каштоўнай пярліны (пар. Мц 13,45). Мы просім, каб Бог ствараў нам магчымасці праявіць сябе і заваяваць вянок славы, а не пацярпець няўдачу ў барацьбе са спакусамі. Мы не хочам, каб над намі валадарыла спакуса, а прагнем выбіраць паміж тым, што добрае і лепшае, а не толькі паміж дабром і злом.
Ойча, аддалі ад нас Абвінаваўцу, прадстаўніка рэлігіі забаронаў і загадаў, зайздроснага перфекцыяніста, прыкаванага да закону, і прыйдзі з падтрымкай, пакажы перспектывы, каб мы не баяліся цяжкасцяў і, галоўнае, каб не баяліся, што не справімся, падвядзём Цябе. Умацуй нас у хвіліну спакусы, каб мы маглі сесці побач з Табой, калі будзеш судзіць тых, якія лічылі сябе дасканалымі.
Войцех Жмудзіньскі SJ – езуіт, бібліст, соцый настаяцеля Велькапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса. Працаваў у Італіі выхавацелем у цэнтры для гераінавых наркаманаў і кіраваў Кансультацыйным цэнтрам па прафілактыцы наркаманіі ў Гдыні. 21 год кіраваў Цэнтрам падвышэння кваліфікацыі настаўнікаў “Centrum Arrupe”, у 2002–2007 гадах быў дырэктарам гімназіі і езуіцкага ліцэя ў Гдыні. Аўтар шматлікіх кніг.
Крыніца перакладу: “Manreza. Pismo poświęcone duchowości Ignacjańskiej” №4/2021 (8). Пераклад Тэрэсы Клімовіч
Матэрыял упершыню апублікаваны ў часопісе “Ave Maria” №1-2/2022г.
Выява: Герман Клеменц “Маліва Хрыста ў Аліўным садзе”.