У пачатку Вялікага посту хрысціян традыцыйна заклікаюць да навяртання сэрца. Зараз мы перажываем Ігнацыянскі год, які нагадвае нам пра шлях навяртання, якім ішоў Ігнацый Лаёла, таму прадстаўляем вашай увазе артыкул Джэймса Хэнві SJ, надрукаваны ў штогадовіку “Jesuits 2021 – The Society of Jesus in the world”, аб вымярэннях навяртання.
Незалежна ад таго, нарадзіліся мы хрысціянамі або сталі імі, навяртанне з’яўляецца цэнтральным досведам кожнага, хто мае жывую веру. Без гэтага не было б хрысціянскай супольнасці. Якім бы чынам навяртанне ні адбылося – раптоўна або ціха і паступова, як падзея або працэс, – яно зменіць чалавечае жыццё. З’явіцца новы напрамак, энергія і мэта. У жыцці верай будзе адчувацца спакой і цэласнасць, якія не зменшацца з часам нават пад ціскам супраціўлення. “Звыклае” можа застацца ў многіх аспектах, але мы нейкім чынам пражываем яго па-іншаму. Адзінае, што аб’ядноўвае ўсе “навяртанні”, – сустрэча з жывой рэальнасцю Хрыста. У гэтым сэнсе навяртанне – заўсёды паварот да Яго.
Вымярэнні навяртання
Нягледзячы на тое, што яно можа прымаць розныя формы, кожны сапраўдны вопыт навяртання будзе адлюстроўваць некаторыя агульныя вымярэнні.
Па-першае, навяртанне перажываецца як ласка: як тое, што дадзена і не паходзіць непасрэдна ад нас саміх і нашых жаданняў, няхай і напоўненых добрымі інтэнцыямі. Вядома, нам усім давядзецца спазнаць у жыцці шмат перамен, некаторых з іх мы жадалі і ініцыявалі, а іншых не дамагаліся, але абставіны зрабілі іх неабходнымі. Падчас навяртання, аднак, мы перажываем штосьці інакшае. Нават апасродкавана, яно заўсёды будзе мець характар нечага такога, што прыходзіць да нас з іншага свету. Будзе адчуванне, што нас “паклікалі”. У той жа час, хоць гэта можа мець сваю сілу і логіку, сапраўднае навяртанне нельга навязаць, хутчэй, яно чакае нашага “fiat”, нашай згоды і дазволу.
Такім чынам, у хрысціянскай традыцыі навяртанне заўсёды будзе мець структуру адносін. Яно павінна ўключаць у сябе афект і волю, а таксама інтэлект. Гэта больш, чым момант “эўрыка” або інсайт, якім бы важным і арыгінальным ён ні быў. У гэтым плане, як кажа вядомая малітва, навяртанне здольнае не толькі палюбіць, але і трываць у любові і дазволіць гэтай любові стаць сэнсам існавання чалавека. Такі досвед зусім не аддаляе нас ад свету, але дае магчымасць жыць у ім па-іншаму – больш інтэнсіўна і ўдзячна.
Звернем увагу на тое, што для ўсіх, каго мы сустракаем у Святым Пісанні або ў пазнейшай гісторыі Касцёла, навяртанне не з’яўляецца заклікам да самотнага падарожжа, але далучэннем да супольнасці, якое само па сабе з’яўляецца плёнам навяртання.
Па-другое, навяртанне вядзе да перамены. Менавіта так рэальнасць навяртання ўцелаўляецца ў абставіны жыцця, становіцца стваральнай сілай, надаючы новае пачуццё мэты і напрамку. Адбываючыся з адным чалавекам, навяртанне дасягае таксама іншых жыццяў і аказвае на іх уплыў, з цягам часу становіцца больш стабільным, выбудоўваючы новыя мадэлі паводзінаў і адносін. Гэта становіцца “звычкай” або “спосабам дзеяння”. Тым не менш, навяртанне ніколі не з’яўляецца проста зменай паводзін, але павінна прывесці да унутранай трансфармацыі: да новага спосабу ўспрымання і разумення, даць новы розум і сэрца.
Акрамя трансфармацыі існуючай культуры, навяртанне часта можа ствараць новую, і дзякуючы гэтаму становіцца дзейснай ласкай для іншых, ствараючы адносіны, новыя культуры і асяродкі, праз якія людзі могуць адкрываць і прымаць збаўчыя і генератыўныя перамены ў сваім жыцці і супольнасцях.
Трэцяе вымярэнне навяртання пазнаецца на падставе тых двух, якія мы толькі што вызначылі. Фактычна, можна разглядаць яго ў якасці першага плоду ці асновы саміх пераменаў: маецца на ўвазе свабода.
Навяртанне грунтуецца на свабодзе, якая з’яўляецца перадумовай усялякай сапраўднай перамены. Сам факт таго, што Бог адмаўляецца прымушаць нас, ужо раскрывае нашую свабоду. Свабода можа існаваць і мець сэнс толькі ў адносінах, а не ў ізаляцыі. Ласка свабоды ў тым, што яна жыве ў іншых, з іншых і для іншых. На самым глыбокім узроўні навяртанне, да якога заклікае нас Хрыстус, з’яўляецца навяртаннем да Ягонай свабоды. Яно выражаецца ў неабмежаваным прапанаванні сябе як дару дзеля дабра іншага, коратка кажучы, у любові. Магчыма, гэта і ёсць самае глыбокае навяртанне. У такую рэальнасць мы заўсёды імкнемся ўвайсці, гэта тая ласка, якой мы заўсёды шукаем, але якую можна адкрыць толькі тады, калі рызыкуем ахвяраваць сабой.
Чацвёртае вымярэнне навяртання – місія. Усе выпадкі навяртання ў Святым Пісанні спалучаны з канкрэтнай місіяй. У місіі задзейнічаны ўсе вымярэнні навяртання, якія мы вышэй разгледзелі. Місія – тое, што даручана, а не тое, што нам належыць; місію дае Той, які мае ўладу паслаць нас. Кожнае хрысціянскае жыццё місійнае па сваёй форме, бо прымае ўдзел у місіі Хрыста. Насамрэч сам Хрыстус атрымлівае сваю місію ад Айца і жыве ёю ў Духу Святым і праз Яго.
Незалежна ад таго, якім чынам мы пакліканы рэалізаваць сваю хрысціянскую місійную ідэнтычнасць, мы заўсёды будзем заставацца на шляху навяртання, адкрываючы нанова ў кожнай акалічнасці жыцця яго сэнс і заданне для нас. Па гэтай жа прычыне навяртанне як падзея і як працэс абавязкова запатрабуе распазнавання – гэтага ўважлівага пошуку розумам і сэрцам веры, у існуючых стасунках і ўмовах, як найлепш служыць Богу, які ацаляе і дае жыццё ў Валадарстве кожнай жанчыне і мужчыне, усяму стварэнню.
Навяртанне ў Ігнацыянскім годзе
Чаму мы засяроджваемся на тэме навяртання ў Ігнацыянскім годзе? Таму што яно гучыць як пастаянны заклік распазнаць ласку, адкрыцца на перамены, практыкаваць свабоду, зрабіць нашу місію больш плённай.
Джэймс Хэнві SJ – сакратар дэпартамента Служэння веры, Генеральная курыя.
Крыніца: Grace, change, freedom, mission – Key words on the multiple paths of conversion.